БАЖ заклікае сілавікоў інфармаваць грамадства аб ходзе расследавання рэзанансных спраў

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікае сілавыя структуры інфармаваць грамадскасць пра ход расследавання справы "Белага легіёна", фігурантаў якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, і іншых рэзанансных спраў.

Зварот, апублікаваны на сайте БАЖ, адрасаваны старшыні Следчага камітэта Івану Наскевічу, кіраўніку КДБ Валерыю Вакульчыку і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.

Журналісцкая асацыяцыя просіць кіраўнікоў сілавых структур "арганізаваць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў усяго спектра сродкаў масавай інфармацыі" і падаць "афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання крымінальных спраў, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс (так званая справа "Белага легіёна", справа патрыётаў)".

У звароце адзначаецца, што гэтай справе былі прысвечаныя матэрыялы некаторых дзяржаўных СМІ, якія грунтаваліся нібыта на інфармацыі следства. Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары гэтых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія падавалі звесткі, "а самі матэрыялы часта выглядалі суб'ектыўнымі і аднабокімі".

БАЖ падкрэслівае, што згодна з зацверджаным Генпракуратурай палажэннем, якое вызначае парадак інфармавання грамадскасці аб рэзанансных крымінальных справах, дзяржаўныя органы павінны падаваць пра іх "поўную, дакладную і своечасовую інфармацыю", якая "не парушае таямніцы следства, правоў і інтарэсаў іншых асоб і дзяржавы". Пры гэтым аб'ём пададзеных звестак па такіх справах не павінен закранаць "правы і законныя інтарэсы ўдзельнікаў крымінальнага працэсу і трэціх асоб".

"На наш погляд, інфармацыя, якая распаўсюджваецца шэрагам дзяржаўных СМІ па ўказаных рэзанансных справах са спасылкамі на крыніцы ў органах следства, не адпавядае гэтым патрабаванням палажэння і парушае роўнасць СМІ, а таксама права грамадзян на атрыманне дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў", — адзначаецца ў звароце.

БАЖ таксама заўважае, што аналагічным чынам у СМІ даецца інфармацыя па справе Юрыя Паўлаўца, Сяргея Шыпценкі і Дзмітрыя Алімкіна, якія "больш за чатыры месяцы ўтрымліваюцца пад вартай паводле абвінавачання ў распальванні нацыянальнай варожасці ў матэрыялах, размешчаных на сайтах расійскага інфармацыйнага агенцтва "Регнум" і шэрагу іншых расійскіх СМІ". Гэтая крымінальная справа таксама "выклікае грамадскі рэзананс пры мінімальнай афіцыйнай інфармацыі пра ход яе расследавання".

Журналісцкая асацыяцыя заклікае кіраўнікоў сілавых структур пры расследаванні рэзанансных спраў даваць роўны доступ да важнай інфармацыі медыя ўсіх формаў уласнасці, "рэалізуючы тым самым прынцып роўнасці СМІ і празрыстасць дзейнасці дзяржаўных органаў".

Затрыманні па справе "Белага легіёна" пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". 23 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Першапачаткова па справе былі затрыманыя 26 чалавек — былыя члены патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая не існуе ўжо 15 гадоў, а таксама актывісты афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі "Малады фронт". Пазней некаторых адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Зараз за кратамі застаюцца 18 абвінавачаных. Навіны пра іх лёс становяцца вядомыя дзякуючы грамадскім актывістам, якія падтрымліваюць сувязь са сваякамі затрыманых. Афіцыйнай інфармацыі пра ход расследавання рэзананснай справы няма.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН