Лагодныя Дзяды-2009

На Дзяды міліцыя ў Мінску была падкрэслена карэктнай, на уваходзе ва ўрочышча дэманстрантаў чакала інфармацыйная шыльда пра месца масавых рэпрэсій. Улады падрыхтаваліся да штогадовай жалобнай акцыі амаль бездакорна.

Учора і сёння.
Сёння традыцыйна ўсталююць некалькі крыжоў.
Мая Тодараўна Кляшторная.
Расцяжка "Маладога фронту".
Кветкі ад журналістаў у памяць свайго калегі Альгерда Невяроўскага.

Сёлетнія Дзяды ў Мінску прайшлі, як і штогод, годна і стрымана. Як і належыць жалобнаму мерапрыемству. Арганізатары шэсця ў Курапаты, якімі традыцыйна выступаюць сябры Кансерватыйна-хрысціянскай партыі БНФ, падрыхтавалі акцыю грунтоўна.

У нядзелю 1 лістапада ад Гадзіннікавага завода ўздоўж праспекту рушыла калона з сотняў людзей пад нацыянальнымі і партыйнымі сцягамі, з традыцыйнымі і новымі расцяжкамі і транспарантамі. Шэсце прайшло па вуліцах сталіцы і скончылася жалобным мітынгам у Курапатах. Падрыхтаваліся да Дзядоў і ўлады. Нехта заўважыць, што яны рыхтуюцца да акцыі штогод, але сёлета было чаму здзівіцца.

А ты чытаў Якубовіча?

Своеасаблівай артпадрыхтоўкай стаў артыкул у лукашэнкаўскай газеце "Советская Белоруссия — Беларусь сегодня", прысвечаны Курапатам. Артыкул выйшаў напярэдадні Дзядоў, аўтар — галоўны рэдактар выдання Павел Якубовіч. Акрамя таго, у тым жа нумары былі надрукаваныя матэрыялы адмысловага круглага стала на тэму Курапатаў, у якім прынялі ўдзел гісторыкі, палітыкі і святары, у тым ліку і навуковы кіраўнік мемарыяльнай зоны "Курапаты" Мая Кляшторная, а таксама сп. Якубовіч. Ён заклікаў "скончыць са "шматгадовым змрочным спектаклем" адмаўлення праўды", чым відавочна азадачыў многіх. Чацвярговы нумар "СБ" жыва абмяркоўвалі ўдзельнікі шэсця. "А ты чытаў Якубовіча пра Курапаты, што ён там панапісваў?" — "Ат, нічога талковага! І з чаго ўсе такі шум усчалі?". "Якубовіч дапісаўся да таго, што гэта ён, а не Зянон Курапаты адкрыў!".

Давялося пачуць і такое меркаванне: "Пачаліся нейкія гульні, як летась перад Днём Волі. Тады таксама круглыя сталы ладзілі, а потым шэсце разагналі. Хоць бы цяпер якіх сюрпрызаў не прычакаць".

Могуць, калі захочуць

Сюрпрызы не прымусілі сябе чакаць, але былі яны пераважна прыемнымі. Галоўным чынам гэта выявілася ў паводзінах міліцыі і супрацоўнікаў спецслужбаў. Міліцыянты і ДАІшнікі былі падкрэслена карэктнымі, у пераход на вуліцы Валгаградскай нікога не заганялі, наадварот, загадзя перакрылі вуліцу. Увогуле, што датычыць уласна шэсця, то ўзаемадзеянне дружыны і праваахоўных органаў было амаль ідэальным — калона рухалася без перашкодаў і затрымак. Штопраўда, адзін з міліцыянтаў у цывільным папрасіў паўжартам аднаго з арганізатараў, Алеся Чахольскага, рухацца трохі хутчэй. Змерзлі, мабыць, «органы». Міліцыя падрыхтавала маршрут да канца: на адрэзку дарогі ўздоўж кальцавой да падземнага пераходу ва ўрочышча да самага падыходу дэманстрантаў была забароненая стаянка і спыненне транспарту. Усё гэта робіць уражанне ад сёлетняй акцыі пазітыўным. Могуць жа, калі захочуць! Ці загадаюць.

"Смотри, какие красивые знамёна"

Людзі на вуліцах з цікавасцю выслухоўвалі тлумачэнні старажылаў курапатаўскіх шэсцяў пра тое, куды і навошта ідуць людзі пад сцягамі. Чым бліжэй былі Курапаты, тым больш абазнаныя трапляліся грамадзяне: "А, дык гэта ж сёння Дзяды, у Курапаты людцы ідуць". З дарогі рэгулярна даносіліся прывітальныя сігналы аўто. Некаторыя аўтааматары прыпыняліся, каб лепей разглядзець шэсце. "Смотри, какие красивые знамёна", — сталага веку мужчына на прыступках крамы ўзняў над галавой унука.

Дзякуй моладзі

На жалобным мітынгу сярод курапацкіх крыжоў ды соснаў з вуснаў арганізатараў прагучала падзяка моладзі — заўтрашняму дню Беларусі. А моладзі было і сапраўды шмат. Некаторыя прадстаўнікі маладой генерацыі частку шляху да Курапатаў адолелі на руках бацькоў. Штогадовы лістападаўскі шлях штораз збірае ўсё больш маладых людзей, якія паступова змяняюць старое пакаленне.

"Наша Ніва"