У Беларусі абвешчаны конкурс на пастаўку вакцыны супраць грыпу

Пра гэта паведаміла 17 лістапада на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Наройчык.

Паводле яе слоў, у ліку краін, якія разглядаюцца ў якасці патэнцыйных пастаўшчыкоў вакцыны, — Расія, Францыя і Германія. Наройчык не ўдакладніла, колькі доз вакцыны мяркуе закупіць Беларусь. Аднак, паводле яе інфармацыі, вакцыны павінна хапіць на групы рызыкі і на асоб, якія "іграюць важную ролю ў жыццезабеспячэнні краіны".

Мяркуецца, што вакцына паступіць у Беларусь у канцы лістапада — снежні.

Наройчык таксама адзначыла, што вакцына супраць сезоннага грыпу на 70% забяспечвае засцярогу супраць грыпу А (H1N1). Аднак вакцына супраць сезоннага грыпу, якая была закуплена за бюджэтныя грошы, ужо зрасходавана, паведаміла спецыяліст.

Яна не сказала, калі чакаецца другая хваля росту захворвання на грып і ВРВІ. Паводле яе слоў, першая хваля ў гэтым годзе наступіла нашмат раней чым звычайна.

"БелаПАН" via "Наша Ніва"