«Савецкі рэактар ня можа выбухнуць!» Праўда і міты з сэрыялу «Чарнобыль»

Амэрыканска-брытанскі міні-сэрыял «Чарнобыль» распавядае пра самую буйную тэхнагенную катастрофу XX стагодзьдзя — выбух на Чарнобыльскай АЭС. Сёньня на стрымінгавых сэрвісах можна пабачыць ужо тры сэрыі зь пяці. “Радыё Свабода” зьвярнулася да фізыка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, каб зразумець, што з мастацкага сэрыялу праўда, а што выдумка.


З чаго ўсё пачынаецца

На кухні, абстаўленай па-савецку, сядзіць чалавек і слухае ўласны голас зь вялікага магнітафону. Голас гаворыць пра небясьпечнасьць хлусьні і ўзгадвае пра вінаватых у чарнобыльскай аварыі. Мужчына ў швэдры і вялікіх акулярах выключае магнітафон і ідзе на вуліцу выносіць сьмецьце. За ім назірае з машыны прадстаўнік спэцслужбаў. Але мужчыну ўдаецца схаваць у вэнтыляцыйнай трубе касэты з запісамі. Вярнуўшыся дадому, ён вешаецца.

Так аўтары сэрыялу ўяўляюць апошнія хвіліны жыцьця акадэміка Валерыя Лягасава (Джарэд Гарыс), сябра камісіі па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі. Ён — галоўны герой сэрыялу, празь яго глядач будзе адкрываць падрабязнасьці чарнобыльскай трагедыі.

Праўда

На атамнай станцыі выбухнуў рэактар, але ў гэта ня верылі

Атамны рэактар чацьвёртага энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС выбухнуў уначы 26 красавіка 1986 году. У атмасфэру было выкінута каля 380 мільёнаў кюры радыяактыўных рэчываў, аварыя адбілася на жыцьцях мільёнаў людзей і стала найбуйнейшай па сваіх наступствах за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі.

У першай жа сэрыі фільма да намесьніка галоўнага інжынэра па эксплюатацыі атамнай станцыі Анатоля Дзятлава (Пол Рытэр) прыходзяць яго падначаленыя і кажуць, што рэактара ўжо няма. Ён адказвае, што такога ня можа быць. Пасьля ў тое, што савецкі рэактар можа выбухнуць, некаторы час ня будзе верыць кіраўніцтва станцыі, раёну, вобласьці і ўсяго СССР.

«Найперш, гэта мастацкае кіно, там не павінна быць дакумэнтальнага праўдападабенства. Адчуваю, што матыў пра савецкі рэактар, які ня можа выбухнуць, — гэта праўда. Гэта пазыцыя ўлады, яна і сёньня амаль такая самая. У Расеі кажуць, што іх рэактар ня можа выбухнуць. А гэта няпраўда», — кажа Андрэй Ажароўскі.

Акадэмік Лягасаў ліквідаваў наступствы аварыі

Акадэмік Валерый Лягасаў, галоўны герой сэрыялу, сапраўды існаваў і сапраўды скончыў жыцьцё самагубствам праз два гады пасьля аварыі. Ён займаўся ліквідацыяй наступстваў аварыі непасрэдна на станцыі чатыры месяцы, хоць паводле мэдыцынскіх нормаў там можна было знаходзіцца ня больш за два тыдні.


04-138DCDDE-A501-4BBB-BED4-92A8E0AC5F8A_w1597_n_r0_st.jpg

Джэрард Харыс у ролі прафэсара Валерыя Легасава



Лягасаў настаяў на адсяленьні Прыпяці

Жыхароў гораду Прыпяць, што каля самай станцыі, эвакуавалі на наступны дзень пасьля аварыі, 27 красавіка. На эвакуацыі сапраўды настойваў акадэмік Валерый Лягасаў, як гэта паказана ў фільме.

«У фільме некаторыя прадстаўнікі ўлады сьпярша прапануюць адключыць у Прыпяці тэлефоны і ня сеяць паніку. Першы жах, што проста не было пляну эвакуацыі. Там ціснула ідэалягічная, памылковая тэза, што рэактары савецкія не выбухаюць. Там добра прапісаны вобраз намесьніка галоўнага інжынэра ЧАЭС Дзятлава, бо ён верыў у свой рэактар. Гэта выглядае на праўду, аварыі ж і цяпер замоўчваюцца. У 1993 годзе ў Расеі была аварыя на сыбірскім хімічным камбінаце, у навакольле выйшаў плютоній, а пра гэта даведаліся толькі з Масквы», — узгадвае Андрэй Ажароўскі.

Аварыя магла мець большыя наступствы, каб не гераізм простых людзей

У сэрыяле, падчас аднаго з паседжаньняў у Міхаіла Гарбачова (Дэвід Дэнсік), акадэмік Лягасаў кажа, што калі з энэргаблёку не адпампаваць ваду, могуць выбухнуць іншыя рэактары, і гэта выкліча жахлівыя наступствы. Пасьля гэтага ўвесь сьвет ратуюць сьпярша тры супрацоўнікі станцыі — адпампоўваюць ваду, пасьля шахтары — зьмяшчаюць пад станцыю ахаладжальнік.

«Безумоўна, некаторыя людзі гераічна ліквідавалі наступствы аварыі. Вада пад рэактарам сапраўды была. Значыць, пару трэба ператварыць зноў у ваду, каб яна не разарвала сваім аб’ёмам ёмістасьці. Якія наступствы маглі б быць, каб ваду не адпампавалі, сказаць складана. Але нічога добрага не было б. Быў бы паравы выбух. Рэактар сапраўды ахалоджвалі», — кажа Андрэй Ажароўскі.

Мастацкая выдумка

Акадэмік Лягасаў быў спэцыялістам па атамных рэактарах

Валерый Лягасаў быў не спэцыялістам па ядзерных рэактарах, а хімікам-неарганікам, працаваў намесьнікам Інстытуту атамнай энэргіі імя Курчатава. У фільме ён займае пасаду дырэктара інстытуту. Ён адказваў за перапрацоўку плютонію, удзельнічаў у працы камісіі, але ня быў канструктарам рэактараў.

Рэактар адразу тушылі пяском і борам

Сьпярша рэактар тушылі сьвінцом, і толькі пасьля вырашылі тушыць борам і пяском. Было незразумела, якія там тэмпэратуры.

«Сьвінец выпараўся, і гэта давала дадатковае забруджваньне да радыяцыйнага», — кажа Андрэй Ажароўскі.

Фізык Ульляна Хамюк зь Менску

У фільме зьяўляецца навуковец зь Менску Ўльляна Хамюк (Эмілі Ўотсан). Яна працуе ў Інстытуце ядзернай фізыкі і адразу, узяўшы пробу з паветра, дазнаецца пра сапраўдныя маштабы трагедыі. У рэальнасьці такога пэрсанажа не было, вобраз Ульляны Хамюк зборны.


05-48E512A2-52A8-4A08-AA05-CF782C8F4948_w1597_n_r0_st.jpg

Эмілі Ўотсан у ролі навукоўцы Ульляны Хамюк


«Фільм раскрывае маштаб трагедыі»

Паводле Андрэя Ажароўскага, пяцісэрыйная драма паказвае ўвесь маштаб чарнобыльскай трагедыі, як і тое, што ўлады ня ведалі, што з гэтай трагедыяй рабіць і як ліквідаваць яе наступствы. Па падліках фізыка, у Расеі працуюць яшчэ 10 рэактараў чарнобыльскага тыпу, хоць яны і прайшлі праз мадэрнізацыю.

Некалькі фактаў пра наступствы аварыі на ЧАЭС

  • Пасьля аварыі на Чарнобыльскай станцыі былі забруджаныя палова раёнаў Беларусі
  • 2,2 мільёна чалавек у Беларусі апынуліся на забруджаных тэрыторыях
  • Страты для беларускай эканомікі ад гэтай аварыі ацэньваюць у 235 мільярдаў даляраў
  • 1,4 мільёна беларусаў стаяць на ўліку ў дыспансэрах як пацярпелыя ад аварыі

МА, “Радыё Свабода”