Грамадскае аб'яднанне "Рух будучыні" распачало кампанію за адмену віз Еўрасаюза для грамадзян Беларусі

Грамадскае аб'яднанне "Рух будучыні" распачало кампанію за адмену віз краінамі Еўрасаюза для грамадзян Беларусі. Пра гэта лідэры руху заявілі на прэс-канферэнцыі ў Мінску ўвечары 17 лістапада.

Як лічыць старшыня "Руху будучыні" Вячаслаў Дзіянаў, цана шэнгенскай візы ў 60 еўра для многіх беларусаў проста "непад'ёмная". "Магчыма, тыя, хто едзе ў Іспанію і Партугалію, могуць заплаціць 60 еўра за візу. Але большасць беларусаў ездзяць да нашых суседзяў: у Вільнюс і Варшаву. І ездзяць досыць часта. А кожны раз плаціць па 60 еўра даволі стратна. Акрамя таго, такая візавая палітыка выклікае здзіўленне. Як Еўропа можа казаць пра дэмакратызацыю Беларусі, калі сама выкарыстоўвае недэмакратычную візавую палітыку?" — сказаў Дзіянаў. Паводле яго меркавання, Беларусь з'яўляецца геаграфічным цэнтрам Еўропы, а свабоды перамяшчэння ў грамадзян краіны не было і няма. "Таму мы лічым прыярытэтным пытанне адмены візавага рэжыму з краінамі ЕС, першым крокам да якой павінна стаць адмена платы за атрыманне візы", — сказаў Дзіянаў. Намеснік старшыні "Руху будучыні" Марат Абрамоўскі паведаміў, што кампанія за адмену візавага рэжыму будзе доўжыцца прыкладна месяц. "Першы тыдзень мы будзем раздаваць людзям матэрыялы, якія тлумачаць неабходнасць адмены візавага рэжыму ці платы за візы. Потым нашы актывісты пачнуць збор подпісаў пад зваротам з гэтай нагоды. У першую чаргу, подпісы мы будзем збіраць каля пасольстваў і консульстваў краін ЕС у тых людзей, якія выязджаюць у Еўропу. Магчыма, потым мы збяром канферэнцыю з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, лідэраў меркаванняў і папросім іх падпісаць нашу адозву", — сказаў Абрамоўскі. Паводле яго слоў, арыгіналы падпісных лістоў будуць перададзены ў органы ўлады Беларусі, якія адказваюць за вырашэнне гэтай праблемы. "Копіі подпісаў з адозвай мы перададзім у адно з пасольстваў краін ЕС у Беларусі", — адзначыў Абрамоўскі. Даведка БелаПАН. ГА "Рух будучыні" ўтварылася з карыстальнікаў сацыяльнай сеткі "УКантакце" і раней дзейнічала галоўным чынам у інтэрнеце. Паводле сцвярджэння арганізатараў руху, цяпер у іх групе ў "УКантакце" зарэгістравана 114 тысяч удзельнікаў. 22 верасня 2009 года "Рух будучыні" быў зарэгістраваны Мінюстам, пасля чаго пачаў працаваць у рэальнасці. Дзейнасць "Рухі будучыні" скіравана на вырашэнне сацыяльных праблем, прапаганду здаровага спосабу жыцця, развіццё грамадзянскай супольнасці, патрыятызму і культуры.

Сяргей Пульша, "БелаПАН"