Сваякі затрыманых па справе «Белага легіёну» далі прэс-канфэрэнцыю

З пачатку сакавіка былі затрыманыя, пасаджаныя за краты ці аштрафаваныя ў сувязі з «Маршамі недармаедаў» больш за 300 чалавек, Дзень Волі ў турме сустрэнуць больш за 120 чалавек. У ліку затрыманых — доўгі шэраг палітыкаў, у тым ліку лідэры АГП, БХД, руху «За свабоду» і «Маладога фронту», чальцы іншых партыяў і рухаў, а таксама шараговыя ўдзельнікі «Маршаў недармаедаў» і людзі, якія заяўлялі, што нават не хадзілі на маршы.

13:08

Пачалася прэсавая канфэрэнцыя

Валянцін Стэфановіч перадаў слова Ніне Шыдлоўскай. Тая сказала, што адвакат у панядзелак будзе падаваць скаргу ў пракуратуру адносна незаконнага затрыманьня Міраслава Лазоўскага і тых не ягоных рэчаў, якія нібыта былі знойдзеныя ў ягонай машыне і якія паказала БТ.

13:09

Ніна Шыдлоўская пра затрыманых:

Гэтыя людзі шмат гадоў удзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, але заўсёды яны дапамагалі захаваньню парадку. Гэтыя людзі вывучалі гісторыю, мову, вялі здаровы лад жыцьця. А гэта цяпер інтэрпрэтуецца як падстава для таго, каб абвінаваціць у незаконных дзеяньнях.

13:12

Слова ўзяла нявеста Віктара Данілава Юля Бурштановіч.

Юлія распавяла апошнія зьвесткі пра Віктара, што сёньня ўдалося перадаць яму зубную шчотку і рэчы.

13:15

Юлю Бурштановіч спыталі, як адбываўся ператрус

Юлія Бурштановіч, нявеста Віктара Данілава, пачала распавядаць тое, што ўжо раней казала Свабодзе: як уварваліся міліцыянты, зламаўшы дзьверы.

Пра ператрус: «Забралі, напрыклад, адзеньне. Тое, што ў яго было двое нагавіцаў колеру хакі, ім паказалася падазроным».

Нагадала, што Віктар законна меў вучэбныя гранаты і муляжы, бо выкладаў ВВП у школе № 55.

Юлія Бурштановіч

13:17

Данілаў — як Загорскі ў Караткевіча

Юлія кажа, што яны зь Віктарам Данілавым знаёмыя 4 гады:

«Лічу, што ён сапраўды абаронца. Ён заступаецца за людзей, за жывёл і пры гэтым вельмі прыстойны і адукаваны. Гэта для мяне як вобраз Алеся Загорскага з „Каласоў пад сярпом тваім“ Уладзімера Караткевіча».

13:18

Да Барстока не пускаюць адваката

Дзяўчына Алеся Барстока распавяла, як уварваліся да іх, забралі рэчы, павезьлі ў гараж, там нічога не знайшлі. Дагэтуль да яго не пусьцілі адваката і зьвестак пра яго няма.

Аляксандра Барсток

13:24

Кавальчук ня мае дачыненьня да «Белага легіёна»

Квавальчук Аляксей, брат Кавальчука Івана, кажа, што ў яго таксама зусім мала інфармацыі пра арышт брата. Той вучыцца на апошнім курсе БНТУ, яшчэ і працуе. Затрымалі каля інтэрнату, правялі ператрус безь яго. «Няма пацьверджаньня, ці ягоныя рэчы забралі».

У Івана ёсьць хобі — ён дыгер, у яго была камуфляжная вопратка, каска, бо ён захапляецца і гісторыяй. Брат ня быў затрыманы ў міліцыі, нідзе ня ўдзельнічаў. Адвакат сказаў, што яму «шыюць» справу «Белага легіёна», хаця ён ня мае дачыненьня да арганізацыі.

Аляксей Кавальчук

13:27

Стэфановіч заклікаў улады закрыць справу «Белага легіёна»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: «Мы ня ведаем падрабязнасьцяў справы, але тое, што ведаем, што з 3 сакавіка, як пачаліся масавыя акцыі супраць дэкрэту № 3 ужо затрымана больш за 200 чалавек, што ўлады аднавілі свае былыя мэтады па захопу актывістаў і журналістаў. Па БТ зноў нагнятаецца гістэрыя страху, пра нажы і кастэты, хаця мы адсочваем, і такіх справаў у судах не было.

Гэта справа — частка гістэрыі, мы просім улады яе спыніць. Канстатуем значнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека».

Валянцін Стэфановіч

13:30

Шыдлоўская пра сьляды зьбіцьця Лазоўскага: Зьбітая галава, траўмы

Міраслаў Лазоўскі цяпер пачуваецца больш-менш нармальна, кажа адвакат. Дадала, што ў Міраслава былі толькі нунчакі ягоныя, усе іншыя рэчы, якія паказала БТ, — не ягоныя.

Юлія Бурштановіч, Ніна Шыдлоўская, Аляксей Кавальчук

13:30

Шыдлоўская: «Першы раз бачу чалавека, які называецца Палтаржыцкім»

Яўген Палтаржыцкі сьведчыў па БТ пра падрыхтоўку да акцыі 25 сакавіка.

Ніна Шыдлоўская абвергла прыналежнасьць да «Белага легіёну» Яўгена Палтаржыцкага, героя матэрыялу БТ, дзе фігуруе хованка са зброяй у Стаўбцоўскім раёне, зробленая нібыта сябрамі былой вайскова-спартовай арганізацыі "Белы Легіён".

Пытаньне: Ці ведалі гэтыя асобы адзін аднаго?

Ніна Шыдлоўская: «Некаторыя паміж сабой вельмі знаёмыя. Чалавечыя сувязі ёсьць, Лазоўскі хрысьціў дзіця ў Дундукова. Але з гэтага не вынікае, што гэта была нейкая злачынная група».

13:36

Такога ніхто не чакаў

На пытаньне, ці былі размовы напярэдадні, што можа такое здарыцца, Шыдлоўская адказала:

«Ніхто ня думаў, што пойдзе такі сцэнар. Калі абмяркоўвалі 25 сакавіка, дык усе хлопцы былі супраць нейкага перагароджваньня праспэкту ці яшчэ чаго. Для мяне сыгналам стала ілжывая фэйкавая ўлётка, распаўсюджаная з акаўнту Мірастава. Я падумала, што можа быць правакацыя, яна рыхтуецца загадзя».

Аляксандра Барсток дадала, што яе муж Сяргей Барсток нічога ня ведаў напярэдадні, не выказваў занепакоенасьць.

13:42

Далучылася Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч сказала, што Зьмітра Дашкевіча трымаюць у СІЗА на Валадарскага. Адвакат да яго яшчэ не патрапіла. Наста заявіла, што інфармацыя дзяржаўных мэдыяў «абсалютна хлусьлівая і нахабная». Інфармацыю КДБ назвала трызьненьнем. Сказала, што вобшук у яе дома праходзіў безь яе, але ніякіх забароненых рэчаў у іх не было.

13:44

Затрымана 6 маладафронтаўцаў

Наста Дашкевіч пералічыла затрыманых маладафронтаўцаў — іх 6 чалавек. Апошнім назвала Арцёма Леўчанку, якога маці знайшла на Валадарцы толькі ўчора, бо ніякай інфармацыі не давалі. Прэсавая канфэрэнцыя скончаная.

«Радыё Свабода»