Створым аўдыёальбом дзіцячых вершаў палітвязня Андрэя Скурко разам!

Сапраўдны шэдэўр беларускай дзіцячай літаратуры нарадзіўся на нашых вачах у турме. Тут збіраюць грошы на стварэнне з яго аўдыёкнігі, а таксама на дапамогу паўтарагадоваму сыну аўтара.


Са сваім паўтарагадовым сынам Тамашом ён камунікуе толькі малюнкамі і вершамі. І гэтая вялікая любоў вылілася ў вялікія творы.

На думку ветэрана беларускай выдавецкай справы Змітра Санько, вершы Андрэя Скурко беспараўнаныя. «Я быў прыемна здзіўлены арыгінальным сюжэтам і тонкім разуменнем дзіцячай псіхікі. А яшчэ — бліскучым валоданнем словам. Нагэтулькі ўсё дасканала!» — кажа Санько. Народжаныя ў няволі, гэта светлыя, крэатыўныя, забаўныя і пазітыўныя творы. Часам кароценькія чатырохрадкоўі, а часам — цэлыя вершаваныя апавяданні. Вы проста пачытайце іх: яны гавораць самі за сябе. Вось некалькі вершаў ці фрагментаў:


Слон і дзед

Дзверы гнуцца, столь дрыжыць
 — Слон прыйшоў да дзеда жыць
 З лесу снежнага уранку
 — Вось бывае нечаканка!
 Вуха ў кухні, хвост у спальні,
 Левая нага ў вітальні.
 У дзядулевай хацінцы
 Так няпроста памясціцца.
 Адзінока ўзімку дзеду,
 Дык і рады ён суседу.
 Слон на носе дровы носіць
 І ў краму дзеда возіць.
 Разважаюць дзед з сланом:
 — Можа нам побольшыць дом?
 Абжывецца слон паціху,
Прывядзе яшчэ й сланіху.


Ютуб 

 Мы не будзем есці суп,
 Будзем лепш глядзець Ютуб.
 Тэлефон у мамы
 — Ён чароўны самы!
Ціснем на іконку
 — Што там за старонка?
 Лопалка з шарамі,
 Мульцік з трактарамі,
 З камерай праграма
 Ёсць для Інстаграма.
 Трэба сфоткаць і змясціць,
 Як прыгожа мама спіць!

З дапамогай каманды «Бэйбуса» і народных артыстаў Беларусі вершы Андрэя Скурко здабудуць гукавое суправаджэнне — стануць самастойнымі творамі для слухання. Таксама іх аздобяць малюнкі. А рэшта грошай пойдзе Андрэеваму сыну. 

Паводле budzma.by