Бацькі начавалі ў чарзе, каб запісаць дзіця ў першы клас беларускамоўнай гімназіі №23

У 5.30 раніцы ля мінскай гімназіі №23 ажыўлена: тут ужо сабралася каля 20 бацькоў, якія хочуць запісаць сваіх дзяцей-першакласнікаў у гэтую навучальную ўстанову. Усё выкладанне, уключаючы фізкультуру, тут вядзецца на беларускай мове, піша kp.by.

Мужчына ў светлай камізэльцы прыйшоў сюды ў 4.40, каб запісаць у гімназію ўнука Кастуся.

— Я прыйшоў недзе ў 4.40 і быў 16-м. Было б добра, калі б унук вучыўся менавіта тут. Так, гэтая гімназія не адзіная у Мінску, дзе выкладаюць на беларускай мове, але ў астатніх, як кажуць, вучыцца больш дзяцей, якія штодзённа размаўляюць на рускай мове.

Ажыятаж тлумачыцца проста: у першы клас абавязаныя ўзяць усіх ахвотных, хто прапісаны ў гэтым раёне. Астатніх запісваюць на вольныя месцы. Колькасць месцаў абмежавана: першакласнікаў набіраюць у два класы па 25 чалавек, таму бацькі спяшаюцца заняць чаргу як мага раней — так з’яўляецца больш шанцаў трапіць у запаветны спіс.

На лавачцы побач з вялікім двухлітровым тэрмасам ляжыць папка — кожны павінен падысці і ў строгім парадку ўпісаць туды сваё дзіця — каб не заблытацца, хто за кім прыйшоў. Францішак, Алесь, Якуб, Кастусь…

За спісам старанна сочаць — падысці і ўклініцца ў першую дзясятку ніхто не зможа.

А шостай раніцы да прысутных падыходзіць мужчына ў жоўтай кашулі:

— Гэта тут запісваюць у гімназію?

— Так, вы ўжо 73-і! — жартуе адзін з тат.

На самай справе Аляксей 33-і ў спісе. Мужчына кажа, што не чакаў такога ажыятажу:

— Я разлічваў, што тут будзе чалавек 10, максімум 15, але не 30! — дзівіцца ён.

Вахту каля гімназіі нясуць некалькі бабуль і дзядуляў, але ў асноўным тут сабраліся таты і мамы. Дзяцей пакінулі спаць дома. Тыя, каму з раніцы трэба на працу, дзяжураць пазменна: з ночы да 6.30 вартуе тата, потым прыходзіць мама.

Першая дзясятка дзяцей у спісе сфармавалася каля трох гадзін ночы, другая — у пяць раніцы.

— Гэта дзіўна і смешна, што дзіцячы калектыў фармуецца па часе прыходу да гімназіі іх бацькоў, — бадзёра дзеліцца мужчына, якія стаіць ля гімназіі з паўночы. — Але, з другога боку, прыйсці ноччу могуць толькі матываваныя бацькі, а ў іх звычайна адказныя дзеці, таму тут есць нейкая рацыя.

Да размовы падключаюцца і іншыя бацькі. Некаторыя лічаць, што займаць чаргу ноччу — цалкам нармальна.

— А чаму вы лічыце, што гэта незвычайная сітуацыя? Можна адну ноч і не паспаць, затое дзіця ўсё дзяцінства правядзе ў добрым асяродку, — упэўненая мама Наталля. Сама яна прыйшла бліжэй да сёмай раніцы.

– Тут навучаюцца добрыя дзеці, сваё кола, дзе ўсе адно аднаго ведаюць – я, напрыклад, ведаю шмат каго з прысутных, таму што мы сустракаліся на нейкіх імпрэзах, курсах, — расказваюць бацькі.

Адзін з бацькоў прыйшоў на дзяжурства да гімназіі ўчора ў дзевяць вечара і ўсё роўна спазніўся: у спісе ён быў ужо другім.

Я падрыхтаваўся: ўзяў з сабой спальнік, але не карыстаўся ім. Складана было толькі першыя пяць-шэсць гадзін — прыходзілася сядзець на лаўцы, але спаць я не мог. Зараз прыйдзе жонка, а я пайду дадому — на працу мне толькі а 12-й гадзіне, — распавядае тата Алены-Дамінікі.

Гімназія знаходзіцца ў цэнтры горада на праспекце Незалежнасці. Бацькі прыехалі сюды з розных раёнаў: Курасоўшчына, Бараўляны, Серабранка, Чырвоны Бор. Перспектыва ўставаць раней, каб адвозіць дзіця на вучобу, нікога не палохае — усе згодныя ахвяраваць часам дзеля беларускамоўнага выкладання і профільных класаў — англійская і кітайская мовы тут паглыблена вывучаюць з першага класа.

Тата першакласніка Арцёма прыйшоў у палове на чацвёртую і быў дзясятым па ліку. Кажа, што яны з жонкай доўга не вагаліся — выбар паміж мясцовай гімназіяй і гэтай проста не стаяў.

— Мы сюды ідзем выключна за кітайскай мовай, і толькі таму, што яе выкладае носьбіт мовы, — гэта для нас істотна. Вырашылі, што ў школе сын будзе вывучаць кітайскую мову, а англійскую — дома з рэпетытарам, якога жонка выбірала з васьмі прэтэндэнтаў. Канешне, яму будзе цяжка вывучаць кітайскую мову на беларускай мове, мне яго нават шкада — але ж без працы нічога не дасягнеш.