Галоўныя бібліятэкі ЗША атрымалі факсыміле кніг Скарыны

Кнігі беларускага першадрукара цяпер будуць дасьледаваць і за акіянам – у Вашынгтоне, у Бібліятэцы Кангрэсу ЗША, а таксама ў Нью-Йорку, у публічнай бібліятэцы імя Стывена Шварцмана. Факсымільнае выданьне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» ў 11 тамах прэзэнтаваў дзьвюм галоўным бібліятэкам ЗША Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадае факсымільнае выданьне ў рукі Джорджа Майалца, віцэ-прэзыдэнта для ўраду і грамадзкіх спраў у Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы, (George Mihaltses). За імі стаіць Мэцью Нацн (Matthew Knutzen), дырэктар гуманітарных і грамадзкіх навук Навукова-дасьледчага аддзелу ў Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы

На цырымоніі перадачы копій кніг Скарыны ў Нью-Йоркскую публічную бібліятэку прысутнічала прадстаўніца беларускай дыяспары ў ЗША Кацярына Фаронда – заснавальніца першай беларуска-амэрыканскай асацыяцыі «Брыдж» (The First American Belarusian Association «Bridge»).

Факсымільнае выданьне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны»

«Узяць удзел у мерапрыемстве мяне запрасіў консул Беларусі ў Нью-Йорку. Цырымонія, якая адбылася, стала для мяне пацьверджаньнем фармаваньня пазытыўнага іміджу Беларусі ў сьвеце, што я і назіраю на свае вочы апошнія некалькі год. Таму для мяне было вялікім гонарам стаць сьведкай і ўдзельніцай сапраўды гістарычнай падзеі. Я аднолькава люблю Беларусь – сваю Радзіму, і ЗША – свой цяперашні дом. І для мяне важна, каб абедзьве краіны сябравалі», – падзялілася ўражаньнямі Кацярына Фаронда.

За аснову факсымільнага выданьня ўзятыя электронныя копіі кніг, што былі надрукаваныя ў Вільні ды Празе ў 16 стагодзьдзі. Выданьне захоўвае шрыфты, якімі карыстаўся Скарына, а таксама ўтрымлівае гравюры з арыгінальных кніг. Сярод адметнасьцяў – пераклад «скарынаўскай» мовы на сучасную беларускую, ангельскую ды расейскую. Таксама факсыміле суправаджаецца навуковымі камэнтарамі.

Амэрыканцы ня першыя, хто атрымаў каштоўны скарб у свае бібліятэкі. Скарынаўскае слова ўжо маюць украінцы, расейцы, літоўцы, латышы, палякі, чэхі ды жыхары Вялікай Брытаніі.

Да 500-годзьдзя кнігадрукаваньня, якое адзначаць у наступным годзе, завершаць выпуск усіх 25 кніг «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Ініцыятары ўнікальнага культурніцкага праекту – Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь і банк БелВЭБ. Першы том поўнага збору работ першадрукара быў падпісаны ў друк амаль тры гады таму.

Марына Яўсейчык, «Радыё Свабода». Фатаздымкі Кацярыны Фаронда


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение