Севярынцы адчынілі беларускую хрысціянскую інтэрнэт-краму “KROPLIA.BY”

Воля і Павел Севярынцы адчынілі беларускую хрысціянскую інтэрнэт-краму “Кропля.бай”, заснаваную дзеля падтрымкі хрысціянскага інфармацыйнага парталу “Крыніца.інфа”.

У “Kroplia.by” можна набыць цішоткі, нататнікі, кубкі, завушніцы, гадзіннікі з цытатамі з Бібліі па-беларуску, вышыванкі, торбы з беларускай хрысціянскай сімволікай. Таксама “Kroplia.by” плануе прадаваць кнігі (Біблію і Новы Запавет у беларускім перакладзе, “Беларускую хрысціянскую азбуку”, “Хронікі Нарніі”, энцыклапедыю “Люблю Беларусь”, “Беларусалім” ды іншыя), і дыскі серыі “Беларускі хрысціянскі хіт”.

Аўтар ідэі, Вольга Севярынец, зарэгістраваная як індывідуальны прадпрымальнік, распавядае:

– Зараз у Беларусі амаль уся сувенірная прадукцыя і большасць кнігаў для цэркваў ідзе з Расеі, радзей з Польшчы. Беларускамоўнае даводзіцца збіраць па каліўцы. Мы вырашылі распрацоўваць адмысловы дызайн, замаўляць нашым рамеснікам аўтарскія рэчы з беларускай і хрысціянскай сімволікай, каб у вернікаў усё-такі была магчымасць выбраць сваё. Кропля камень точыць.

– Беларусі вельмі патрэбны такі хрысціянскі “Сымбаль.бай” – цэнтр дызайнерскіх распрацовак, які паспрыяе беларусізацыі цэркваў, – кажа Павел Севярынец. – Таму для нас “Kroplia.by” – хутчэй не камерцыйны, а дабрачынны праект. Менавіта праз яго мы хочам падтрымаць партал “Krynica.info”.

Наведаць новую беларускую інтэрнэт-краму можна па адрасе http://kroplia.by/