Слухаць і чуць. Дакументальная праграма «Паўночнага ззяння-2020»

З 22 па 29 кастрычніка  Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адбудзецца ў новым  online-фармаце.  У сёлетняй праграме ўсяго 28 стужак, сярод якіх 8 фільмаў дакументальнай праграмы пра палітыку, моцных жанчын, а таксама пра адносіны чалавека і прыроды.

Дакументальная праграма «Паўночнага ззяння-2020» калі не адкажа на надзённыя пытанні, то хоця б зможа натхніць гледачоў кінафестывалю на далейшыя смелыя рухі. Менавіта пра гэта ў праграме ёсць дзве яскравыя стужкі.


Фільм «Феміністарка» зняты шведскім рэжысёрам і прадзюсарам Вiктарам Нордэншэльдам, ментарам B2B DOC, які, дарэчы, бываў у Мінску. У стужцы распавядаецца пра міністарку замежных спраў Швецыі – Маргот Вальстрэм, атрымаўшую папулярнасць за фіміністычную павестку і гуманістычны погляд на жыццё.
 
У стужцы «Брусэль» цікава раскрываецца ўнутраная кухня працы Еўрасаюзу. Чаму Брусэль такое важлівае месца? Якімі законамі там кіруюцца і як выглядаюць адносіны паміж усімі ўдзельнікамі працэсу? Прадзюсар стужкі Гінц Грубе, адзін з самых буйных і паспяховых латвійскіх прадзюсараў, калісьці працаваў над фільмам «Хронікі Мэлані», што быў у праграме фестывалю ў 2018 годзе. 

01-unnamed.png

Працягвае тэму чалавека як моцнай асобы вельмі асаблівая дацкая стужка – «Фатограф і вайна». Гэта псіхалагічны партрэт фатографа Яна Грарупа, які дакументаваў жудасці вайны ў Косава на працягу 25 год, але якому нечакана давялося сутыкнуцца з новай барацьбой унутры сябе. Здымкі Яна перамагалі на конкурсе World Press Photo, а таксама на UNICEF Children photo of the year і шматлікіх іншых буйных фатаграфічных конкурсах. 

Дакументальна-гульнявая стужка «Сезон» (Швецыя) прадзюсара Эрыка Хэмендорфа, які таксама прадзюсуе фільмы вядомага беларускаму гледачу рэжысёра Рубэна Эстлунда, атрымала спецыяльную ўзнагароду на CPH:DOX Award. Фільм заснаваны на гісторыях людзей, што жывуць у адным раёне, які становіцца кульмінацыяй і галоўным персанажам фільма. Адны з галоўных роляў выконваюць знакамітыя польскія актрысы Агнешка Падсядлік і Малгажата Шумоўская. Акрамя таго, у стужцы можна назіраць выдатную аператарскую працу – Іты Зборнец-Зайт – уладальніцы прэміі імя Свэна Нюквіста на Göteborg Film Festival.

02-unnamed.png

Літоўскі фільм Аўдруса Міцкевічуса і Нэрыюса Мілерыуса «Узорныя паводзіны» ўздымае актуальныя тэмы для постсавецкага грамадства пра пачуццё калектыўнай віны і даследуе парадокс узорных паводзін забойцаў. Стужка атрымала спецыяльную прэмію the Golden Dove на міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Лейпцыгу.
 
Сусветная прэм’ера эстонскай стужкі «Свята» пра феномен конкурсаў прыгажосці адбылася на кінафестывалі «Белыя ночы» ў Таліне, а фільм гэтага ж рэжысёра «Мурашнік» ужо ўдзельнічаў у мінулым «Паўночным ззянні». «Свята» падымае пытанні такія пытанні, як ці можа прыгажосць быць прадметам спаборніцтва і як зразумець феномен конкурсаў прыгажосці сёння. Дарэчы, фільм зкопрадзюсаваны дырэктаркай кінафестывалю Воляй Чайкоўскай.
 
Апошнія дзве стужкі з дакументальнай праграмы – сямейны фільм «Арктычныя верблюды» і назіральны «Апошняя восень» – гэта кіно пра дыялог паміж чалавекам і жывёламі, чалавекам і прыродай. 
«Арктычныя верблюды» – цудоўная сямейная кінакарціна пра тое, як нарвежская сям’я адправілася ў падарожжа па Манголіі, каб знайсці прафесійнага дрэсіроўшчыка для іх вярблюдаў.

03-unnamed.png

«Апошняя восень» – дакументальны ісландскі фільм ад жанчыны-рэжысёркі Ірсы Рока Фаннберг. У стужцы раскываецца важная і для Беларусі тэма паміраючых вёсак і апошніх жыхароў такіх забытых усімі мясцін. Сусветная прэм’ера стужкі адбылася на кінафестывалі ў Карлавых Варах. 

Глядзіце расклад дакументальнай праграмы «Паўночнага ззяння-2020» на нашым сайце. Адмылова для аматараў дакументальнага кіно мы зрабілі асобны пакет стужак, які можна набыць тут.



Ваша каманда кінафестывалю
«Паўночнае ззянне»

04-unnamed.png
05-unnamed.png