Верасень 1939-га. Магілы “неаб’яўленай” вайны

Кніга асвятляе гісторыю падзей верасня 1939 года на тэрыторыі Беларусі, а таксама сталінскіх рэпрэсій супраць жыхароў заходніх абласцей БССР у 1940-1941 гг.


Трагедыя, пра якую варта памятаць

1 верасня 1939 года Другая сусветная вайна прыйшла не толькі на тэрыторыю Польшчы, але і ў Беларусь. Гэты факт мусіць быць зразумелы кожнаму жыхару нашай краіны. Тады ў шыхтах Войска Польскага апынуліся тысячы беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны. Усе гэтыя людзі з першага дня вайны мужна змагаліся супраць нацыстаў.


02-2873d5112b55df725eb0afc788780af11668bc92.jpg

Памятны знак на гарнізонных могілках у Брэсцкай крэпасці


Праз 17 дзён пасля нападу Трэцяга Рэйха на Польшчу ў Другую сусветную вайну ўступіў і Савецкі Саюз.


03-af984eb59faf566d7eb6f177256a85fbbedf0b32.jpg

Пахаванне польскіх вайсковых маракоў у Макранах


Так, СССР не абвяшчаў вайну Польшчы, але раніцай 17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі не проста перайшлі даваенную савецка-польскую мяжу, але атакавалі польскіх памежнікаў, якія ахоўвалі той кардон.


Расказаць праўду

Падзеі верасня 1939 года ўвогуле і падзеі, звязаныя з так званым “вызвольным паходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”, у савецкі час разглядаліся дастаткова аднабока і прадстаўляліся як мірны ўваход савецкіх падраздзяленняў на тэрыторыю ўсходніх польскіх ваяводстваў, які суправаджаўся радаснымі сустрэчамі з прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва.


04-0aa45197ba54babcc23d712c3eaa31402d366926.jpg

Парэшткі польскіх жаўнераў, знойдзеныя ў Кобрыне ў 2008 г.


Паводле савецкіх гісторыкаў і ідэолагаў, на той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі не было актыўных баявых дзеянняў, а страты насілі выпадковы характар.


05-231d604ee4af22f4583b2c407a0ea38dac7410e3.jpg

Савецкія памежнікі штурмуюць польскую стражніцу


Пасля распаду Сасвецкага Саюза свет убачылі шматлікія архіўныя дакументы, якія сведчылі, што вайсковая аперацыя, праведзеная РСЧА ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай, была цяжкім выпрабаваннем для войска “першай дзяржавы працоўных і сялян”, а баі супраць аслабленых падраздзяленняў Войска Польскага на гэтых тэрыторыях насілі жорсткі і кровапралітны характар.


Забытыя пахаванні

Пра гэта сведчаць шматлікія магілы польскіх і савецкіх вайскоўцаў, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі да нашых дзён. На вялікі жаль, агульнай сістэматызацыяй гэтых вайсковых пахаванняў ніхто не займаўся. З аднаго боку, у Польшчы збольшага вядомыя месцы, дзе знайшлі свой апошні прытулак жаўнеры польскага войска, паліцыянты, супрацоўнікі дзяржаўнага апарата і звычайныя грамадзяне, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны ў самым яе пачатку. З іншага – у Беларусі польскія пахаванні застаюцца па-за ўвагай беларускага грамадства.


06-9ec00d2960053a6ac04c64e9ef74a8aebcadb0ad.jpg

Месца, дзе ў 1930-я гады была стражніца КАП "Каменны Воз"


Пра іх памятаюць прадстаўнікі польскай меншасці, якая жыве ў нашай краіне, дыпламаты, але беларускае грамадства, у сваёй большасці, не цікавіцца гэтымі жаўнерскімі магіламі. Між тым, гэта неад’емная частка беларускай вайсковай гісторыі, якую варта ведаць і шанаваць.


07-b39b55774982adc6476af46210ffb725ff237a3a.jpg

Пахаванне савецкіх памежнікаў у Цімкавічах


У сваю чаргу, савецкія пахаванні верасня 1939 года адышлі ў цень брацкіх магіл перыяда 1941-1945 гадоў, калі Савецкаму Саюзу давялося весці вайну супраць нацысцкай Германіі.


Памятаць кожнага!

У кнізе, якую чытач трымае ў руках, змешчаная інфармацыя пра польскія і савецкія вайсковыя пахаванні верасня 1939 года. Адразу адзначым – гэта не каталог. У дадзеным выданні ўзгаданыя найбольш знакавыя вайсковыя і грамадзянскія пахаванні (а таксама абставіны гібелі людзей) пачатковага перыяду Другой сусветнай вайны ў Беларусі.


08-d1311177b2f864c3c230bdbc482f1a6cfce5fef3.jpg

Магілы польскіх вайскоўцаў у Сапоцкіне


Нямецкія бомбы ўпалі на заходнебеларускія гарады ўжо ў самым пачатку вайны, а ў другой дэкадзе верасня на тэрыторыю паўночна-ўсходніх ваяводстваў прыйшла жорсткая і кровапралітная вайна.


09-1b7a9ffeb44d5e58d0ad3fb581d929118f1a7ff4.jpg

Пахаванне савецкіх танкістаў у Антопале


Пасля 17 верасня 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі з’явіліся пахаванні жаўнераў РСЧА. У кнізе змешчаныя ўнікальныя здымкі з архіва аўтара, замежных і айчынных архіваў, а таксама фатаграфіі, якія паказваюць сучасны стан польскіх і савецкіх пахаванняў верасня 1939 года.


Ахвяры сталінскай сістэмы

Асаблівая ўвага ў кнізе нададзеная аналізу сталінскіх рэпрэсій супраць так званага “польскага кантынгента” – грамадзян даваеннай Польшчы, якія пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюза.


10-b04b641a05bbf2f246e856c642e74c29d67c56b4.jpg

Польская турма ў Брэсце. У 1940-1941 гг. выкарыстоўвалася НКУС


Што такое “Беларускі катынскі спіс” і чые прозвішчы могуць апынуцца ў гэтым дакуменце? Каго дэпартавалі з заходніх абласцей БССР у 1940-1941 гадах? Хто стаў ахвярай жудаснай эвакуацыі турмаў з тэрыторыі савецкай Беларусі ў чэрвені 1941 года?

Адказы на гэтыя пытанні чытачы таксама знойдуць у нашай кнізе. Толькі гістарычная праўда і памяць дазволяць зразумець тыя няпростыя падзеі.

ulej.by