Віктар Марціновіч: Беларускі сьвет і «русский мир» усё больш разыходзяцца

У эпоху чытацкае крызы кнігі гэтага пісьменьніка расхопліваюцца ў кнігарнях, а для іх прэзэнтацый выбіраюцца ўсё больш прасторныя залі. У чым сакрэт посьпеху творцы, і пра што яго новы раман «Возера радасьці»? Госьцем перадачы – Віктар Марціновіч.

Віктар Марціновіч

– Віктар, «Возера радасьці» прыцягальнае ўжо самой назвай, бо «радасных» загалоўкаў у нашай літаратуры яўна бракуе. Я неяк налічыў ажно 25 беларускіх кніг, у назове якіх прысутнічае слова (корань) «крыж» («На крыжах» Васіля Быкава і г. д.). Як вам удаецца пісаць прозу, якая проста выпраменьвае пазытыў, у наш далёка ня радасны час?

– Дзякуй, што пабачылі пазытыў, бо хтосьці з чытачоў напісаў, што «Возера радасьці» – вельмі дэпрэсіўны раман. Так яму падалося. На мой погляд, гэта сьветлая кніжка пра тое, як чалавек, спатыкаючыся з пэўнымі пакутамі і выпрабаваньнямі, захоўвае сьвятло ў душы. Мне падаецца, што цяпер патрэбныя якраз такія кнігі, дзе без прыхарошваньняў расказваецца пра наш час. Пазытыў – гэта стан сьвядомасьці, гэта не аб’ектыўнае нешта, і ў любым жыцьці заўсёды ёсьць дастаткова прычынаў, каб загнацца, расчаравацца, каб стаць пэсымістам. Але ёсьць дастаткова нагодаў і для аптымізму. Пытаньне ў тым, чым ты сябе напаўняеш. Нягледзячы на ўсе складанасьці, трэба спрабаваць быць аптымістам і думаць пра тое возера радасьці, якое ёсьць над нашымі галовамі.

– Нездарма галоўная гераіня раману Яся пачынае аднойчы выконваць ролю сьветлячка. Гэты эпізод у маскоўскай рэстарацыі падаецца мне кульмінацыяй усёй дзеі.

– Так, можна лічыць гэта кульмінацыяй. Скажам, у рамане «Мова» праводзілася думка, што адносіны паміж сучаснымі людзьмі – гэта шмат у чым адносіны паміж дылерам, барыгам і спажыўцом наркаты. Згаданы вамі эпізод зь Ясяй-сьветлячком – пра тое, што спажывецкае грамадзтва, у якім мы жывем, прадае ўсё, у тым ліку сяброўства. Яся прадае сваё сьвятло, сваё цяпло, але ўрэшце яна разумее, што так рабіць ня трэба.

– Самы таямнічы герой «Возера радасьці» – Ясін бацька, уплывовы ў Беларусі чалавек, які скарыстоўвае свае сувязі для таго, каб давесьці да жыцьцёвага адчаю ўласную дачку. Але прычыны гэтага ў рамане не зусім зразумелыя.

– Ясін бацька – буйны бізнэсовец. У пэўны момант да яго прыходзяць, і ён канчае так, як скончыў шмат хто з алігархаў у Беларусі.

– У сьледчым ізалятары КДБ.

– Так. І прычына, па якой ён туды трапляе, наўпрост зьвязана зь ягонай нелюбоўю да дачкі. Пачытайце больш уважліва – і ўсё зразумееце.

– Тое возера радасьці, якое трапіла на вокладку кнігі, знаходзіцца на Месяцы – дзесьці там, дзе і Мора Яснасьці, і Мора Спакою. А што можа стаць крыніцай радасьці для людзей тут, у Беларусі?

– Мне здаецца, што ўсе крыніцы знаходзяцца ў нас саміх. Я не філёзаф, але крыніца радасьці, па-мойму, – гэта тое, на што ты скіроўваеш прамень сваёй увагі ўнутры сябе. Я думаю, што і ў сьледчым ізалятары КДБ можна знайсьці духоўнае апірышча і адчуваць сябе шчасьлівым. Стан шчасьця – самы цікавы з усіх станаў чалавечай сьвядомасьці. Напрыклад, сёньня мяне аблаяў крытык, і сёньня холадна. Але сёньня ў мяне прэзэнтацыя, сёньня мы з вамі сустрэліся, каб грунтоўна пагаварыць пра раман, і вы цікавыя пытаньні задаяце. Дык вось, калі я буду думаць пра таго крытыка і сёньняшні холад, я буду нешчасьлівы. А калі я буду думаць пра тое, што сёньня ўвечары сустрэча з чытачамі, што вы прачыталі раман, – гэта будзе шчасьцем.

– А вас можа зрабіць нешчасьлівым чыясьці крытыка?

– Мне здаецца, што кожны сур’ёзны творца заўсёды задаецца пытаньнямі: «А ці правільна я ўсё раблю? Ці так трэба рабіць?» Калі такіх пытаньняў няма, калі ён проста захоплены сваёй асобай, калі ён з пыхай скача на кані ўласнага эга, то, на мой погляд, гэта несапраўдны творца. Сапраўдны творца мусіць задавацца такімі пытаньнямі, бяз гэтага няма разьвіцьця. І Быкаў, і Караткевіч (сур’ёзныя, знакавыя, іканічныя асобы) задавалі сабе такія пытаньні. Пачытайце дзёньнікі Караткевіча – там увесь час роспач пэўная. А крытыкі часам гэтай роспачы пісьменьнікам падбаўляюць.

– «Возера радасьці» добра прадаецца ў менскіх кнігарнях, у Менску прайшла і яго прэзэнтацыя. Адначасова раман выйшаў і ў Маскве, па-расейску. А якія адтуль да вас даходзяць водгукі?

– Як выглядае, у Маскве расейскамоўны варыянт разыходзіцца значна горш за беларускамоўны ў Менску. Мне здаецца, там усё будзе крыху больш павольна. Масква, як перанасычаны кніжкамі рынак, рэагуе на ўсё больш запаволена. Да таго ж, па маіх адчуваньнях, паміж беларускім сьветам і «русским миром» ўзьнікла шчыліна, якая з кожным годам павольна павялічваецца. Гэтыя сьветы ўсё больш разыходзяцца, і мы проста адзін аднаго ўжо не пазнаем. Нават калі беларус піша пра прыгоды беларуса ў Маскве.

– А беларускі і расейскі варыянты «Возера радасьці» цалкам супадаюць, ці рабіліся нейкія адаптацыі?

– Раман напісаны па-расейску, пераклад на беларускую зроблены Віталем Рыжковым. У нас была вельмі цікавая камунікацыя з маскоўскім выдавецтвам «Время». Гэта вельмі прыстойны выдавецкі дом, я вельмі паважаю яго кіраўніка Барыса Пастэрнака, таму ніякіх адаптацый мне ніхто не прапаноўваў. Як, прыкладам, было, калі ў выдавецтве «АСТ» выходзіла «Параноя, і мне сказалі прыбраць Менск як месца дзеяньня... Праўда, рэдактарка «Времени» настойліва прапаноўвала зьняць эпіграф да «Возера радасьці» – радкі паэта Віктара Сямашкі. Маўляў, яго ў нас ніхто ня ведае, навошта мы будзем яго раскручваць. А эпіграф, на мой погляд, круты: «Мой бацька заўсёды маўчаў у адказ. Як Бог». Мне падалося, што ў гэтай фразе – ключ да ўсяго сюжэту, а расейцы чамусьці хацелі зьняць. Але я настояў, і эпіграф быў захаваны.

– У рамане даволі густа выкарыстоўваецца нецэнзурная лексыка. Наколькі помніцца, такую ж лексыку з раману «Сфагнум» вам трошкі прыбраў перакладчык – згаданы ўжо Віталь Рыжкоў. Мяркуючы па ўсім, над «Возерам радасьці» вы яму не дазволілі так пацэнзурнічаць?

– Дзякуй Богу, і выдавец, і перакладчык зь беларускім тэкстам абышліся лагодна. У маскоўскім варыянце празь лютасьць расейскіх законаў уся тая лексыка прыбраная дарэшты. Але як безь яе абысьціся? Скажам, у камічнай сцэне, дзе прадстаўнік фэдэрацыі прафсаюзаў бляе нешта ў нібыта жывым эфіры ОНТ (хоць гэта насамрэч запіс) і выдае слова «п..ц». Для мяне як пісьменьніка гэта важна – сродкамі мовы паказаць розьніцу паміж узроўнем дыскурсу ўладна-ідэалягізаваным і другім узроўнем. Ну ня могуць жа гопнікі, пацаны з раёну размаўляць літаратурнай мовай Багдановіча!

– Вы дзьвюхмоўны пісьменьнік, пішаце пераважна па-расейску, але заўсёды прэзэнтуецеся як празаік беларускі. Чаму для вас гэта так істотна?

– Я не пішу пераважна па-расейску. Дзесьці 50 на 50. У мяне на гэты момант выйшлі 5 раманаў. Зь іх тры – па-расейску, проста таму што іх 5. Шосты раман, відавочна, будзе па-беларуску. Я дзьвюхмоўны, бо ў нас дзьвюхмоўныя чытачы. І чытачы нашы сёньня падзеленыя на тых, хто шукае і чытае кнігі выключна па-беларуску, і на тых, хто па-беларуску ня можа прачытаць і пяці старонак. Прыхільнікаў беларускамоўнай літаратуры я вельмі паважаю і хачу, каб іх большала. Прызнацца, тэкст «Возера радасьці» нагружаны лексычна, там безьліч вельмі складаных словаў. Там ёсьць фрагмэнт, напісаны амаль на стараславянскай фені, і для яго перакладу Віталь Рыжкоў падабраў аналяг старабеларускай мовы. Гэта прыгожа, але не для ўсіх зразумела. На сёньня наша краіна – гэта дзьвюхмоўная, на жаль, культура. Я ўсё зраблю дзеля таго, каб Беларусь стала аднамоўнай, беларускай, але пакуль яна дзьвюхмоўная. А каб быць сучасным беларускім пісьменьнікам, трэба адпавядаць гэтай культуры, зь ёй стасавацца.

– Ведаю, што вы днямі вярнуліся з Гётэборгу. Дамаўляліся з выдаўцамі?

– Так, выглядае, што будзе швэдзкі пераклад і выданьне ў Швэцыі «Мовы» і «Параноі». «Мова» таксама павінна выйсьці ў Нямеччыне ў выдавецтве «Voland&Quist». Маім раманам пачынаецца іх выдавецкі каталёг. Гэта значыць, што вельмі шмат увагі будзе нададзена яго прамоцыі.

– Аднойчы я бачыў, як на ўзбоччы пыльнай ад крэйды дарогі пад Ваўкавыскам вы знайшлі крамянёвы наканечнік стралы. Той наканечнік праляжаў там, відаць, не адну тысячу гадоў. У сувязі з гэтым пытаньне – вы лічыце сябе чалавекам, якому шанцуе?

– Я проста больш пільны, проста гляджу пад ногі. Дзякуй, што ўзгадалі гэты выпадак. Той наканечнік і сёньня ў мяне. Баюся паказваць музэйшчыкам, каб не адабралі.

– Гэты год прайшоў у Беларусі пад знакам Нобэля, хоць гэты факт і замоўчваўся афіцыйнымі СМІ. Вы езьдзіце па сьвеце, вы адчуваеце кан’юнктуру кніжнага рынку. Як вы пракамэнтуеце нядаўнюю заяву старшыні прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалая Чаргінца пра тое, што ў нас, аказваецца, сотні пісьменьнікаў, вартых Нобэлеўскай прэміі?

– Ведаеце, я тут ня буду зь ім спрачацца. У нас сапраўды шмат пісьменьнікаў, вартых Нобэлеўскай прэміі, праўда, Чаргінца я ў гэты сьпіс уключыць не магу. Вартым Нобэля, на маю думку, быў Васіль Быкаў, вартым быў настаўнік Сьвятланы Алексіевіч Алесь Адамовіч. Рыгор Барадулін, безумоўна, быў варты гэтай прэміі. У нас безьліч клясных пісьменьнікаў, і мы павінны іх памятаць. Хто сёньня, апрача адмыслоўцаў, ведае творчасьць, напрыклад, цудоўнага празаіка і паэта Міхася Стральцова? А нам варта яго ведаць і памятаць. Я думаю, што кнігі шаноўнай Сьвятланы Алексіевіч мы ўжо вывучылі на памяць. Давайце чытаць і другіх, якія вартыя, тым больш нават прыўладны Саюз пісьменьнікаў нам пра гэта нагадвае.

Міхась Скобла, «Радыё Свабода»


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение