«Стары Ольса» паставіў батлейку

Гурт «Стары Ольса», лідар сярэднявечнай музыкі Беларусі, паставіў спектакль у жанры батлейкі ў стылі Рэнесанса. У аснову лягла беларуская версія 16 стагоддзя аповесці пра Трыстана і Ізольду.

Гонар і каханне, рыцарскі абавязак і адданасць каханай, служэнне каралю і прага сваёй адзінай – цудоўныя і светлыя пачуцці... Пакуль не трапляюць у стан канфлікта. Што абраць: страціць гонар, але быць з каханай, ці захаваць высакароднае імя, але вечна пакутваць ад расстання? Насычаная падзеямі і прыгодамі гісторыя дваіх. Трыстан і Ізольда, 12 стагоддзе, асалода і пакуты, вернасць і здрада, рэальнасць і містыка.

Гледачоў чакаюць рэстаўрацыя традыцый, жывая музыка на старадаўніх інструментах і знакамітыя музыкі ў новай ролі!

Батлейка — народны лялечны тэатр. Зараджэнне яго ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII ст., а ўзнікненне звязана з каляднымі святамі. На тэрыторыю Беларусі батлейка трапіла з Польшчы і Украіны і атрымала распаўсюд з XVI стагоддзя. Па рэпертуары і прынцыпах увасаблення батлейкавы тэатр генетычна ўзыходзіць да заходнееўрапейскіх містэрый. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі законнікі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру. Хутка батлейку ад царкоўнікаў перанялі мяшчане і сяляне, і тэатр стаў народным, а ў рэпертуар стала ўвайшлі свецкія спектаклі.

Ініцыятыва стварэння батлейкі гурта «Стары Ольса» належыць яго заснавальніку і дудару Змітру Сасноўскаму. Гэта даўняя мара – аднавіць старадаўні варыянт батлейкі са спектаклем на сярэднявечны сюжэт, з жывой музыкай і інтэрмедыямі. Працу пачалі яшчэ ў канцы 2018 года.

У якасці тэатральнай скрыні выкарыстана старая шафа 30-х гадоў, якая аздоблена элементамі ў стылі Віленскага барока. Сцэнарыстам і рэжысёрам выступіў Зміцер Сасноўскі. Над лялькамі працавалі майстар па гістарычных касцюмах Наталля Чарнышова і Аляксандра Шангіна, дэкарацыі стваралі мастакі Яўгенія Валента, Вольга Верашчака і Арсеній Кацэла. Акторы і музыкі – гурт «Стары Ольса». Адметнасць і ўнікальнасць батлейкі гурта — жывое музычнае суправаджэнне ўсяго спектакля на старадаўніх інструментах. Музыкі выкарыстоўваюць максімальна дакладныя копіі старадаўніх інструментаў: дуда, колавая ліра, гуслі, шалмеі, сурма, рэбек, лютня, цыстра, тромбамарына, барабаны і інш.

Спектакль грунтуецца на беларускім варыянце аповесці пра рыцара Трыстана і каралеву Ізольду – «Аповесці пра Трышчана». Гэта помнік беларускай культуры XVI стагоддзя, які збярогся ў Пазнаньскім рукапісным зборніку. «Аповесць пра Трышчана» — найбольш поўны і ўнікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай кельцкай легенды, перакладзены на беларускую ў свецкім асяроддзі ў 2-й палове XVI стагоддзя з сербскай крыніцы. Ён вылучаецца творчым падыходам да тэксту і багаццем беларускай літаратурнай мовы таго часу.


batlejka_afisha-site.jpg


Прэм’ерныя паказы адбудуцца ў час вясновых школьных канікул. Спектакль разлічаны на малодшых і старэйшых школьнікаў, іх бацькоў і ўсіх цікаўных да старадаўняй культуры.



Дзе: Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (тэатральная зала)

Мінск, вул. Кірава, 16



Калі: 30 і 31 сакавіка, 2 і 4 красавіка. Сеансы: 11:00, 13:00, 15:00.



Квіткі: kvitki.by



Інфалінія: (44) 551-77-06, (29) 851-77-06




Падзея ў Вконтакте 

Падзея ў Facebook