Віцэ-прэм’ер Качанава высока ацаніла пастаноўку «Дзвюх душ» у Купалаўскім тэатры

26 красавіка ў Купалаўскім адбылася прэм’ера «Дзвюх душ» паводле рамана Максіма Гарэцкага. На пастаноўку прыйшла віцэ-прэм’ер па сацыяльных пытаннях Наталля Качанава. Пасля паказу яна доўга размаўляла з пляменнікам Максіма Гарэцкага, вядомым геолагам, акадэмікам Радзімам Гарэцкім.

Мы спыталіся ў Радзіма Гаўрылавіча, пра што ішла гаворка з чыноўніцай.

Наталля Качанава. Фота kp.by.

«Мы ўчора з ёй пазнаёміліся, адкуль я яе раней мог ведаць. Яна падышла, цікавілася, слухала. Наталля Качанава ўжо крыху ведала сітуацыю пра «Дзве душы». Але я расказваў, адкуль, што, як.

Справа ў тым, што Максім Гарэцкі пісаў гэтую кнігу ў 1918 годзе ў Смаленску, там ён сустрэў рэвалюцыю. У 1919 годзе раман выйшаў у Вільні, аўтар яшчэ не ведаў, што будзе. Але ён прадбачыў свой лёс, лёс краіны. І нават у сённяшнім часе ёсць адбіткі таго прадбачання. Вось менавіта такая празорлівасць выклікае цікавасць.

Потым мы пілі разам з Качанавай каву ў час антракту. Яна разумная цётка, усё разумее. Гаворыць па-руску, хоць казала, што магла б і па-беларуску, але ўжо прызвычаілася.

Па сканчэнні прэм’еры мы зноў размаўлялі з віцэ-прэм’ерам. Яе рэакцыяй было захапленне, казала, што адчула ўсё тое, што я ёй казаў. Вельмі хваліла, я б нават сказаў, што яна была ўзрушанай. Адзначыла, што, сапраўды, твор актуальны і сёння. І гэта патрэбная пастаноўка».

Падзяліўся Радзім Гаўрылавіч і агульнымі ўражаннямі ад прэм’еры. «Поўная зала, я быў уражаны, наколькі шмат моладзі было на паказе. Гэта цяжкі для ўспрымання твор, расстрэл, іншыя падзеі, але аўдыторыя вельмі чула рэагавала на тое, што адбывалася на сцэне.

Пінігін – проста малайчынка. І артысты, што выконвалі ролі, таксама былі на выдатным узроўні. Я перажываў, як усё гэта будзе зроблена, але атрымалася вельмі ўдала».

Зміцер Панкавец, Наша Ніва