«Беларусьфільм» падпісаў дамову з Андрэем Кудзіненкам, аўтарам «Акупацыі», на здымкі гатычнай трагікамедыі жахаў

Сцэнар, складзены па аддаленым матывам «Локіса» Праспера Мэрымэ, прыдумалі Аляксандр Качан і Андрэй Кудзіненка. Мастаком стужкі можа стаць Артур Клінаў, ролі прапанаваныя Кату і Колбышаву. У стужцы можа з'явіцца і Вольскі. 

Напрыканцы мінулага году Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прапаноўвала рэжысёру, напаўзабароненаму ў Беларусі, паставіць на радзіме гатычны хорар. Кудзіненка згадзіўся, але дамовы не падпісваў.

У Расеі і Польшчы таксама зацікавіліся касавым сюжэтам, але расейскую кінаіндустрыю хутка напаткаў крызіс — а польскім партнёрам не падабаліся моўныя гульні, фірмовыя для дуэту Качана й Кудзіненкі. У папярэднім фільме «Акупацыя. Містэрыі» — героі размаўляюць на мове, што адпавядае іхняму нацыянальнаму й сацыяльнаму статусу (мове беларускай, польскай, расейскай).

Нарэшце, крызіс прыйшоў і ў Польшчу — і магчымыя вонкавыя інвестыцыі былі замарожаныя. У выніку на мінулым тыдні Кудзіненка склаў дамову з Нацыянальнаю кінастудыяй. Яму абяцалі не чапляцца з ідэалагічнымі прыдзіркамі і фінансаваць шчодра. Запуск карціны прызначаны на восень.

Паводле nn.by