Макей пра арышты: «Ёсьць асьцярога, што працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўразьвязам можа спыніцца»

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пракамэнтаваў затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў «недармаедаў» і рэакцыю на іх Эўразьвязу 15 сакавіка пасьля сустрэчы зь міністрам замежных і эўрапейскіх спраў Бэльгіі Дыдʼе Рэйндэрсам, перадае БелаПАН.

Уладзімер Макей, архіўнае фота

«Заўсёды ёсьць асьцярога, што крохкі працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўразьвязам можа застопарыцца ці спыніцца», — адказаў ён на пытаньне інфармагенцтва адносна таго, ці не баіцца ён, што масавыя затрыманьні «недармаедаў» нэгатыўна адабʼюцца на стасунках з Эўразьвязам.

Макей сказаў, што ведае пра каштоўнасьці Эўразьвязу і іх значэньне для краін-удзельніц, але заявіў, што там ішлі да дэмакратыі «нават не дзясяткі, а сотні год»:

«Укараненьне сапраўднай дэмакратыі ў сапраўды эўрапейскім разуменьні гэтага слова патрабуе доўгага часу, патрабуе зьмены мэнталітэту і псыхалёгіі людзей, — казаў Макей. — Трэба ў гэтым пляне працаваць і з грамадзянскай супольнасьцю.

Што тычыцца канкрэтных затрыманьняў, ведаеце, там трэба паглядзець на ўдзельнікаў гэтых маніфэстацыяў і вызначыць, хто там удзельнічаў — ці тыя асобы, хто непасрэдна быў закрануты палажэньнямі гэтага дэкрэту. Нам здаецца, што вельмі многія асобы, і тут унутры, і за межамі Беларусі, спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя акцыі ў сваіх асабістых мэтах.

Я не хачу сказаць, што затрыманьні абсалютна правільныя. Я хачу проста перасьцерагчы ад таго, каб гэтыя нешматлікія дэманстрацыі былі выкарыстаныя ў якіх-небудзь палітычных мэтах».

Макей выказаў упэўненасьць, што Беларусь «пройдзе праз гэты этап», бо «такога кшталту цяжкасьці» пэрыядычна ўзьнікаюць на шляху нармалізацыі стасункаў з Эўразьвязам. Ён лічыць важным «своечасова інфармаваць пра ўсе акалічнасьці і абмяркоўваць шляхі выхаду з падобных сытуацыяў».

Рэйндэрс жа сказаў на прэс-канфэрэнцыі, што далейшыя крокі па дэмакратызацыі Беларусі, а ў іх ліку таксама скасаваньне сьмяротнага пакараньня, могуць адыграць станоўчую ролю ў спрашчэньні візавага рэжыму. Ён дадаў, што апошнімі месяцамі стала магчымым выбудоўваць зь Беларусьсю больш канструктыўныя стасункі дзякуючы крокам Беларусі, якія зрабілі магчымым зьняцьце санкцыяў.

Тым часам у Беларусі ў сувязі з «Маршамі недармаедаў» затрымалі, пасадзілі на суткі альбо аштрафавалі больш за 100 чалавек, у тым ліку аштрафаваныя два журналісты.

Прадстаўнікі Эўразьвязу ў Беларусі раней заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых і ўстрымацца ад гвалту. Рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў, палітычных актывістаў і журналістаў могуць паставіць пад пагрозу «лібэральную адлігу» ў адносінах з Брусэлем і Вашынгтонам.

АА, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение