Аляксандр Мілінкевіч заявіў аб гатоўнасці ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах

Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч заявіў аб гатоўнасці ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года. Выступаючы на Беларускім еўрапейскім форуме, які адбыўся ў Мінску 14 лістапада, палітык падкрэсліў, што з'яўляецца праціўнікам байкоту выбараў.

"Калі мы не ідзем на выбары, то пазбаўляем людзей надзеі, пазбаўляем іх выбару і заганяем у яшчэ большую дэпрэсію, таму на выбары ісці трэба", — лічыць Мілінкевіч.

"У дачыненні да мясцовых выбараў я таксама не прыхільнік байкоту, — адзначыў ён. — На іх трэба ісці адной камандай з блізкімі лозунгамі: незалежнасць, дэмакратыя і еўрапейскасць".

Мілінкевіч заявіў, што цяперашні форум — гэта не пачатак яго перадвыбарнай кампаніі, але спосаб высветліць, на што можа абапірацца праеўрапейскі кандыдат. Палітык не бачыць праблемы ў тым, што апазіцыя можа вылучыць на прэзідэнцкіх выбарах некалькі кандыдатаў. Беларускі незалежніцкі блок, які мы стварылі, і правядзенне гэтага форуму — гэта толькі правобраз будучай кааліцыі, — сказаў Мілінкевіч. — Магчыма, ён вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты, і, хутчэй за ўсё, кандыдат ад гэтага блока будзе. Канечне, аб'яднанне палітыкі вельмі важна, аднак я не магу ўдзельнічаць у выбарчым блоку, у якім аб'яднаны партыі процілеглых поглядаў".

Паводле слоў Мілінкевіча, калі ён быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі ў 2006 годзе, то адчуваў вялікі дыскамфорт, калі ў яго запытвалі, у якім кірунку будзе развівацца Беларусь. "Я павінен быў агучыць свае погляды наконт еўрапейскага развіцця краіны і пры гэтым не пакрыўдзіць камуністаў, якія ўваходзілі ў блок і якія адстойвалі ідэі інтэграцыі з Расіяй", — адзначыў палітык. Таму, падкрэсліў ён, БНБ зараз аб'ядноўвае людзей адзіных поглядаў. "І калі мы будзем шчырымі, то заваюем сімпатыі людзей", — сказаў Мілінкевіч.

Лідэр руху "За Свабоду" выказаўся за дыялог з уладамі. "Палітыка ізаляцыі сябе не апраўдала. Я лічу, што любое пашырэнне кантактаў Беларусі і Еўропы, ці то на ўзроўні ўлады, грамадскіх аб'яднанняў, ці то персанальных кантактаў, дае штуршок Беларусі ў Еўропу", — заявіў Мілінкевіч.

"Мы за дыялог з уладай, палітычны і эканамічны, але толькі з цвёрдымі ўмовамі аб дэмакратызацыі Беларусі, — падкрэсліў палітык. — Мы ўхваляем, калі ўлада пашырае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, але мы ніколі не будзем таргавацца з уладай наконт палітычных, эканамічных і іншых свабод".

Пры гэтым Мілінкевіч адзначыў, што збліжэнне з Еўрасаюзам ніяк не перашкодзіць супрацоўніцтву Беларусі і Расіі. "Мы павінны мець з Расіяй адкрытыя, шчырыя і ўзаемавыгадныя адносіны", — сказаў ён.

Паводле афіцыйных даных, на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч заняў другое месца, атрымаўшы 6,1% галасоў.