"Советская Белоруссія": Курапаты — могілкі агульнанацыянальнага маштабу

Газета Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссія — Беларусь сегодня" ў чацвер выйшла з вялікім артыкулам пра Курапаты на першай паласе. Аўтар матэрыялу — галоўны рэдактар выдання Павел Якубовіч. Газета заклікае пакончыць са "шматгадовым змрочным спектаклем" адмаўлення праўды.

Артыкул выйшаў напярэдадні Дзядоў —Дня памяці продкаў, у які, па традыцыі, што ўстанавілася ад канца 1980-х, ушаноўваецца і памяць ахвяраў савецкага рэжыму.

Найперш газета адназначна адмятае меркаванні "артадоксаў", што "ў нас такога быць не магло". Аўтар артыкула называе "ўродлівымі міфамі і кашчунствам" словы некаторых "відавочцаў", што ў Курапатах маглі забіваць у вайну гамбургскіх яўрэяў, ці словы колішняга старшыні КДБ Шыркоўскага аб тым, што ў БССР па прысудах "троек" была расстраляная толькі адна жанчына.

"Гісторыкі і іншыя знаўцы з цярпеннем тлумачылі хомкам няверуючым, што пік расстрэлаў прыйшоўся на 1940 год, калі з тэрыторыі Заходняй Беларусі і Віленшчыны сюды прывозілі людзей, якіх па "класавых крытэрах" ў Мінску пазбаўлялі жыцця. Гэта былі камерсанты і палітыкі, чыноўнікі і суддзі, сялене‑землеўладальнікі і фабрыканты. У Беластоку, Ваўкавыску, Гродне, Вільне, ім абвяшчалі пра накіраванне ў сібірскую высылку. Але цягнік з захаду ішоў толькі да Мінску, затым наканаваных гналі "ў пешым парадку" з вакзала ў двор турмы на Валадарскага…

Лёс "класава чужых элементаў" ужо быў вырашаны ў Маскве, паведамлена ў УНКВД заходніх абласцей і Віленскага оперсектара, асвячана подпісам небажыхароў з усесаюзнай лубянскай "тройкі" — камісараў Кабулава, Мяркулава і начальніка першага спецаддзелу маёра ГБ Баштакова. Так і было!" — піша "Советская Белоруссія".

Яна кажа, што прыйшоў час зразумець для ўсіх, незалежна ад поглядаў, што "Курапаты — гэта трагічны ўрок для грамадства: агрэсіўныя дактрыны, якімі б высакароднымі яны не былі, калі прыводзяць да гібелі людзей — амаральныя".

Тым не менш, "час лечыць раны" і сёння "новыя пакаленні палітыкаў ужо не нясуць адказнасць за Курапаты".

Не абышлося без уколаў у бок апазіцыі. "Усялякія спекуляцыі на трагедыі не нясуць нічога новага, а толькі здольныя вывесці грамадства на новы віток супрацьстаяння. Які, у канчатковым рахунку, нязменна прыводзіць да новых Курапатаў. Сёння яшчэ ёсць людзі, якія трызняць "дэмакратычным трыбуналам" і мараць пра расправу са "сталіншчынай", якая ўжо даўно стала гісторыяй. Ёсць і людзі, якія бачаць будучыню толькі ў мінулым — не для іх пішуцца гэтыя радкі, — яны нічога не забылі, але нічому не навучыліся", — кажа аўтар.

Пры гэтым ён лукавіць, калі кажа, што "імёны ўсіх катаў вядомыя! Але абсалютна ўсе ахвяры "чырвонага кола" на сённяшні дзень рэабілітаваныя…" Досыць згадаць імя Ларысы Геніюш — дагэтуль не рэабілітаванай і выкінутай з падручнікаў.

"СБ" успамінае вахту моладзі па абароне Курапатаў у 2001 — 2002 гадах. "Юныя, гарачыя валанцёры бясстрашна клаліся пад калёсы раўнадушных грэйдзераў, якія пашыралі дарогу, карыслівыя палітычныя правадыры ўзначальвалі калоны і прамаўлялі палымяныя словы, мясцовыя жыхары ладзілі пад соснамі пікнікі, энергічныя дзевалаперы ўладкоўваліся пад шумок узвесці ў "жывапісным месцы" (у Курапатах!) выкшталцоныя вілы для багатых. Глупыя і нячулыя падлеткі з наваколля раскопвалі магілы і ламалі усталяваныя добраахвотнікамі памятныя крыжы", — і за гэтым усім "моўчкі назірала мясцовая ўлада".

Цікава, а дзе ў гэты час была сама "Советская Белоруссія"? Чаму не падтрымлівала тых юнакоў, што ў самыя лютыя маразы начавалі ў Курапатах, каб урочышча не было знішчана бульдазерыстамі? Ды нават проста не паведамляла пра тыя падзеі нейтральна?

Таксама ў нумары змешчаны "круглы стол" па пытаннях Курапатаў. У ім узялі ўдзел навуковы кіраўнік мемарыяльнай зоны "Курапаты" Мая Кляшторная, палітык Андрэй Клімаў, ксёндз Ігар Лашук, загадчык цэнтрам Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Мікалай Смяховіч і сам Павел Якубовіч. Якубовіч у ім ставіць пытанне, што "кансерваваць сённяшнюю "самадзейнасць" таксама не вельмі добра". Гэта пра тое, што цяпер Курапаты маюць характар народнага, стыхійнага мемарыялу, а дагляд яго каардынуе Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Аднак іншыя ўдзельнікі круглага стала яго не падтрымалі. Мая Кляшторная адназначна выказалася за ўзмацненне мемарыялізацыі з захаваннем сённяшняга, людскага, унікальнага характару помніка.

"Советская Белоруссія" піша: "Прыйшоў час гучна і ясна сказаць: Курапаты — гэта могілкі, прычым могілкі, калі можна так выказацца, агульнанацыянальнага маштабу… На могілках не прынята крочыць калонамі, спяваць ці павышаць голас. Могілкі прымушаюць быць больш добрымі, задумацца пра вечнае і памаліцца ў душы", — то бок традыцыйнае шэсце апазіцыі ў Курапаты на Дзяды — гэта таксама кашчунства і палітыканства, намякае аўтар. Аднак гэтыя дробныя закіды на адрас незалежнага грамадства маюць другаснае значэнне проці галоўных вывадаў матэрыялу:"У нашай краіне ёсць шмат вялікіх і маленькіх мемарыялаў, якія звяртаюцца не толькі да гераічных, але і да трагічных момантаў агульнай гісторыі. Курапаты з імі ў адным жалобным шэрагу".

Упершыню за часамі Лукашэнкі найбуйнейшая дзяржаўная газета надрукавала праўдзівы артыкул пра Курапаты.

Напэўна, зараз у Курапатах перастануць ламаць крыжы і лаўкі.

Яшчэ ў адным гістарычным пытанні беларускае грамадства дасягнула кансэнсусу. Дзеля гэтага спатрэбілася 20 гадоў настойлівасці, а часам і ахвярнасці незалежнага грамадства.

"Наша Ніва"