Алексіевіч: «Лукашэнка яшчэ загаворыць па-беларуску... Пачакайце»

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч 13 лютага выступіла ў Менску на канфэрэнцыі «Мэдыі Беларусі: выклікі і шанцы». Вось некаторыя яе выказваньні.

Сьвятлана Алексіевіч

Я заўжды думала, што журналісты — шчасьлівыя людзі. Яны робяць у прафэсіі тое, што іншыя вымушаныя робяць па-за працай і пра што мараць. Ты можаш вучыцца ў людзей, вучыцца ў асобы. Бо ў маім разуменьні, самая лепшая вучоба — гэта, вядома ж, у асобы.

Асоба — гэта спрасаваны час.

Хлопцы, якія сядзелі ў турме, той жа Лябедзька... гэта ўсё годна павагі, але ня гэтыя людзі возьмуць уладу, калі нешта ў нас пераменіцца.

Уладу возьмуць зусім іншыя людзі, якіх мы можа нават не адрозьніваем у натоўпе. Дай бог, каб гэта былі людзі «бяз Трампа у галаве», без папулізму таннага, без таго, што сучасныя праблемы можна вельмі лёгка вырашыць, бо яны зусім ня лёгка вырашаюцца.

[Абама] быў для мяне тыпам палітыка будучыні. Калі галоўны сьветапогляд чалавека стаіць не на пазыцыі сілы, а на каштоўнасьці чалавечага жыцьця, каштоўнасьці іншага.

У нас няма новых думак. Хіба толькі нацыянальная думка, і тое яна ня так прасунутая, як у Чэхіі ці Польшчы. Яна ня так інтэлектуальна прадуманая, адрэфлексаваная. У 90-я гады там шмат было асэнсаваньня таго, што адбылося. У нас час быў спынены, і эліта не адыграла сваёй ролі. Яна не абжыла гэтую траўму і найбольш засяродзілася на траўме моўнай. Насельніцтву гэта было не зразумела абсалютна. Толькі цяпер, калі прайшло дваццаць з чымсьці гадоў, дзеля Валодзі Арлова краму закрылі на гадзіну пазьней, бо было столькі жадаючых купіць ягоную кнігу. Вельмі часта вышыванкі на вуліцах, беларуская мова пасярод моладзі. І, дарэчы, гэта ня вельмі падхоплена дэмакратычнымі рухамі, бо, думаю, імі кіруюць людзі прыблізна майго ўзросту, якія не перайшлі ў эпоху іншага думаньня.

У Лукашэнкі раней было болей шанцаў, ён больш валодаў масавай сьвядомасьцю. Цяпер ён ужо пастарэў, энэргетыка ўпала, і народ паразумнеў.

Зьміцер Бартосік паехаў у маю вёску і запісаў настаўнікаў. І гэта, канечне, жах, то яны думаюць.. Нібыта «Абама патэлефанаваў у швэдзкі камітэт і яны здрадзіла радзіме». Вы можаце сабе ўявіць, што такія настаўнікі вучаць дзяцей?! І яны вучылі нас. Гэта катастрофа. Адукацыя — самае слабае нашае зьвяно.

Я не народнік па перакананьнях. Ніякага падлашчваньня да народу ў мяне няма. Я ўсё юнацтва правяла ў вёсцы, шмат езьдзіла па вёсках, калі была журналістам. Я ведаю, што залежаць ад большасьці і асабліва ад нашай сялянскай часткі, ня варта.

Як быць шчасьлівым у трывожны час? Закахацца! Гэта вельмі проста.

У нас праблема: на чале аніводнай справы няма асобы, якая магла б не падпарадкоўваць, а аб’ядноўваць людзей. Калі такія людзі зьяўляюцца, дык трэба іх «зьесьці», як «зьелі» Мілінкевіча. Уся гэтая маленькая дэмакратычная кампанія сабралася і «зьела» досыць цікавага чалавека, асобу, якая прадстаўляла б нашую Беларусь. А так зламалі ягоную волю, зламалі ягоны інтарэс да палітыкі.

Пазьняка не хапіла. Ён аказаўся вузкім чалавекам. Трэба было заставацца тут і ісьці да канца, разам з народам прайсьці гэты шлях. А даваць здалёк нейкія чумныя ўказаньні, думаць, што паўсюль правакатары... Уся гэтая кансьпіралёгія ад бездапаможнасьці. Ад таго, што няма інтэлектуальнай эліты, якая магла б гэта пераварыць.

[Да моладзі] Не такія вы несавецкія, як вам падаецца. Вас вучылі савецкія настаўнікі па савецкіх падручніках. Усё нашае беларускае жыцьцё пранізанае савецкімі паняткамі... Мне не здаецца, што вы такія свабодныя... Вы яшчэ не заявілі сябе як сілу, якая возьме на сябе адказнасьць за дзяржаву. Вас няма як сыстэмы перакананьняў

Калі б я была прэзыдэнтам, я б пастаралася зразумець, што такое грамадзтва. Даць свабоду — газэтам, часопісам выбарам. Каб нарэшце мы зразумелі, хто мы. Бо мы ня ведаем, хто мы. Мы ведаем толькі, наколькі ўлада ўсё заціснула... Маё падазрэньне: людзі разумнейшыя за ўладу і апазыцыю.

Будзем верыць у «эфэкт травы». Людзі, якія маюць цяпер уладу, яны шмат што могуць зрабіць. Але спыніць час яны дакладна ня могуць.

Мы з вамі дажывем, што Лукашэнка загаворыць па-беларуску і надзене вышыванку. Пачакайце. Больш нічога не застанецца.

“Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение