«Стары Ольса» плянуе адрадзіць батлеечную традыцыю

Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» працуе над новым альбомам, які будзе заснаваны на рыцарскіх бяседных песьнях.

Выступ гурту «Стары Ольса» на Фэстывалі рэнесанснай музыкі ў Мінэсоце, ЗША, 2016

Як паведамляе БелаПАН, пра творчыя пляны гурту на адкрытай сустрэчы з музыкамі 25 кастрычніка ў сталічным бары Beer & Wine расказала флейтыстка Марыя Шарый.

Паводле яе, «Стары Ольса» атрымлівае запрашэньні ад арганізатараў многіх эўрапейскіх фэстываляў, у тым ліку ў Італіі і на Азорскіх астравах. «Намі зацікавіліся нават у Кітаі», — адзначыла Шарый.

Адмаўляцца ад запісу новага альбому праз шчыльны гастрольны графік музыкі не зьбіраюцца.

«Калі заплянавана шмат паездак, часу на запіс застаецца мала, але мы будзем чаргаваць канцэрты і запіс альбому», — патлумачыла флейтыстка. Яе калега Алесь Чумакоў, які ў гурце грае на струнных інструмэнтах, паведаміў, што матэрыял для новага альбому ўжо гатовы.

Выступ «Старога Ольсы» на Фэстывалі рэнесанснай музыкі ў Мінэсоце

Шарый таксама паведаміла, што калектыў марыць пачаць музычна-візуальны праект з выкарыстаньнем традыцыйнай беларускай батлейкі.

«Мы ўжо набылі шафу для батлейкі, і сёньня хочам адрадзіць некалькі традыцыйных спэктакляў, якія б гучалі з нашымі інструмэнтамі, нашай музыкай і інтэрмэдыямі», — сказала Марыя.

Гурт «Стары Ольса» быў заснаваны ў 1999 годзе. За гэты час калектыў выпусьціў 12 рэлізаў, сярод якіх студыйныя і канцэртныя альбомы, музычныя зборнікі. Апошні студыйны альбом пад назвай Medieval Classic Rock, у якім сабраны «сярэднявечныя» кавэр-вэрсіі замежных рок-гітоў, гурт выдаў сёлета дзякуючы пасьпяховай краўдфандынгавай кампаніі на плятформе Kickstarter. Замест неабходных 7 тысяч даляраў музыкі сабралі каля 30 тысяч, што дазволіла ім у канцы лета — пачатку восені зладзіць вялікі гастрольны тур па ЗША.

«Радыё Свабода» паводле БелаПАН


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение