Сертыфікаваны адукатар за 6 месяцаў: Віртуальная Школа грамадзянскай адукацыі

Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы ладзіць курс для адукатараў. Падчас навучання ўдзельнікі Школы павысяць свае прафесійныя кампетэнцыі і распрацуюць уласныя адукацыйныя праграмы. Фіналісты курса атрымаюць сертыфікаты, а таксама экспертную падтрымку ў рэалізацыі сваіх мерапрыемстваў.

Выпускнікі курса будуць ведаць:

  • што такое грамадзянская адукацыя і яе функцыі;
  • як распрацаваць уласную праграму па грамадзянскай адукацыі;
  • асновы кіравання праграмамі ў сферы грамадзянскай адукацыі (PR, забеспячэнне даступнасці, падтрымка матывацыі ўдзельнікаў);
  • як ацаніць эфектыўнасць праграм грамадзянскай адукацыі;
  • гісторыю праграм па грамадзянскай адукацыі ў краіне і свеце (эфектыўнасць і карысць);
  • як спланаваць свае адукацыйныя праграмы на аснове падыходу, заснаванага на правах чалавека;
  • як уключаць розныя аспекты грамадзянскай адукацыі ў змест іншых адукацыйных праграм сваіх арганізацыій/ініцыятыў.

Трэнеры курса:

Сяргей Салей, старшыня праўлення Грамадскага аб’яднання «ВІТ». Мае 25-гадовы досвед трэнерскай працы (у тым ліку з ПРААН, Саветам Еўропы, АБСЕ, Інстытутам Рауля Валенберга). Аўтар метадычных дапаможнікаў па грамадзянскай адукацыі, асновах права і правам чалавека. Сертыфікаваны трэнер Савета Еўропы і Street Law.

Лана Руднік, журналістка, дырэктарка ўстановы Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый», адна з заснавальніц гарадзенскага «Універсітэту Залатога Веку». У якасці трэнеркі і кансультанткі працуе з 1997 года з беларускімі, замежнымі і міжнароднымі арганізацыямі (у тым ліку Міжнародная арганізацыя па міграцыі, Акадэмія Дойчэ Вэлле, DVV International і інш.). Сертыфікаваны коуч, а таксама сертыфікаваная трэнерка Curriculum Globale.

Вітаўт Руднік, старшыня праўлення ГА Цэнтр «Трэці сектар», каардынатар кааліцыі «За годнае даўгалецце». Мае больш, як дваццацігадовы досвед трэнерскай працы (у тым ліку з такімі арганізацыямі, як АБСЕ, Міжнародная арганізацыя па міграцыі, Акадэмія Дойчэ Вэлле, Counterpart Int., Беларуская асацыяцыя журналістаў і інш. Сертыфікаваны трэнер Curriculum Globale.

Да ўдзелу запрашаюцца сябры і валанцёры грамадскіх арганізацый, а таксама асобныя актывісты, якія плануюць праводзіць навучанне ў галіне грамадзянскай адукацыі.

Каб узяць удзел у курсе, запоўніце анкету-заяўку да 29 красавіка ўключна.

Вынікі адбору ўдзельнікаў будуць абвешчаны 10 мая.

Онлайн-курс будзе праводзіцца на платформе Мудл. Школа складацца з трох навучальных модуляў. У межах кожнага модуля будуць ладзіцца вечаровыя онлайн-сустрэчы ў Zoom (1,5 гадзіны кожная). Падчас навучання будзе даступна ментарская падтрымка экспертаў. Навучанне будзе займаць прыкладна 3 гадзіны на тыдзень.

Тэрміны працы Школы:

17 мая – 31 жніўня: заняткі;

1 верасня – 25 кастрычніка: рэалізацыя адукацыйных праграм, распрацаваных у межах курса;

29 кастрычніка: выпускная сустрэча.

Удзельнікі, якія па выніках курса распрацуюць і рэалізуюць уласныя адукацыйныя праграмы па грамадзянскай адукацыі, атрымаюць сертыфікаты аб паспяховым заканчэнні курса.

Дадатковыя пытанні дасылайце на скрыню adop2011info@gmail.com (з пазнакай “Школа ГА”).

Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы