Пасол Беларусі правёў шэраг сустрэч у Ватыкане, у тым ліку з папам Францыскам

Пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі і пры Святым прастоле па сумяшчальніцтве Сяргей Алейнік 9—12 студзеня знаходзіўся з рабочай паездкай у Ватыкане.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, Алейнік прыняў удзел у навагодняй аўдыенцыі папы рымскага Францыска для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым прастоле, падчас якой адбылася яго кароткая размова з пантыфікам.

Беларускі дыпламат таксама сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам П'етра Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі (міністрам замежных спраў) Ватыкана арцыбіскупам Полам Галахерам.

Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы ход рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых у час афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан у маі 2016 года.

Пасол Беларусі таксама сустрэўся з дырэктарам Музеяў Ватыкана Барбарай Джатай і прэфектам Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі Чэзарэ Пасіні. Падчас сустрэч "разгледжаныя крокі па далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў галіне культуры", паведамляе прэс-служба.

БелаПАН