Памерла Ганна Вольская — жонка і прадзюсарка Лявона Вольскага

23 сакавіка ад анкалагічнай хваробы пайшла з жыцця сябра ГА «БАЖ» Ганна Вольская, жонка вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага.

Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года.

Скончыла Інстытут культуры. У 1995-1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле легендарнага «Радыё 101.2», дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У шлюбе у іх нарадзілася дачка Адэля, якой сёння споўнілася 18 гадоў.

Ганна пэўны час была дырэктарам гурту N.R.M., з’яўлялася нязменным прадзюсарам музычнага праекта «Крамбамбуля» і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала суаўтаркай сцэнару, прадзюсарам і нават акторкай у некалькіх праектах для тэлеканала «Белсат» («Снежны завулак», «Назад у будучыню»). Сябра ГА «БАЖ» з 2009 года.

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" выказвае шчырыя спачуванні блізкім і родным Ганны і ўсім, хто яе ведаў. Смуткуем разам з вамі!