21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Сітуацыя ў краіне для беларускай мовы застаецца трывожнай, заявіла БелаПАН старшыня грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алена Анісім у каментары з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

Паводле яе слоў, сёння ў розных сферах жыцця Беларусі сітуацыя з беларускай мовай адрозніваецца, але "ў цэлым яна незадавальняльная".

"І па сёння мы бачым, што беларускамоўныя людзі сутыкаюцца з негатыўным стаўленнем да сябе, асабліва ў сферы паслуг, — адзначыла кіраўніца ТБМ. — Гэтак жа сама можна сказаць, што мала што змянілася ў інфармацыйнай прасторы. У нас не пабольшала беларускай мовы на тэлебачанні. Я ўжо не бяру радыё, гэта вельмі спецыфічная сфера. Калі было сеткавае радыё, мы маглі сказаць, колькі часу там гучала беларуская мова. Зараз яго няма, а адсачыць, як ужываецца беларуская мова на FM-станцыях, цяжка. Адзінае, мы маем "Беларускае радыё" і радыё "Сталіца", якія вядуць вяшчанне па-беларуску. Але нечага новага ў гэтым плане няма".

"Што датычыць адукацыі, тут таксама вельмі негатыўныя тэндэнцыі. Закрываюцца школы з беларускай мовай навучання ў вёсках — з-за змяншэння ліку дзяцей, міграцыі сямей у гарады. У абласных гарадах не адкрылася аніводнай новай школы з беларускай мовай навучання. Беларускамоўныя класы адкрываюцца толькі пад ціскам бацькоў, калі аднадумцы аб`ядноўваюцца і голасна заяўляюць пра свае правы", — дадала Анісім.

З іншага боку, "грамадства мае вялікі запыт на беларускую мову". Паводле слоў старшыні ТБМ, пра гэта сведчаць шматлікія акцыі і мерапрыемствы, якія рыхтуюць і праводзяць розныя грамадскія ініцыятывы і асобныя дзеячы. "Варта сказаць, што гэтая дзялянка на ніве беларушчыны вельмі шырокая і працы шмат для ўсіх", — падкрэсліла яна.

Апрача таго, звярнула ўвагу Анісім, "пайшоў працэс вяртання беларускай мовы ў сферу заканадаўства". Яна нагадала пра створаны летась экспертны савет пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі. Гэты кансультатыўны орган разглядае і зацвярджае пераклады існых заканадаўчых актаў на беларускую мову, якія рыхтуюць адмыслоўцы з ліку мовазнаўцаў.

"ТБМ як арганізацыя, чыёй статутнай мэтай ёсць папулярызацыя беларускай мовы і, так бы мовіць, змаганне за тое, каб беларуская мова была па-сапраўднаму дзяржаўнай у нашай краіне, мусіць адсочваць гэтыя тэндэнцыі і думаць пра тое, якім чынам выпраўляць хібы дзяржаўнай палітыкі. Таму мы не складаем рукі. Працуем над далейшай выбудовай нашага Універсітэта імя Ніла Гілевіча з беларускай мовай навучання, нягледзячы на тое што Міністэрства адукацыі, як мы адчуваем, не вельмі зацікаўленае ў нашай дзейнасці", — адзначыла кіраўніца аб`яднання.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Беларусі прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў. Так, з 17 па 23 лютага тыдзень беларускай мовы і літаратуры праходзіць у мінскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). У касцельнай бібліятэцы імя Адама Міцкевіча прайшлі заняткі з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам, адбыліся імпрэзы да 130-годдзя з дня нараджэння святара і паэта Казіміра Сваяка і 85-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. У найбліжэйшыя дні там пройдуць канферэнцыя "Святы Шарбель па-беларуску" і літаратурны конкурс для дзяцей на лепшую дэкламацыю вершаў беларускіх паэтаў.

З 21 па 27 лютага тыдзень роднай мовы адзначаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце. На пляцоўцы філалагічнага факультэта цягам тыдня пройдуць сустрэчы студэнтаў з беларускімі пісьменніцамі Зояй Падліпскай і Сафіяй Ворсай, літаратарамі Ларай Продан (ЗША) і Вікторыяй Левінай (Ізраіль), перакладчыцай Аленай Лянкевіч, паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком, Наталляй Давыдзенкай ды іншымі.

22 лютага культурніцкая ўстанова "Арт Сядзіба" пры падтрымцы піўзавода "Аліварыя" збярэ 50 беларускіх кампаній, арганізацый, ініцыятыў і творчых калектываў на маштабным свяце "Мова Фэст".

Згодна з Інтэрактыўным атласам моў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай, ад ЮНЕСКА, беларуская мова мае статус уразлівай мовы.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН