“Хочаш загубіць ідэю — адпраў яе ў Мінкульт”. Што стаіць за фасадам культурных паказчыкаў

Нядаўна міністр культуры Барыс Святлоў пералічыў культурныя дасягненні краіны за апошнія пяць гадоў. Сярод іншага ён назваў праграму рэканструкцыі архітэктурнай спадчыны “Замкі Беларусі”, адкрыццё прыватных галерэй, акцыю “Ноч музеяў” і цікавыя выставы.

TUT.BY пагутарыў з людзьмі, непасрэдна звязанымі з кожным з агучаных міністрам падзей і трэндаў, і ўдакладніў, што стаіць за поспехамі культурнай пяцігодкі і якую ролю ў гэтым адыграла Міністэрства культуры.

Фармальна з многімі пунктамі са спісу дасягненняў не паспрачаешся. Сапраўды, у тэатрах Беларусі адбылося некалькі маштабных прэм’ер: у Купалаўскім паставілі “Чайку” і “Другую сусветную”, у Моладзевым тэатры — спектакль “Чэхаў. Камедыя. Чайка”. У Вялікім тэатры оперы і балета — “Маленькага прынца” і многія іншыя прэм’ерныя спектаклі. Сродкі на прэм’ерныя пастаноўкі вылучае Міністэрства культуры з бюджэту.

Адрэстаўравалі будынкі Купалаўскага тэатра і ТЮГа, былы будынак Моладзевага тэатра рэстаўруецца, а сам тэатр атрымаў новы — па адрасе Казлова, 17.

Аднак некаторыя дасягненні нашых суайчыннікаў, асабліва на міжнароднай сцэне, хоць і ствараюць вясёлкавую карцінку поспехаў усёй сферы культуры, але не цалкам залежалі ад Міністэрства культуры і з’яўляюцца заслугай саміх артыстаў, якія працуюць, падаюць заяўкі на конкурсы, перамагаюць, заяўляюць пра сябе і атрымліваюць запрашэнні ад замежных тэатраў.

“Замкі Беларусі”: рэканструкцыя па перасунутых тэрмінах, але без змены прыярытэтаў

Праграма “Замкі Беларусі” па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў

выкананая напалову і працягнецца да 2018 года. Але, па словах намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко, у 2016 годзе яна “зведае пэўныя змены”. Гэта звязана з “крыху іншымі падыходамі да фармавання дзяржпраграм” у новым годзе. І таму могуць зрушыць тэрміны выканання праграмы, але яе прыярытэт, паводле слоў намесніка міністра, не зменіцца.

У рамках праграмы Барыс Святлоў назваў і завершаную рэканструкцыю музея Быкава ў Мінскім раёне. Аднак ён не згадаў, што дачу-музей закрылі, ледзь адкрыўшы. З улікам сезоннасці працы (музей закрываецца на зіму з 15 кастрычніка, калі пачынаецца ацяпляльны сезон. — TUT.BY) музей прапрацаваў толькі 4 месяцы. Па словах дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, філіялам якога з’яўляецца музей Быкава, Лідзіі Макарэвіч, яго тады закрылі на капітальны рамонт. Каб будынак стаў установай культуры, да яго трэба было правесці водаправод, каналізацыю, усталяваць прыборы ўліку электраэнергіі, сістэмы маланкааховы, пажарную і ахоўную сігналізацыю і добраўпарадкаваць тэрыторыю. Цяпер, па словах дырэктара, рэканструкцыя завершаная, і плануецца, што музей пачне працу ў сярэдзіне красавіка.

Прыватныя галерэі: “Хочаш загубіць ідэю — адпраў яе ў Міністэрства культуры”

Барыс Святлоў адзначыў, што адкрываюцца прыватныя галерэі, назваўшы “прыкметай часу” падтрымку культуры прыватным бізнесам.

Аднак Музей дзяцінства, які нядаўна адкрыўся, так і не дачакаўся дапамогі ў пошуку памяшкання. Яго дырэктар Галіна Сыракваш распавяла, што выканкам год абяцаў сваю дапамогу. Увесь гэты час доўжылася перапіска, вялося ўзгадненне. А пасля таго як неабходны будынак знайшоўся, Галіне сказалі, што ён адыдзе пад гандлёвыя аб’екты. У выніку яна занялася пошукам сама, разам з мужам купіла кватэру і адкрыла ў ёй музей.

Восенню 2015 г. адкрылася найбуйнейшая прыватная галерэя “Дом карцін”. Яе дырэктар Ларыса Бортнік расказала TUT.BY, што Міністэрства культуры нічым і ніколі не дапамагала прыватным галерэям. А яна ў галерэйнай справе з 90-х гадоў і за 10 гадоў стварыла і падняла на ногі прыватную галерэю «ЛаСандр-арт».

— Каб зарэгістраваць прыватную галерэю, Міністэрства культуры зусім не трэба. Хочаш загубіць ідэю — адпраў яе ў Міністэрства культуры. Галерэйнае жыццё не ў іхным полі зроку. Можа, яны камусьці вельмі карысныя, але не выяўленчаму мастацтву.

Па словах Ларысы Бортнік, каб вывезці працы на выставу з Беларусі, трэба заключэнне экспертнай камісіі Міністэрства культуры. Але гэтая паслуга платная, таму ёю можа скарыстацца любы заможны чалавек. Пры ўвозе ж замежнай выставы дазвол Міністэрства культуры і зусім не патрэбны, гэтае пытанне вырашаецца на мытні.

Дырэктар кажа, што прыватныя галерэі знішчаюцца высокай арэндай, якая з’ядае ўсю ініцыятыву. Паводле яе слоў, сапраўднай дапамогай Мінкульта ў галерэйнай справе была б палёгка пры арэндзе памяшкання. Цяпер, па яе словах, ільготы прадугледжаныя толькі для арганізацый, зарэгістраваных у Саюзе дызайнераў і Саюзе мастакоў, але не для прыватных галерэй.

— Акрамя таго што мы плацім арэнду, мы ствараем працоўныя месцы і плацім падаткі з заработнай платы. Мы чамусьці павінныя дзяржаве, а яна нам — не. Галерэямі займаюцца энтузіясты, якія і так выдаткоўваюць грошы. І яны вельмі радыя, калі атрымліваецца вярнуць хоць малую частку выдаткаванага.

“Азарэнне сваім імем” культурных падзей

Міністр пахваліў развіццё музейнай справы. Ён згадаў такія праекты, як “Ноч музеяў”, і асабліва адзначыў ідэю археалагічнай пясочніцы ў Нацыянальным гістарычным, якая дазваляе дзецям адчуць сябе археолагам, знайшоўшы ўмела замаскіраваныя “артэфакты” ў пяску.

Праўда, супрацоўнік аднаго з музеяў прызнаўся TUT.BY, што Міністэрства культуры кожны год даводзіць планы і паказчыкі па наведвальнасці, па заробленых грашах і платных паслугах. І кожны год гэтыя паказчыкі растуць. Гэта змушае музеі ісці на неўласцівыя ім выкрутасы. Напрыклад, у прэйскуранце ёсць паслуга па правядзенні фотасесіі і рэгістрацыі шлюбу.

Наогул у музеях ёсць аддзел маркетынгу, які і распрацоўвае розныя актыўнасці і прапануе ідэі. Але ўсе ініцыятывы ідуць знутры музея, як і “Ноч музеяў”, хоць з часам гэтае мерапрыемства стала традыцыяй і чаканай падзеяй у мінчан. Пры гэтым iнiцыятыву работнікаў Міністэрства культуры непасрэдна не заахвочвае ў выглядзе прэмій, за выключэннем дырэктараў. А вось самі музеі з заробленых сродкаў могуць выдаць сваім супрацоўнікам прэмію.

Міністэрства дае дазвол на вываз музейных экспанатаў на замежныя выставы, а вось прывазныя выставы “азарае сваім імем”. Грошай міністэрства не выдае, усё робіцца за кошт спонсарскіх сродкаў, але ведамства можа дапамагчы з візамі, каб угода і транспартаванне прайшлі гладка. Акрамя таго, папярэдне яно ацэньвае выставу: наколькі яна добрая і вартая ўвагі. Але супрацоўнікі кажуць, што ніколі і не хапіла б бюджэтных сродкаў на такія дарагія выставы, у якіх адна страхоўка можа скласці тысячы долараў.

