"Мядовы месяц скончыўся". Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, гучаць заклікі да санкцыяў

Еўрапарламент ухваліў рэзалюцыю, у якой асудзіў “рэпрэсіі напярэдадні  дэманстрацыі 25 сакавіка і падчас яе ў Беларусі, а таксама назваў дзеянні беларускіх сілавікоў непрапарцыйнымі і недарэчнымі. Еўрадэпутаты таксама заклікалі адмяніць дэкрэт аб дармаедстве і вызваліць усіх арыштаваных дэманстрантаў. Галасаванню па рэзалюцыі папярэднічалі дэбаты, падчас якіх гучалі заклікі вярнуць санкцыі супраць афіцыйнага Мінска.

Акрамя разгону Дня Волі ў рэзалюцыі крытыкуецца налёт АМАПа на офіс незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна”, затрыманні мінакоў, якія не ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, крымінальная справа «Белага легіёну», прэвентыўныя затрыманні палітыкаў, праваабаронцаў і актывістаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча, затрыманні журналістаў на акцыях пратэсту, ператрусы ў офісах “Белсату”.

У рэзалюцыі таксама згадваецца тое, што Беларусь па-ранейшаму застаецца апошняй краінай Еўропы, якая не адмяніла смяротнае пакаранне, а беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні “Захад-2017” утрымліваюць сцэнары “нападу на заходніх суседзяў”.

Еўрапарламент асудзіў ўсе гэтыя падзеі і заклікаў улады “неадкладна і безумоўна вызваліць і зняць усе абвінавачанні з мірных дэманстрантаў, журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў і апазіцыянераў, якія былі затрыманыя падчас апошніх акцыяў пратэсту”.

Дэпутаты таксама патрабавалі ад Мінска бесстаронняга расследавання ўсе абвінавачанні ў адвольных арыштах і іншых парушэннях правоў дэманстрантаў.

Рэзалюцыя таксама заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных СМІ і журналістаў-фрылансераў, адмяніць артыкул 193.1 КК (Пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), не абмяжоўваць правы грамадзянскай супольнасці.

– Настойліва заклікаем Парламенцкую асамблею АБСЕ, якая плануе правесці сваю 26-ю штогадовую сесію ў Мінску ў ліпені 2017 года, прыняць да ўвагі апошнія падзеі ў Беларусі, і самае меншае – забяспечыць прыцягненне [да сваёй працы] дэмакратычнай апазіцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Еўрапарламент заклікаў адмяніць дэкрэт № 3, праз які быў уведзены збор з дармаедаў, як «маральна сумнеўную меру», якая парушае правы больш як 470 тысяч беларусаў.

Акрамя таго, у рэзалюцыі ўтрымліваюцца заклікі да Менску супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН па сітуацыі ў Беларусі Міклашам Харашці, аднавіць працу над рэформай выбарчай сістэмы, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Дэпутаты таксама заклікалі Еўракамісію пашырыць адукацыйныя праграмы, каб больш беларусаў маглі вучыцца ў ЕС, а таксама заклікалі ўважліва сачыць за выкананнем стандартаў бяспекі падчас будаўніцтва БелАЭС.

Перад тым як прыняць рэзалюцыю, традыцыі прайшлі дэбаты па сітуацыі ў Беларусі. Дэпутат Косма Златоўскі з Польшчы назваў беларускага прэзыдэнта “дзіўным дыктатарам”.

– То ён хоча быць бліжэй да Расіі, то бліжэй да ЕС. Сёння Лукашэнка далёкі ад ЕС. Ён увёў дурны падатак на беспрацоўе (гаворка пра дэкрэт аб дармаедстве. – TUT.BY), і цяпер людзі супраць гэтага пратэстуюць. Мы павінны абараняць грамадзянскую супольнасць, якая нараджаецца сёння ў Беларусі.

Сарая Пост са Швецыі заявіла, што ўлады Беларусі павінны неадкладна вызваліць арыштаваных мірных дэманстрантаў і журналістаў.

– Калі гэтага не будзе, то ЕС павінен ўводзіць санкцыі ў дачыненні да адказных чыноўнікаў. Аляксандр Лукашэнка, давайце працягваць рухацца шляхам супрацоўніцтва, замест таго каб размаўляць на мове санкцый.

