Падпісана дэкларацыя аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блока

Да кааліцыі далучаюцца Партыя БНФ, Рух "За Свабоду", Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Малады Фронт, Правы Альянс, аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу і, рух салідарнасці "Разам", рух “Маладая Беларусь” і МХСС "Маладыя дэмакраты".

У сваёй Дэкларацыі прадстаўнікі беларускіх незалежніцкіх сілаў адзначаюць, што "эфектыўнае палітычнае супрацоўніцтва магчымае толькі на глебе супольных ідэйных перакананняў". - Тое, што нас аб’ядноўвае, гэта адзін погляд на незалежнасць Беларусі, дэмакратычныя перамены, а таксама еўрапейскую інтэграцыю. Наша кааліцыя, гэта не толькі дэкларацыя, але і цэлы шэраг дзеянняў, бо мы не лічым, што толькі адным жаданнем мы зможам нешта змяніць тут. Пры гэтым, наша кааліцыя, у адрозненні ад АДС, ствараецца не супраць канкрэтнай асобы, а на падставе агульных каштоўнасцяў дзеля перамогі, - заявіў Радыё Рацыя лідэр Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Як адзначаюць палітыкі, галоўнымі мэтамі кааліцыі з’яўляюцца: абарона незалежнасці Рэспублікі Беларусь, вяртанне краіны на шлях дэмакратычнага развіцця і правядзенне свабодных выбараў, захаванне і развіццё беларускай мовы і культуры, а таксама раўнапраўнае партнёрства Беларусі з іншымі краінамі пры прыярытэце стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрапейскага саюзу.

Дэкларацыю падпісалі Аляксей Янукевіч (ПБНФ), Аляксандр Мілінкевіч (Рух "За Свабоду"), Зміцер Дашкевіч (МФ), Аляксандр Шумкевіч (МХСС), Артур Фінкевіч (МБ), Юрась Карэтнікаў (ПА), Віталь Рымашэўскі (БХД), Вячаслаў Сіўчык (рух "Разам").

 

"Радыё Рацыя"