Уручэнне прэміі “Дэбют” пераносіцца на наступны год

Заснавальнікі прэміі прынялі рашэнне перанесці ўручэнне “Дэбюту” на 2021 год. Аднак на фестывалі “Прадмова” адбудзецца адмысловая імпрэза з нагоды дзесяцігоддзя прэміі.

Зазвычай прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ўручалася аўтарам да 35 гадоў у трох намінацыях: паэзія, проза і мастацкі пераклад. Але ў 2019 годзе выйшла недастатковая колькасць кніг нават для фармавання поўнага спісу. У сувязі з адсутнасцю канкурэнцыі ў дзвюх намінацыях заснавальнікі прэміі прынялі рашэнне сёлета не праводзіць прэмію. Пры гэтым кнігі, пададзеныя на конкурс, будуць разглядацца ў наступным годзе.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Дабрачынным фондам “Вятанне”, Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. У гонар юбілею прэміі будзе арганізавана адмысловая вечарына ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, які пройдзе 2-5 красавіка ў Мінску.

Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі былі Галіна Сіўчанка, Віталь Рыжкоў, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Дар’я Трайдэн, Паўліна Вітушчанка, Ганна Янкута, Дзмітры Дзмітрыеў, Кацярына Маціеўская, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач, Андрусь Горват, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева і інш.


"Беларускі ПЭН-Цэнтр"