Міждзяржаўная камісія расследуе прычыны крушэння польскага верталёта ў Беларусі

Міждзяржаўная камісія расследуе прычыны крушэння верталёта Пагранічнай варты Польшчы, якое адбылося на тэрыторыі Беларусі вечарам 31 кастрычніка.

Як паведаміў БелаПАН намеснік Брэсцкага транспартнага пракурора Віктар Строк, у складзе камісіі — прадстаўнікі адпаведных служб з беларускага і польскага боку. Члены дадзенай камісіі з польскага боку прыехалі ў Беларусь вечарам 1 лістапада.

Раніцай 2 лістапада міждзяржаўная камісія пачала працу на месцы здарэння. Сёння будзе вырашацца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы па факце крушэння верталёта.

Як дадаў Строк, целы загінулых пілотаў верталёта позна вечарам 1 лістапада спецыяльным аўтатранспартам былі дастаўленыя ў адну з медыцынскіх устаноў Брэста. 2 лістапада будзе праведзена судова-медыцынская экспертыза целаў з удзелам польскіх медыкаў.    У цяперашні час рашаюцца арганізацыйныя пытанні па перадачы польскаму боку целаў загінулых пілотаў верталёта.   Як раней паведамляў БелаПАН, вечарам 31 кастрычніка на беларуска-польскай мяжы пацярпеў катастрофу верталёт Пагранічнай варты Польшчы. Тры чалавекі, якія знаходзіліся на борце паветранага судна, загінулі.   Верталёт здзяйсняў планавы аблёт мяжы. У 20.11 беларускаму боку паступіла інфармацыя ад польскіх пагранічнікаў аб тым, што сувязь з суднам знікла. Пошукавыя працы на мяжы вяліся больш за шэсць гадзін. Абломкі верталёта знойдзены 1 лістапада ў 4.48 на беларускай тэрыторыі за 200 метраў ад лініі мяжы паблізу населенага пункта Высокае (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці).

"БелаПАН"