Цэны пачнуць мяняцца

28 кастрычніка ўступіць у сілу пастанова Міністэрства эканомікі №141, якая паслабіць дзяржаўны кантроль за цэнамі.Урад з гатоўнасцю выконвае чарговае патрабаванне Міжнароднага валютнага фонду.

Сутнасць рэформы павінна была звесціся да таго, што прадаўцы змаглі б усталёўваць цэны, арыентуючыся толькі на попыт і прапанову. Але да рынку зроблены не крок, а асцярожныя паўкроку.

Сацыяльны спіс

Раней спіс тавараў, на якія прадаўцы маглі ўсталёўваць адвольныя кошты, складаў некалькі дзесяткаў пазіцый і ў ім пераважалі нехарчовыя тавары. Харчаванне дзяржава збіраецца рэгуляваць і надалей. Галодны народ — небяспечны народ.

Цяпер створаны іншы спіс, «сацыяльны». Хлеб, малако, крупы, бульба, лекі… — агулам 50 катэгорый. Цэны на гэтыя тавары будуць абмяжоўвацца і надалей. Але і з астатнімі таварамі ўсё не так проста. Крамам дазволяць усталёўваць гандлёвыя надбаўкі, але кожнае павышэнне цаны — як у большы, так і меншы бок — усё роўна прыйдзецца «эканамічна абгрунтоўваць». Скасоўваецца і абмежаванне для кампаній, якія займаюцца імпартам (раней іх «навар» не павінен быў перавышаць 30%). Як рынак адрэагуе на рэформу, застаецца толькі здагадвацца.

Далікатэсы падаражаюць

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што цэны падскочаць на ўсе тавары, якіх няма ў «сацыяльным спісе»:

— Я думаю, рознічны гандаль паспрабуе адразу ўзняць цэны, усё ж у яго найменшая рэнтабельнасць. Падаражаюць далікатэсы, сыравэнджанае і вяленае мяса… Але істотны не першы скачок цэн, а тое, на якім узроўні ўсталюецца раўнавага ў адпаведнасці з попытам і прапановай. Некаторыя тавары могуць нават патаннець.

Рубіце хвост па частках

Віталь валодае кіёскам у Брэсце. Ці будзе ён павышаць цэны на прадукты?

— Першыя дні — дакладна не. Трэба агледзецца, пачакаць, як адрэагуюць канкурэнты. Але я думаю, што на 10% цэны можна дакладна ўзняць. Людзі ўсё роўна прыйдуць купляць тавар да нас.

Ала — прадавачка ў краме кветак у Мінску. Яна каментуе пастанову:

— Я яшчэ не ведаю, якія цэны паставіць гаспадар, але мы з напарніцай думаем, што кветкі падаражаюць на пару тысяч. Год таму абмежаванне цэнаў падкасіла кветкавы бізнэс, цяпер можна вярнуцца да ранейшай сітуацыі.

Дырэктар дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігар Фамін перадусім асцерагаецца павышэння цэн на харчаванне ў буйных крамах. Ён скардзіцца:

— Быў прэцэдэнт, калі мы выключылі чатыры пазіцыі з пераліку сацыяльна значных, і ў наступным месяцы хімчысткі падаражалі на 50%. Вельмі некарэктна сябе паводзілі. Калі трэба падняць цэны на 20‑30% — пастарайцеся зрабіць гэта паэтапна.

З набліжэннем 28 кастрычніка апусцелі некаторыя паліцы ў буйных дыскаўнтэрах. Вытворцы і рытэйлеры яўна чакаюць 28 кастрычніка.

З іншага боку, ажыятаж перад 28 кастрычніка вельмі на руку вытворцам, якія спадзяюцца ў чарговы раз разгрузіць свае склады.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение