За колькі купяць «Ліманчэлу» Уладзіміра Цэслера?

Твор самага вядомага беларускага дызайнера выстаўлены на аўкцыён на платформе NFT Stars.

Уладзімір Цэслер прадстаўляе работу «Ліманчэла» з калекцыі «Оптыка Цэслера», створаную ім на фабрыцы муранскага шкла ў Італіі. Твор сімвалізуе зменлівыя стандарты прыгажосці і нязменнае імкненне чалавека да задавальненняў.

Аўкцыён стартуе 16 верасня і працягнецца 24 гадзіны. Пераможца атрымае твор і плакат з аўтографам мастака.

Нагадаем: у жніўні 2020-га Уладзімір Цэслер вымушаны быў з’ехаць з Беларусі.

«Можна сказаць, што рашэнне прынялі мае сябры, – распавядаў тады мастак. – Мне сказалі, што трэба перачакаць. Канкрэтных пагроз ад канкрэтных людзей не было, але мне сказалі: «Ты што, хочаш, каб цябе закаталі ў асфальт?» Сябры прапанавалі дапамогу і, можна сказаць, перавезлі мяне. Я ў бяспецы. Буду і далей працаваць для Беларусі, абавязкова. І, спадзяюся, хутка вярнуся дадому».

Віктар Шпак, nv-online.info