Радзім Гарэцкі: Музэй Гарэцкага павінен застацца ў Багацькаўцы

Над Музэем Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка навісла пагроза закрыцьця. Мсьціслаўскія чыноўнікі плянуюць перанесьці яго ў раённы цэнтар. Узьніклую сытуацыю мы абмеркавалі з пляменьнікам пісьменьніка акадэмікам Радзімам Гарэцкім.

Радзім Гарэцкі

— Радзім Гаўрылавіч, як вы ставіцеся да пераносу музэю з Малой Багацькаўкі ў Мсьціслаў?

— Мая прынцыповая пазыцыя — хата Гарэцкіх павінна быць у Багацькаўцы. Ніхто ж не зьбіраецца музэй Пушкіна зь Міхайлаўскага перавозіць у Пскоў, ці Ясную Паляну ў Тулу. Разумееце, і Міхайлаўскае, і Ясная Паляна трымаюцца на тым, што там жылі Пушкін і Талстой. І нікому ў галаву не прыходзіць праводзіць іхнюю «аптымізацыю». А ў Беларусі з-за нашай беднаты і такіх адносінаў да культуры падобнае, аказваецца, магчыма. На жаль, сытуацыя ў малой Багацькаўцы такая, што калі не перавозіць, хата ўсё роўна разваліцца. Яе зьеў шашаль, яна не даглядаецца, не ацяпляецца. У вёсцы сёньня ўсяго пяць чалавек жыве.

Максім Гарэцкі

— Музэй-сядзіба Адама Міцкевіча ў Завосьсі ўвогуле ў чыстым полі стаіць.

— І ўсе туды езьдзяць. І ў Багацькаўку маглі б езьдзіць. Але няма каму даглядаць той музэй, адна наглядчыца памерла, другая замуж выйшла і зьехала. Чыноўнікі кажуць, што на ўтрыманьне хаты ў вёсцы няма грошай. Музэй-сядзіба Максіма Гарэцкага калісьці адносілася да Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры. Але ў 2011 годзе яе перадалі ў Мсьціслаў, зрабілі філіяй раённага гісторыка-архэалягічнага музэю.

— Чыноўнікі гавораць пра малую наведвальнасьць Музэю ў Малой Багацькаўцы. А вось у Мсьціславе гэтая праблема нібыта зьнікне.

— Раней і ў Багацькаўцы музэй наведвала даволі многа людзей. Прыяжджалі мясцовыя школьнікі, з другіх гарадоў наведнікі, нават зь Пецярбургу завітвалі. Трэба ж зацікаўліваць людзей, арганізоўваць экскурсіі. А там жа ніякай рэклямы не было. Ды мясцовым уладам той музэй, як кажуць, да лямпачкі. Мне тэлефанавала Людміла Сяргееўна Кірыенка, загадчыца Мсьціслаўскага гісторыка-архэалягічнага музэю. У іх такая ідзе тэндэнцыя. На Мсьціслаўшчыне праводзіцца рэфэрэндум — людзям задаецца пытаньне: «Перавозіць музэй у Мсьціслаў, ці пакінуць у Багацькаўцы?» І нібыта каля 80% адсоткаў апытаных за тое, каб перавозіць. Ужо і месца добрае знайшлі. Але як перавозіць? Цалкам — гэта адна справа, а калі парушыць — другая. У абодвух выпадках гэта нятанна. Трэба ж было спачатку выдаткі падлічыць. А яны пачалі з рэфэрэндуму. Адносна нядаўна мы перажылі вельмі сумную гісторыю, таксама зьвязаную з Максімам Гарэцкім. У Горках стаяў дом, у якім жылі Максім і Гаўрыла Гарэцкія, туды да іх прыяжджалі Якуб Колас, Юрка Гаўрук, Паўліна Мядзёлка, другія вядомыя людзі. Калі ў 1993 годзе адзначаліся 100-я ўгодкі Максіма Гарэцкага, Савет Міністраў прыняў пастанову зрабіць там музэй. Прайшло некалькі гадоў, здавалася, усё будзе добра. Ды раптам — Дажынкі, едзе самы галоўны начальнік, а тут нейкі дом Гарэцкіх занядбаны стаіць. І мясцовыя ўлады прынялі рашэньне разбурыць той гістарычны дом. А на яго месцы паставіць памятны знак... Так і цяпер прапаноўваецца — хату з Багацькаўкі перавезьці, а на яе месцы паставіць знак, што тут была хата, у якой нарадзіўся Максім Гарэцкі.

Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка. Фота 16 лістапада 2015 году

— Дык а што з тым домам у Горках?

— І духу ад яго не засталося! Там цяпер трава расьце. І самае цікавае — аніякага знаку няма. Ні дому, ні знаку. Баюся, што і ў Багацькаўцы тое самае будзе. Раскідаюць музэйную хату, а з тых бярвеньняў нельга ўжо будзе скласьці, можа, іх шашаль патачыў, трэба будзе новыя будматэрыялы шукаць. А гэта дорага. І паўторыцца сытуацыя, як у Горках. Гэта самае страшнае, што можа быць.

— Музэй у Багацькаўцы пачаў будавацца яшчэ ў Савецкім Саюзе, а адчынялі яго ўжо ў незалежнай Беларусі. Якая гісторыя яго ўзьнікненьня?

— У 1985 годзе выйшла кніга Уладзімера Караткевіча пра Мсьціслаў, дзе якраз і была выказаная прапанова наконт музэю. І гэтая думка неяк шырока разышлася, дайшла да другога сакратара ЦК КПБ Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна. Ён, як куратар Акадэміі навук, бываў на нашых паседжаньнях. І вось аднойчы ён падыходзіць да мяне і кажа: «Трэба зрабіць музэй усіх Гарэцкіх на іх радзіме». Усе Гарэцкія — гэта Максім Гарэцкі, акадэмік Гаўрыла Гарэцкі (мой бацька), і я — тады ўжо таксама акадэмік, дырэктар акадэмічнага інстытуту. Тады яшчэ быў жывы мой бацька, я зь ім пагаварыў. Бацька вельмі ўзрадаваўся, але быў катэгарычна супраць «музэю ўсіх Гарэцкіх». Ён сказаў: там павінен быць музэй Максіма Гарэцкага, і кропка. Я перадаў бацькавы словы Кузьміну. Той пагадзіўся і папрасіў, каб Гаўрыла Іванавіч склаў плян сядзібы і зрабіў падрабязнае яе апісаньне. І бацька зрабіў. Кузьмін (у нас былі даверлівыя адносіны) сказаў, што на такі музэй патрэбен дазвол Масквы. Трэба шмат інстанцый прайсьці — і ЦК, і Савет Міністраў — і наш, і саюзны. Дазвол атрымаць наўрад ці ўдасца — гэтак мне Кузьмін гаворыць. А я, кажа, зьяўляюся дэпутатам Вярхоўнага савету БССР па Мсьціслаўскай акрузе, і я там — свой чалавек. Бяру ўсю адказнасьць на сябе. Кузьмін дамовіўся зь першым сакратаром Мсьціслаўскага райкаму Катушкіным, той даў загад старшыні калгаса, і пайшла будоўля... Пару разоў мы з Кузьміным езьдзілі паглядзець, як ідуць справы. Ехаць зь ім было адно задавальненьне — міліцыянты толькі казыралі на скрыжаваньнях. А адчынялі музэй якраз на стагодзьдзе Максіма Гарэцкага — у 1993 годзе. Бацькі ўжо не было, ды і Кузьмін быў на пэнсіі. А ў той час вельмі важнай пэрсонай быў Ніл Гілевіч, які падтрымаў ідэю адкрыцьця музэю і сам удзельнічаў у адкрыцьці.

Шыльда на доме літаратурнага музэю Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка. Фота 16 лістапада 2015 году

— А яшчэ мсьціслаўскія чыноўнікі ад культуры кажуць, што ў багацькаўскім музэі амаль няма арыгінальных экспанатаў. Ці перадавалі вы туды нейкія рэчы, што належалі Гарэцкім?

— Справа ў тым, што пасьля Максіма Гарэцкага ніякіх рэчаў не засталося. Была ў нас толькі невялічкая ікона Маці Божай. Перад ёй калісьці малілася мая бабуля, маці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. І гэта была самая дарагая сямейная рэліквія. А ў менскім Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры таксама быў куток Максіма Гарэцкага. І музэйшчыкі вельмі прасілі ў мяне тую ікону. Я падумаў-падумаў і — аддаў яе туды. А калі пабудавалі музэй у Малой Багацькаўцы, я хацеў перадаць ікону туды. І тут мне ў менскім музэі гавораць, што яе ў іх няма! Маўляў, прыбіральшчыца выпадкова выкінула ў сьметніцу... Вось як адбылося. Ікона тая ўсё ж уяўляла зь сябе немалую каштоўнасьць. І ў мяне такое ўражаньне, што яе хтосьці камусьці збыў па добрай цане.

— Я бачыў плян-схему і апісаньне хаты ў Багацькаўцы, зробленыя вашым бацькам. Дарэчы, яе агульная плошча складала 126 квадратных мэтраў. Апісаньне вельмі падрабязнае — нават пералічана, якія дрэвы ў садзе расьлі. Мне здаецца, там і паловы з таго пляну зроблена не было.

— Так, на жаль, далёка ня ўсё зрабілі. Разумееце, Кузьміна на пасадзе ўжо не было, не было каму справу штурхаць. Багацькаўскія сяляне былі спачатку вельмі радыя, што музэй у іх паявіўся. Але да вёскі не было добрай дарогі. Побач заасфальтаваная дарога Мсьціслаў — Горкі, а паўтара кілямэтра да Багацькаўкі праехаць было немагчыма — такая гразюка. І сяляне пачалі абурацца, маўляў, нашто нам той музэй, калі дарогі няма? І я быў вымушаны шмат разоў зьвяртацца да тагачаснага старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Васіля Лявонава. Урэшце ён зьлітаваўся і загадаў заасфальтаваць той участак.

Кнігі Максіма Гарэцкага

— Другі сакратар ЦК КПБ Кузьмін, першы сакратар Мсьціслаўскага райкаму Катушкін, кіраўнік Магілёўскай вобласьці Лявонаў — усе яны разумелі, хто такі Максім Гарэцкі і навошта патрэбен ягоны музэй. А цяперашнія кіраўнікі, атрымліваецца, не разумеюць?

— На словах і яны разумеюць. Называюць Максіма Гарэцкага нашым клясыкам, нашым гонарам і г.д. Словы вельмі добрыя, але яны чамусьці ў справы не ператвараюцца. Мы нядаўна зьбіраліся ў Фондзе культуры спэцыяльна па гэтай справе. І прыйшлі да высновы, што хату ў Багацькаўцы трэба пакінуць і ратаваць яе як толькі магчыма. Калі мсьціслаўскія ўлады хочуць будаваць нешта ў Мсьціславе — хай будуюць, але старую хату хай не чапаюць, яна на сваім месцы. Калі яе зламаюць, гэта стане прыкладам і для іншых музэйных сядзібаў. Для тых жа быкаўскіх Бычкоў ці броўкаўскіх Пуцілкавічаў. Скажуць — і яны нікому непатрэбныя, бо туды мала хто езьдзіць. А я лічу, што музэй усё ж павінен быць там, дзе творца нарадзіўся і жыў. Вунь у Ждановічах яшчэ адну сядзібу-музэй Быкава адкрылі. На зіму ўсю экспазыцыю забіраюць, а летам назад прывозяць. Ну што гэта такое? І ў Бычках таксама сытуацыя кепская. Ёсьць небясьпека, што ліквідацыя музэю ў Багацькаўцы паспрыяе ліквідацыі і Бычкоў, і іншых музэяў-сядзібаў.

— Магілёўскія ўлады ўжо шмат гадоў тармозяць стварэньне Музэю Алеся Адамовіча ў Глушы на Бабруйшчыне. Хоць людзі грошы зьбіраюць, Сьвятлана Алексіевіч (дзякуй ёй!) ахвяравала пяць тысячаў даляраў. Хутчэй за ўсё, калі закрыецца Музэй у Багацькаўцы, — будзе пастаўлены крыж і на Глушы. Сытуацыя ж, з гледзішча чыноўнікаў, аналягічная.

— Мсьціслаўскім уладам, наколькі я разумею, ня хочацца за ўсё адказваць. Тая самая Людміла Сяргееўна Кірыенка мне гаварыла: «Вось у Багацькаўку Алег Дзьячкоў езьдзіць, дык няхай бы ён там і страху парамантаваў». А я ёй — пры чым тут Дзьячкоў, які ўзначальвае магілёўскую філію ТБМ? Гэта ваша справа, а не яго. Трэба падзякаваць Дзьячкову і яго камандзе, што прыедуць і парадак там навядуць. Усе стараюцца на каго-небудзь справу сьпіхнуць. Вось каб нехта зь менскага начальства загадаў прывесьці ў належны стан багацькаўскі музэй — тая ж кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава, якая на спэктакль «Дзьве душы» ў Купалаўскі тэатар прыходзіла. Гэта быў бы штуршок, які прымусіў бы чыноўнікаў на месцы нешта рабіць.

Міхась Скобла, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение