10 фактаў пра віленскага мастака Сергіевіча, які не прыняў запрашэньня жыць у БССР

23 ліпеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэньня жывапісца, графіка, выкладчыка, публіцыста Пётры Сергіевіча. Максім Танк пісаў пра яго: «Яму ўсе здаюцца добрымі, шчырымі, самаахвярнымі, нават такія прайдзісьветы, пра якіх перад сном і гаварыць ня хочацца, каб не прысьніліся». Свабода публікуе 10 цікавых фактаў пра яго.


01-4306FC56-3ED6-485D-9C7A-743705870396_cx1_cy15_cw98_w1597_n_r1_st.jpg

Аўтапартрэт, 1949 г.


Хоць нарадзіўся на Браслаўшчыне, Пётра Сергіевіч (1900–1984) пражыў амаль усё жыцьцё ў Вільні. Адзін з удзельнікаў віленскага беларускага руху і заслужаны дзеяч мастацтва Літвы, ён пакінуў па сабе звыш 600 палотнаў. Аднак толькі крыху больш за 10% ад іх знаходзяцца ў Беларусі, дзе ён так і застаўся недаацэнены.


02-43C59901-A9B7-42A7-A30C-7D6A366A2592_w1597_n_r0_st.jpg

Брат Федзя, 1946 г.


1. Аднавяскоўцы не ўспрымалі ягонае мастацтва ўсур’ёз

Сергіевіч успамінаў: «Суседзі глядзелі на мяне са шкадаваньнем. Казалі: „От, ня мае сваёй зямлі, то забаўляецца маляваньнем“. Ня верылі, што гэтым можна зарабіць кавалак хлеба. Сваякі ня раілі мне маляваць. Цётка мне ўсё казала, каб вучыўся лепш боты шыць. Толькі маці мая мне казала: „Трымайся, сын, ужо аднаго“» (П. Сергіевіч. Аўтабіяграфія // «Мастацтва», № 1, 1993).


03-D8866FF4-9CA2-4E33-B9A6-8335289DED6C_w1597_n_r0_st.jpg

Партрэт паэта Максіма Танка, 1960 г.


2. Захапляўся народнай драўлянай скульптурай, асабліва фігурамі Хрыста

«Ня трэба... казаць аб долі нашага народу, якую перажываў у вапошніх стагодзьдзях; даволі глянуць на фігуру сумнага Хрыста, каб вычытаць цяжкое ярмо жыцьця чалавека. Народны геній зь іскрай Божай жыў пад страхой і знасіў цэлыя вякі бяспраўя і гвалты, разьбуючы сумны твар Хрыстоў, каторы плакаў над бяздоліцай свайго народу. Такія фігуркі можна бачыць на крыжох прыдарожных, у капліцах, цэрквах і касьцёлах. Шмат ёсьць сабрана ў музэях віленскіх і ковенскіх. Сярмяжны мастак-самавучка ня ведае, які скарб ён па сабе пакінуў, так як чалавек ня ведае аб падсьведамых мамэнтах у яго творстве». (П. Сергіевіч. Аб беларускай народнай разьбе // «Нёман», № 2, 1932).


04-8E3679F8-3ACC-4263-BE5E-18EA1F14804A_w1597_n_r0_st.jpg

Званар, 1946 г.


3. Яго маральна падтрымаў Фэрдынанд Рушчыц

«У 1919 годзе адкрыўся ў Вільні ўнівэрсытэт, а ў ім — мастацкі факультэт. Я пачаў інтэнсіўна рыхтаваць малюнкі... Сабраў усе свае малюнкі й пайшоў да прафэсара Рушчыца, дэкана факультэту. Прыняў ён мяне ветліва, паглядзеў добрымі вачыма, сказаў: „Малюйце далей і паказвайце мне“. Мала таго, ён купіў у мяне малюнак — выяву ўнівэрсытэцкага будынка. Выскачыў я ад Рушчыца бяз памяці. Так цешыўся! Ён мяне духоўна падтрымаў, заахвоціў, яшчэ й купіў малюнак... каб ня Рушчыц, не атрымаў бы я мастацкай адукацыі...» (П. Сергіевіч, 1993).


05-C457F5E1-D5BB-48EB-9191-1549E1F96C5A_w1597_n_r0_st.jpg

Партрэт жонкі мастака, 1957 г.


4. «Касіў» ад войска, не плаціў за майстэрню

«Калі паступіў ва ўнівэрсытэт, з такім запалам аддаўся навуцы, што занядбаў ваенныя павіннасьці... баяўся адказнасьці, таму ня мог нармальна прыпісацца. У пустым магазыне на вуліцы Ясінскага... меў майстроўню... ні капейкі... не плаціў...» (П. Сергіевіч, 1993).


06-F200EFDF-EA2E-4AF3-B4F3-62FC2BB7418E_w1597_n_r0_st.jpg

Аўтапартрэт, 1930-я гг.


5. Крытыкаваў сучасных мастакоў за сьпешку

«Сучасны рух у галіне тэхнікі вялікімі шагамі ідзе ўперад, стварылася адпаведная да яе і псыхалёгія сягоньняшняга чалавека, каб рабілі ўсё як найхутчэй, каб як найменш затрачваць часу і энэргіі. У значнай меры адбілася гэта і на мастаках. Учора пачаў абраз маляваць, сягоньня кончыў, асадзіў у рамы і панёс на выстаўку неданошаны свой твор. Можна часта прыраўнаваць цяперашняга мастака да кухара, каторы паказывае сваю кухню і як варыць, але не падае яшчэ сапраўды добрае і зусім гатовае стравы... Трэба нам вялікае цярплівасьці даўнейшых майстроў, каторыя працавалі над сваімі творамі цэлымі гадамі...» (П. Сергіевіч. Зацемкі аб мастацтве // «Калосьсе», № 2, 1936).


07-D8BB8332-0EAD-4C49-83A4-447F91DCBB17_w1597_n_r0_st.jpg

Партрэт Ганны Сухой, 1938 г.


6. Лічыў, што натхняцца трэба не авангардыстамі, а Грыгам

«...сяньня маляры... выкідываючы ўсялякі зьмест абраза, кінуліся ў скрайні футурызм, супрыматызм, конструктывізм, формізм... Беларусы... павінны памятаць, каб не парваць сувязі са сваім народам і тэй крыніцай, дзе б’е нясьведамае яшчэ жыцьцё, але здаровае, незмэханізаванае цывілізацыяй. І каб не згубіцца... трэба пазнаць самога сябе. Нам трэба йсьці ў народ, як ішоў Грыг, каторы стварыў найпрыгажэйшыя сымфоніі на падставе норвэскіх народных песень і саг...» (П. Сергіевіч, 1936).


08-CBB27539-B537-45AE-9C52-14ABA7601211_w1597_n_r0_st.jpg

Шляхам жыцьця, 1934 г.


7. Крытыкаваў сталінскую палітыку ў адносінах да савецкай Беларусі

У 1932 годзе Сергіевіч быў рэдактарам часопіса «Нёман» (Вільня), дзе ў адным з артыкулаў пад крыптанімам С. пісаў: «Для „пролетарскіх“ дыктатараў радавае Беларусі... „няма мінуўшчыны, а ёсьць толькі будучыня“, няма Бацькаўшчыны, але ёсьць толькі „інтэрнацыянальная кляса“, няма прыроды й мастацтва, але ёсьць толькі машыны й тэхніка... нацыянальнай самабытнасьці народу... у пролетарскай БССР абвясьцілі сьмяротную вайну...» (М. Шчакаціхін... — Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва // «Нёман», № 1, 1932).


09-E2782FE5-1C99-42DA-BABD-49A745012691_w1597_n_r0_st.jpg

Аўтапартрэт, 1939 г.


8. Не прыняў пасьля вайны запрашэньня Панамарэнкі пераехаць у БССР

Паводле Арсеня Ліса: «Сергіевіч атрымаў запрашэньне ад сакратара ЦК Кампартыі Беларусі П.К. Панамарэнкі пераехаць у сталіцу Савецкай Беларусі. Аднак мастак, які зжыўся зь Вільняй так, што нават камень у бруку на Антокалі і ў Старым месьце здаваўся родны, не рашыўся на пярэбары... З восені 1946 году мастак пайшоў на працу ў Дзяржаўны літоўскі мастацкі інстытут» (Арсень Ліс. Пётра Сергіевіч. Менск, 1970).


10-22A15F19-D25F-440A-899F-A721B2021578_w1597_n_r0_st.jpg

Язэп Драздовіч, 1932 г.


9. Савецкія мастакі ў брэжнеўскія часы ставіліся да яго насьцярожана

Мастацтвазнаўца Віктар Шматаў успамінаў: «Я бачыў, якія незычлівыя, калючыя позіркі кідалі ў яго бок тагачасныя „народныя“ й „заслужаныя мастакі БССР“ на пэрсанальнай выставе П. Сергіевіча ў Менску, а ён схіляў перад імі белую галаву і з усьмешкай гаварыў „дзякуй“. І гэта не было бяспрынцыпнасьцю — мастак добра ведаў, якія рыфы й валуны нагрувашчаны на яго творчым шляху, і, каб данесьці сваю творчасьць да народу, мякка й асьцярожна іх абыходзіў» (Віктар Шматаў. Праз усе рыфы і валуны // «Мастацтва», № 1, 1993).


11-3E2B86FB-89C8-4336-879E-A2914D258555_w1597_n_r0_st.jpg

Партрэт Івана Луцкевіча, 1933 г.


10. За мастацтва эпохі Адраджэньня гатовы быў «аддаць апошнія штаны»

Максім Танк у сваіх дзёньніках (9.06.1939) занатаваў: «На Антокалі сустрэў П. Сергіевіча. Пабываў і ў яго майстэрні. На сьцяне, побач зь іншымі партрэтамі, вісіць адна зь яго найлепшых работ — партрэт Лю (жонкі Максіма Танка. — РС). Паказаў ён мне шмат рэпрадукцый з карцін вялікіх мастакоў Адраджэньня, прывезеных ім з Рыма. Казаў, усе грошы аддаў на іх. Хацеў і апошнія штаны прадаць, каб набыць яшчэ больш гэтых скарбаў, ды на свае старыя лахі не знайшоў пакупніка». Сам мастак так успамінаў пра гэтае падарожжа: «У 1938 годзе разам з экскурсіяй паехаў у Італію на два тыдні, наведаў Рым, Флярэнцыю, Вэнэцыю, а таксама Вену. Веданьне гісторыі сусьветнага мастацтва дапамагло мне належна ўспрыняць шэдэўры ў італьянскіх галерэях. Зрабілі на мяне ўражаньне Мікелянджэлё, Рафаэль, Вэляскес». (П. Сергіевіч. Аўтабіяграфія // «Мастацтва», № 1, 1993).

Васіль Дэ Эм, svaboda.org