Праз месяц: адказ, які дакладна паўтарае пытанне

Працу Міністэрства культуры адчуў на ўласным вопыце і журналіст TUT.BY. Цырымонія закрыцця XXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” пабіла рэкорды па працягласці. Тады стала вядома, што Міністэрства культуры абвясціла конкурс рэжысёрскіх канцэпцый на правядзенне дзяржаўных урачыстых мерапрыемстваў у 2016-2017 гадах, у ліку якіх і цырымонія адкрыцця і закрыцця “Лістапада” 2017 года. Сярод умоў значацца толькі тэрміны правядзення — першая-другая дэкады лістапада 2017 года, месца правядзення — кінатэатр “Масква”, і працягласць цырымоніі адкрыцця — да 40 хвілін, закрыцця — да 1 гадзіны 30 хвілін.

У сярэдзіне лістапада мы звярнуліся ў Міністэрства культуры з пытаннем, якой яно хацела б бачыць цырымонію адкрыцця і закрыцця кінафестывалю “Лістапад”. У тэксце ліста была выкладзеная ўжо апісаная крыху вышэй інфармацыя аб умовах конкурсу, прыкладзеная спасылка на ўмовы, размешчаныя ў раздзеле “Мерапрыемствы і конкурсы”, але патрабаваліся падрабязнасці.

Праз месяц прыйшоў адказ за подпісам першага намесніка міністра Ірыны Дрыга, у якім паведамлялася, што “інфармацыя, якая тычыцца конкурснага адбору рэжысёрскіх канцэпцый (эксплікацый) шэрагу дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў, у тым ліку і ўрачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” у 2017 годзе, размешчаная на сайце Міністэрства культуры ў рубрыцы “Мерапрыемствы і конкурсы”!

Такога адказу трэба было чакаць месяц! Пытанне ўжо даўно страціла актуальнасць. Дзеля справядлівасці зайшлі на сайт у вышэйзгаданы профіль: раптам там з’явілася новая інфармацыя. Але там была ўсё тая ж спасылка на ўмовы конкурсу, якую мы згадалі ў лісце, дасылаючы запыт. Міністэрства культуры проста прадублявала тую ж інфармацыю, што была ў пытанні.

“Спецыяльная” праграма на Год культуры: мерапрыемствы, якія і так праходзяць кожны год

Ужо агучаная праграма Міністэрства на Год культуры. Яшчэ да яе зацвярджэння эксперты — кожны ў сваёй сферы — назвалі, што сапраўды было б карысна зрабіць для культуры ў такі год. Усе іх прапановы не патрабавалі ад міністэрства вялікіх фінансавых укладанняў — толькі добрай волі дазволіць зрабіць нешта іншым. Дзеячам культуры дапамагло б усведамленне асаблівага статусу гэтай сферы, зніжэнне кошту арэнды памяшканняў і паказчыкаў па планах, увядзенне ільгот для мецэнатаў і бóльшая свабода самавыяўлення без фармавання ідэалагічнага заказу.

Але агучаны план не тое што не ўключае канкрэтных ініцыятыў: “спецыяльна” праводзяцца ў Год культуры нават тыя мерапрыемствы, якія і так штогод адбываюцца ў Беларусі. Сярод іх — кінафэст “Лістапад”, джазавыя і класічныя вечары ля Ратушы (апошнія прайшлі пакуль адзін раз, але прыватная ініцыятыва адразу замахнулася на рэгулярныя мерапрыемствы.). Таксама ў ліку “спецыяльных” — “Славянскі базар”, фестываль Юрыя Башмета (таксама прыватная ініцыятыва), міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” і Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, а таксама іншыя добрыя праекты, якія разнастаяць культурнае жыццё краіны.

У Год культуры адзначаць юбілеі знакавых для Беларусі культурных дзеячаў: 140-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 95-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа, 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Ужо і не праверыць, ці адзначаліся б гэтыя юбілеі, калі б не Год культуры, але іншых ініцыятываў міністэрства не назвала.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение