Беларускі ВУП па выніках 10 месяцаў 2009 года скараціўся на 1%

Па выніках студзеня—кастрычніка 2009 года валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся на 1% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

У студзені—верасні ВУП зменшыўся на 0,3%, у студзені—жніўні — на 0,5%. Дагэтуль з пачатку года афіцыйна фіксаваўся невялікі рост: у студзені — на 2,6%, студзені—лютым — на 1,2%, студзені—сакавіку — на 1,1%, студзені—красавіку — на 1,2%, студзені—маі — на 1,4%, студзені—чэрвені — на 0,3%, студзені—ліпені — на 0,4%. Згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2009 годзе чакаўся прырост ВУП на 10—12%. Аб'ём прамысловай вытворчасці ў студзені—кастрычніку скараціўся да ўзроўню аналагічнага леташняга перыяду на 4,5% (у студзені—верасні — таксама на 4,5%; гадавы прагноз — рост на 10—12%), вытворчасць спажывецкіх тавараў — на 0,9% (0,6%; рост на 12—13%). Пры гэтым выпуск харчовых тавараў павялічыўся на 4,9% (5,2%; 12—13%), нехарчовых — знізіўся на 7,6% (7,4%; рост на 11,5—12,5%). Выпуск сельскагаспадарчай прадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый уласнасці за дзевяць месяцаў гэтага года павялічыўся на 1,1% (2,4%; 8,5—9,5%). Пры гэтым зафіксавана падзенне вытворчасці бульбы (на 23,7%), агародніны адкрытага грунту (на 15,9%), цукровых буракоў (на 2,3%). Узрасла рэалізацыя жывёлы і птушкі на зарэз у жывой вазе (на 12,2%), вытворчасць малака (на 8,5%) і яек (на 4,5%). Аб'ём інвестыцый у асноўны капітал узрос на 13,1% (14,5%; 23—25%). Уведзена ў эксплуатацыю 4 млн. 728,7 тыс. кв. м жылля, або на 15,6% больш. Перавозкі грузаў скараціліся на 4,3% (у студзені—верасні — на 5,9%). Рознічны тавараабарот узрос на 2,6% (2,6%; прагноз на год — 16—17%). Спажывецкія цэны павялічыліся ў кастрычніку на 0,4%, з пачатку года — на 8,3% (гадавы прагноз — 9—11%). Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на 1 лістапада склала 41,4 тыс. чалавек (0,9% эканамічна актыўнага насельніцтва).

"БелаПАН"