"Еўрарадыё" на год атрымала акрэдытацыю ў Беларусі

Акрэдытацыя "Еўрарадыё" ў Беларусі выдадзена на адзін год. Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў ад 11 лістапада № 1463. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Саўмін пастанавіў "адкрыць у Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкі пункт таварыства з абмежаванай адказнасцю "Еўрапейскае радыё для Беларусі" (Рэспубліка Польшча) з выдачай пасведчання аб адкрыцці карэспандэнцкага пункта тэрмінам дзеяння адзін год". 12 лістапада ў інтэрв'ю БелаПАН старшыня праўлення "Еўрарадыё" Дзмітрый Новікаў выказаў меркаванне, што "гэта жэст беларускага боку па выкананні нейкіх дамоўленасцей у перамовах з ЕС". Новікаў зазначыў, што раней "Еўрарадыё" спрабавала акрэдытаваць уласнага карэспандэнта для працы ў Беларусі. "Журналіст сам падаваў дакументы ў МЗС, але яму было адмоўлена з прычыны таго, што ён нібыта раней ужо працаваў на "Еўрарадыё" без акрэдытацыі. Хаця спецыяльна заяўку падаваў чалавек, які на нас дагэтуль не працаваў", — зазначыў Новікаў. У пачатку лета 2009 года ў МЗС быў накіраваны пакет дакументаў на акрэдытацыю карпункта "Еўрарадыё" ў Беларусі.