10 фактаў пра Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, які абвясьціў незалежнасьць

30 гадоў таму, 15 траўня 1990 году, пачаў працу Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня, якому было наканавана абвясьціць незалежнасьць і прыняць першую Канстытуцыю сувэрэннай Беларусі.


01-F1AB0786-8632-4B9A-86A5-27645858D1F6_w1597_n_r1_st.jpg

Дэпутацкі значок, 1992


Самы «доўгі» парлямэнт

За ўвесь пасьляваенны час (у вайну выбары ў ВС БССР не праводзіліся) Вярхоўны Савет 12-га скліканьня быў самым «доўгім» вышэйшым заканадаўчым органам: ягоныя паўнамоцтвы пачаліся 15 траўня 1990 году і скончыліся 9 студзеня 1996-га, у першы дзень працы Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Такім чынам, ён існаваў 6 гадоў і амаль 7 месяцаў. («Доўгі парлямэнт» — назва парлямэнту ў Англіі часоў супрацьстаяньня з Кромвэлем, у сярэдзіне XVII ст.).


02-5E7A39DA-E7CD-40F7-8048-7EE418B2FB72_w1597_n_r0_st.jpg

Улётка БНФ на выбарах у Вярхоўны Савет вясной 1990 г.


Абіраўся і па акругах, і ад арганізацый

Вярхоўны Савет абіраўся паводле паправак у Канстытуцыю БССР і выбарчага закону, прынятых у 1989 годзе. Першапачаткова меркавалася, што КПБ (камуністычная партыя) будзе мець гарантаваныя 50 мандатаў (ня лічачы тых камуністаў, якія абяруцца па акругах). Аднак БНФ у часе прыняцьця закону аб выбарах праводзіў шматтысячныя мітынгі каля Дому ўраду, у выніку чаго ад «партыйнай квоты» ЦК КПБ быў вымушаны адмовіцца.

Адрозна ад папярэдняга, у якім было 485 мандатаў, Вярхоўны Савет складаўся з 360 дэпутатаў. Зь іх 310 абіраліся па акругах, 29 месцаў мела арганізацыя вэтэранаў, і па 7 — таварыствы сьляпых, глухіх і інвалідаў.

Самым маладым дэпутатам быў 24-гадовы вайсковец, старшы лейтэнант Ігар Пелагеча. Самымі старымі — 75-гадовыя Васіль Сінчылін і Іван Ціханаў, абраныя ад вэтэранскай арганізацыі.


Ніколі ня быў цалкам укамплектаваны

Вярхоўны Савет ніколі ня быў сфармаваны ў прадугледжаным Канстытуцыяй складзе з прычыны недасканаласьці выбарчага заканадаўства. У першыя дні працы ён налічваў 328 дэпутатаў, пазьней лічба павялічылася, але 13 месцаў так і не былі запоўненыя.


03-3B1B5634-6930-4E04-92AF-162F9B8AB583_cx4_cy4_cw96_w1597_n_r0_st.jpg

Дэпутат Лукашэнка. Фота Ул. Сапагова


Лукашэнка быў «апошнім» дэпутатам

Аляксандар Лукашэнка быў абраны ад Шклоўскай выбарчай акругі, якая мела нумар 310. Яна была апошняй у сьпісе акругаў (іх усяго налічвалася 310).


Тры розныя статусы дэпутатаў і тры сьпікеры

Вярхоўны Савет 12-га скліканьня быў адзінай кадэнцыяй, у якой абраньнікі называліся «народнымі дэпутатамі». Уласна, іх назва мянялася тры разы: з траўня 1990 да верасьня 1991 — народныя дэпутаты БССР, зь верасьня 1991 па сакавік 1994 — народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь, з сакавіка 1994 (прыняцьце новай Канстытуцыі) і да заканчэньня паўнамоцтваў — дэпутаты Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь.

Вярхоўны Савет 12-га скліканьня быў адзіным вышэйшым заканадаўчым органам, у якога зьмяніліся тры кіраўнікі — Мікалай Дземянцей (з траўня 1990 па жнівень 1991), Станіслаў Шушкевіч (зь верасьня 1991 па студзень 1994) і Мечыслаў Грыб (са студзеня 1994 па студзень 1996).


Першы шматпартыйны парлямэнт

Вясной 1990 году 289 з абраных 328 былі членамі КПСС. Беспартыйныя дэпутаты былі і ў папярэдніх скліканьнях, але гэта быў першы шматпартыйны парлямэнт пасьля 1918 году. У Вярхоўным Савеце існавала некалькі фракцый, першай была ўтвораная дэпутацкая група БНФ (чэрвень 1990), якая ў ліпені таго ж году аформілася ў дэпутацкую Апазыцыю БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком. Быў створаны Дэмакратычны клюб, куды запісалася каля сотні дэпутатаў (у тым ліку і БНФ), аднак ён ня меў ніякай арганізацыйнай структуры.

У 1992-м была ўтвораная фракцыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады на чале з Алегам Трусавым (яе дэпутаты ўваходзілі ў склад Апазыцыі БНФ). На мяжы 1990–91 была створаная група «Камуністы за дэмакратыю», якую ўзначальваў дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Пасьля спыненьня дзейнасьці КПБ–КПСС была сфармаваная група «Беларусь» (каля 200 дэпутатаў), якая падтрымлівала старшыню Саўміну Вячаслава Кебіча.

Прыкметна, што існаваньне парлямэнцкіх фракцый ніякім чынам не было зафіксаванае ні ў Часовым рэглямэнце Вярхоўнага Савету (які вызначаў працэдурныя пытаньні), ні ў заканадаўстве. Іх кіраўнікі мелі такія ж самыя паўнамоцтвы, як і іншыя дэпутаты. У ВС-12 кіраўнікі парлямэнцкіх фракцый ужо ўваходзілі ў склад Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету.


Прыняў чатыры гістарычныя рашэньні

Найважнейшыя рашэньні, якія захаваюць ВС-12 у гісторыі Беларусі, — гэта прыняцьце 27 ліпеня 1990 году Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, наданьне ёй 25 жніўня 1991-га статусу канстытуцыйнага закону (дэ-юрэ абвяшчэньня Незалежнасьці), наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў 19 верасьня 1991 году і прыняцьце першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі 15 сакавіка 1994 году.

Акрамя гэтага, ВС-12 стварыў заканадаўчую базу для пераходу на новыя формы гаспадараньня, стварыў асноўныя інстытуцыі незалежнай дзяржавы — войска, уласную фінансавую сыстэму, памежныя і мытныя службы, дыпляматычныя структуры.


Дэпутаты былі зьбітыя ў залі паседжаньняў

ВС-12 быў адзіным парлямэнтам эўрапейскай краіны, дэпутаты якога былі зьбітыя непасрэдна ў залі паседжаньня (падчас галадоўкі дэпутатаў БНФ 11–12 красавіка 1995 году). Да гэтага, у лютым 1980 г., адбылася спроба захопу парлямэнту Гішпаніі групай жандараў на чале з падпалкоўнікам Тэхерам, якія імкнуліся аднавіць франкісцкі рэжым, аднак пры гэтым дэпутатаў не зьбівалі. У красавіку 1999 году на паседжаньне парлямэнту Армэніі ўварваліся тэрарысты і распачалі страляніну; сьпікер, прэм’ер-міністар і шасьцёра дэпутатаў загінулі. У Гішпаніі і Армэніі абодва выпадкі кваліфікаваліся як спроба дзяржаўнага перавароту, арганізатары і ўдзельнікі былі асуджаныя на працяглыя тэрміны аж да пажыцьцёвага зьняволеньня. У Беларусі пакараньня ніхто не панёс.


Кавальня дыпляматаў

З дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня выйшла больш за дзясятак дыпляматаў, пачынаючы зь першага міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі. Амбасадарамі былі Віктар Даніленка і Васіль Даўгалёў (у Расеі), Мікалай Вайцянкоў і Валеры Курдзюкоў (у Чэхіі), Валянцін Вялічка (ва Ўкраіне), Уладзімер Дражын (у Літве), Генадзь Лавіцкі (у Ізраілі), Міхаіл Марыніч (у Латвіі), Пётра Садоўскі (у Нямеччыне). Міхаіл Сьлямнёў і Міхаіл Фарфель узначальвалі дыпляматычныя місіі (у Беластоку і ў Тэль-Авіве).


Паабяцаў датэрміновыя выбары, але ня выканаў абяцаньня

У 1992 годзе БНФ сабраў 442 000 подпісаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах Вярхоўнага Савету (паводле закону дастаткова было 350 000). Аднак Вярхоўны Савет адмовіўся прызначаць рэфэрэндум і заявіў, што правядзе новыя выбары ў парлямэнт не пазьней за вясну 1994 году. Гэтага абяцаньня Вярхоўны Савет ня выканаў.

Сяргей Навумчык, svaboda.org