Новая назва ПКБ — Беларуская партыя аб'яднаных левых "Справядлівы свет"

Партыя камуністаў Беларуская перайменавана ў Беларускую партыю аб'яднаных левых "Справядлівы свет". Такое рашэнне прынята 25 кастрычніка па выніках галасавання на другім пасяджэнні XIV пазачарговага з'езда партыі.

На галасаванне выносілася пяць новых назваў — Беларуская партыя аб'яднаных левых "Справядлівасць", Беларуская партыя аб'яднаных левых, Беларуская партыя аб'яднаных левых "Радзіма", Беларуская партыя аб'яднаных левых "Справядлівы свет" і Аб'яднаная партыя левых. Першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін у сваім дакладзе прапанаваў назваць арганізацыю Беларуская партыя аб'яднаных левых "Справядлівы свет". Паводле яго слоў, гэтая назва з'яўляецца кампіляцыяй усіх іншых назваў, прапанаваных членамі партыі. Як лічыць Калякін, яна дазволіць партыі прыцягнуць у свае шэрагі не толькі моладзь, але і прадстаўнікоў іншых левых арганізацый, якія не прайшлі афіцыйную рэгістрацыю. У выніку за гэтую назву прагаласавалі 89 з 158 дэлегатаў. Астатнія назвы набралі ад 6 да 15 галасоў. Аналізуючы ў дакладзе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, Калякін адзначыў: "Улада практычна дабілася жаданага выніку, выкарыстоўваючы вядомую яшчэ з часоў Рымскай імперыі стратэгію "Раздзяляй і ўладар!". Адначасова з разбурэннем аб'яднанай кааліцыі дэмакратычных сіл яна актывізавала намаганні па разбурэнні апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый знутры. Фактычна раскол адбыўся ўнутры Партыі БНФ, сур'ёзнае хваляванне назіраецца ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, БСДП "Грамада", аргкамітэце па стварэнні Беларускай партыі працоўных, Незалежным прафсаюзе радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову аб планамернай рабоце па ліквідацыі апазіцыі да пачатку прэзідэнцкіх выбараў". На з'ездзе быў абмеркаваны фармат удзелу партыі ў парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. Паводле слоў Калякіна, адмова шэрагу партый ад удзелу або няўдзел у выбарчых кампаніях не толькі не дадавалі ім аўтарытэту і ўплыву ў грамадстве, а, наадварот, вялі да страты прыхільнікаў. "Да таго ж трэба разумець, — адзначыў палітык, — што арганізацыя эфектыўнага байкоту выбараў у нашых умовах немагчымая. У той жа час удзел нашай партыі ў выбарах мінулых гадоў дазваляў выкарыстоўваць інструменты выбарчай кампаніі, каб данесці свае погляды і ідэі да шырокага кола людзей, павысіць сваю вядомасць у грамадстве і знайсці новых прыхільнікаў". У рэзалюцыі, прынятай на пасяджэнні з'езда, гаворыцца аб тым, што Партыя камуністаў Беларуская мае намер актыўна ўдзельнічаць у мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах.