Маршалак Падляскага ваяводзтва: Вядзём перамовы, каб і беларусы да нас маглі езьдзіць бязь візаў

Ад 26 кастрычніка пачаў дзейнічаць бязьвізавы парадак уезду і выезду замежных грамадзян у Беларусь у адмысловы турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя да яго тэрыторыі. Падарожнічаць бязь візы турысты змогуць да пяці сутак.

Маршалак Падляскага ваяводзтва Ежы Ляшчынскі (зьлева) і старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў (справа)

Першымі турыстамі, якія ўехалі бязь візаў, стала польская дэлегацыя зь Беластоку на чале з маршалкам Падляскага ваяводзтва Ежы Ляшчынскім. Дэлегацыя перасекла мяжу на памежным пераходзе «Лясная–Рудаўка» на прагулачным катэры. Сустракаў польскую дэлегацыю старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў.

Ежы Ляшчынскі, ступіўшы на бераг Аўгустоўскага канала, сказаў журналістам, што першыя ўражаньні ад падарожжа станоўчыя. Паводле яго, і на польскім баку шмат робіцца, каб разбудаваць інфраструктуру і зрабіць Аўгустоўскі канал суднаходным на ўсім яго працягу. Маршалак выказаў спадзяваньне, што гэта ня толькі палепшыць стасункі паміж людзьмі, але і стане штуршком для пашырэньня эканамічных кантактаў.

Журналістаў адразу зацікавіла пытаньне – ці мае намеры польскі бок, у прыватнасьці Падляскае ваяводзтва, зрабіць падобны крок для беларусаў – адкрыць бязьвізавы ўезд.

Ежы Ляшчынскі (зьлева) і Ўладзімер Краўцоў (справа)

«Так, мы хацелі б гэта зрабіць, вядзем перамовы з нашым дыпляматычным корпусам, і думаю, што гэта таксама цалкам магчыма. Але гэтае пытаньне павінны будуць вырашыць нашы дыпляматы ў Брусэлі», – адказаў Ляшчынскі.

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў заўважыў, што бязьвізавы рэжым адкрывае новыя магчымасьці ня толькі ў разьвіцьці турызму, але і ў разьвіцьці бізнэсу. Паводле яго, навіна выклікала вялікую цікаўнасьць у многіх краінах, і мы, маўляў, будзем імкнуцца гэта выкарыстаць.

«Мы ўжо цяпер па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва ўдзельнічаем у 70 праектах і павінны зрабіць значна болей. Да прыкладу, задзейнічаць нашы магчымасьці на чыгунцы, а таксама магчымасьці нашага аэрапорту. Падарожжы таннымі лініямі лаўкостараў сёньня даволі папулярныя ў сьвеце, то чаму мы ня можам выкарыстоўваць гэтыя магчымасьці?», – сказаў Краўцоў.

На Аўгустоўскім канале польская дэлегацыя наведала музэй канала, а таксама памежны пераход «Сафіёва–Ліпчаны». У Горадні сёньня быў урачыста адкрыты інфармацыйна-турыстычны цэнтар Падляскага ваяводзтва. Інфармацыйная прадукцыя пра Падляскае ваяводзтва, якую прапануюць у цэнтры, – пераважна на расейскай мове, ёсьць яшчэ па-польску і па-літоўску.

Ежы Ляшчынскі і Ўладзімер Краўцоў урачыста адкрываюць інфармацыйна-турыстычны цэнтар Падляскага ваяводзтва ў Горадні

Кіраўнік інфармацыйнага цэнтру ў Горадні Сяргей Каляда назваў сёньняшнюю падзею гістарычнай і прапанаваў маршалку Ляшчынскаму павесіць у рамачку дакумэнт №1, які ён атрымаў на права ўезду пры бязьвізавым рэжыме. Паводле Каляды, інфармацыйны цэнтар падрыхтаваўся для таго, каб інфармаваць турыстаў з усёй Эўропы.

Сяргей Каляда, кіраўнік Гарадзенскага абласнога інфармацыйнага цэнтру

«Я сёньня адключыў тэлефон, бо вельмі шмат тэлефанаваньняў, прычым з самых розных краін Эўропы: немцы тэлефанавалі, чэхі, літоўцы, дзяўчына з Італіі тэлефанавала. Я сёньня папросту ня ў стане адказваць на гэтыя тэлефанаваньні, а заўтра буду гэтым займацца. Вось нядаўна сёньня зарэгістраваліся два гішпанцы, хочуць прыехаць да нас. Падобна, што ўсё закруцілася, і мы да гэтага падрыхтаваліся. У нас ёсьць у інфармацыйным цэнтры адмыслоўцы зь веданьнем і ангельскай, і нямецкай, і польскай, і іншых моваў. Так што будзем працаваць».

Уезд на тэрыторыю Беларусі бязь візы можна праз памежныя пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая») – на мяжы з Польшчай; «Прывалка» («Швяндубрэ»), «Прывалка» («Райгардас») – на мяжы зь Літвой.

У Беларусь замежнікаў будуць пускаць бязь візы ня больш як на пяць дзён і толькі ў парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя тэрыторыі. Гэтымі прылеглымі тэрыторыямі лічацца Горадня, а таксама пяць сельсаветаў: Адэльскі, Госкі, Капцёўскі, Падлабенскі і Сапоцкінскі.

Міхал Карневіч, «Радыё Свабода»