Намеснік генсакратара ААН Мішэль Сідзібе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны за ўнёсак у развіццё аховы здароўя Беларусі

Намесніку генеральнага сакратара ААН — выканаўчаму дырэктару Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС) Мішэлю Сідзібе ўручаны медаль Францыска Скарыны за ўнёсак у развіццё аховы здароўя Беларусі.

Дзяржаўную ўзнагароду прадстаўніку ААН уручыў 13 красавіка Аляксандр Лукашэнка.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, Лукашэнка падзякаваў Мішэлю Сідзібе за дапамогу, аказаную Беларусі ў галіне аховы здароўя і асабліва — у барацьбе з ВІЧ/СНІД. "Калі б не было такой вашай падтрымкі ў барацьбе з гэтай хваробай, мы ніколі б не дамагліся гэтых вынікаў", — сказаў ён.

Мішэль Сідзібе, у сваю чаргу, адзначыў, што Беларусь адна з першых дабілася высокіх вынікаў у прадухіленні перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці дзіцяці. "Беларусь дэманструе, што новае пакаленне можа быць народжанае без праблемы СНІДу і ВІЧ", — цытуе прэс-служба прадстаўніка ААН.

Як паведамлялася раней, у 2016 годзе Беларусь атрымала сертыфікат Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, які сведчыць, што ў краіне афіцыйна пацверджана поўнае прадухіленне перадачы ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу ад маці дзіцяці.

З 1 студзеня 2017 года Беларусь з'яўляецца членам кіруючага органа ЮНЭЙДС — праграмнага каардынацыйнага савета.

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паказчык захворвання ВІЧ-інфекцыяй у Беларусі ў 2016 годзе склаў 25,2 выпадку на 100 тысяч насельніцтва. Больш за 60% усіх хворых складаюць мужчыны. Часцей за ўсё ВІЧ-інфекцыя выяўляецца ва ўзроставай групе 40 і больш гадоў. Самыя нізкія значэнні — 0,9% — адзначаныя ва ўзроставай групе ад 15 да 19 гадоў і сярод дзяцей да 14 гадоў.

Марына Носава, БелаПАН