Літоўскі еўрадэпутат Броніс Ропе, характарызуючы палітыку Бруселя ў адносінах да Мінска, працытаваў нябожчыка расейскага палітыка Віктара Чарнамырдзіна: “Хацелі як найлепш – атрымалася як заўсёды”.

– Масква адмяніла частку санкцый, мы спадзяваліся, што рэжым Лукашэнкі будзе хоць часткова паважаць правы чалавека.

Таксама ён нагадаў пра рызыку, звязаную з будаўніцтвам БелАЭС, назваўшы яе “патэнцыйнай атамнай бомбай на мяжы ЕС”.

Ягоны суайчыннік, даўні крытык Мінска Пятрас Аўштравічус, назваў зняцце санкцый ЕС жэстам добрай волі, на які беларуская ўлада нічым не адказала.

– Вераснёўскія выбары сфальсіфікаваныя. Ніводзін з палітвязьняў не быў рэабілітаваны. Спецдакладчыка ААН ігнаруюць. Смяротнае пакаранне не адмянілі, працягваюць караць смерцю людзей. АЭС пад Астраўцом працягвае будавацца з парушэннямі стандартаў бяспекі.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі быў больш стрыманы ў ацэнках:

– Несумненна, сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Але мы павінны памятаць, што Беларусь не Партугалія. Яна знаходзіцца там, дзе знаходзіцца. Яе самы важны партнёр – Расія. Я спадзяюся, што намаганні апошніх двух гадоў не знікнуць дарма.

Здраеўскі нагадаў, што Беларусь вызваліла палітвязняў у 2015 годзе, і заявіў, што не падтрымлівае прыняцце рэзалюцыі, хаця і падтрымлівае дэбаты аб сітуацыі ў Беларусі.

– Ніхто тут, напэўна, не жадае аднаўлення санкцый. Але калі рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадства працягнуцца, мы можам прыйсці да рэзалюцыі, якая будзе заклікаць вярнуць санкцыі.

Чэшскі еўрадэпутат Павел Тэлічка заявіў, што “мядовы месяц скончыўся”.

– Мы знялі санкцыі, пайшлі на саступкі, чакаючы зменаў. Зменаў не адбылося, аднавіліся рэпрэсіі, мы павінны вярнуць санкцыі, і яны павінны быць больш жорсткімі, чым раней. Калі мы ўбачым рэформы, будзем дзейнічаць у адказ.

Правакансерватыўны дэпутат Януш Корвін-Міке з Польшчы заявіў, што рэзалюцыя павінна асуджаць дэкрэт аб дармаедстве, а не дзеянні сілавых структур у Беларусі. “Дэманстрантаў і ў іншых краінах затрымліваюць”, – патлумачыў сваю пазіцыю Корвін-Міке.

Еўрадэпутат ад Латвіі Андрэй Мамыкін выступіў супраць прыняцця тэрміновай рэзалюцыі па Беларусі, якая ўтрымлівае заклікі адмяніць смяротнае пакаранне, пункты пра АЭС і выбарчую сістэму.

Агнешка Казлоўская-Раевіч з Польшчы выступіла за тое, каб прыпыніць вылучэнне ўжо ухваленай еўрапейскай фінансавай дапамогі Беларусі да таго часу, пакуль рэпрэсіі не спыняцца.

Еўрапарламент паўгады таму ўжо прымаў рэзалюцыю, якая крытыкуе дзеянні афіцыйнага Менску. У МЗС Беларусі тады заявілі, што дакумент наносіць шкоду нармалізацыі адносін. Тым не менш, тады дыпламат Дырк Шубель з Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД), якая адказвае за рэалізацыю знешняй палітыкі ЕС, заявіў, што рэзалюцыя не зменіць падыход Бруселя да адносінаў з Мінскам. Цяпер жа прадстаўнікі ЕСЗД самі выступілі з рэзкай заявай па сітуацыі ў Беларусі напярэдадні галасавання ў Еўрапарламенце.

tut.by фота Аляксандра Васюковіча


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение