Пэтсан і Фіндус – дзве новыя кнігі па-беларуску!

“Час пеўня” і “Мітусня ў агародзе” – так называюцца кнігі, якімі працягвае радаваць беларускіх дзетак ды іх бацькоў серыя “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве “Кнігазбор”. Героі Свэна Нурдквіста загаварылі па-беларуску дзякуючы феі-перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч – і цяпер практычна ўсе вядомыя казкі пра дзядка і коціка даступныя на нашай мове!

Шведскі пісьменнік і ілюстратар, творы якога сталі класікай сусветнай літаратуры, нарадзіўся ў 1946 годзе ў Хельсінборгу і на працягу ўсяго жыцця займаўся маляваннем. Працаваў архітэктарам, настаўнікам, ілюстратарам.


01-Tuppens-minut_text-BY-18.jpg


У 1983 годзе Свэн Нурдквіст перамог у конкурсе выдавецтва «Opal» на лепшую праілюстраваную кнігу. У кнізе «Блінны торт» чытачы ўпершыню пазнаёміліся са старым, якога завуць Пэтсан, і яго коцікам Фіндусам, якія пазней сталі героямі цэлай серыі.

“Пэтсан жыве на хутары з прыгожым садам, паветкай з дровамі, майстэрняй і куратнікам з дзясяткам курэй. Таксама ў Пэтсана ёсць коцік Фіндус. Калі яму больш няма чым заняцца, Фіндус дражніць ды ганяе курэй. Куры — найлепшыя сяброўкі Фіндуса. Ну, вядома, калі не лічыць Пэтсана”, — так пачынаецца казка “Час пеўня”.


02-Tuppens-minut_text-BY-6.jpg


У гэтай кнізе маленькія чытачы даведаюцца гісторыю з’яўлення на падворку Пэтсана новага жыхара – пеўня Юсі, а таксама пра тое, чаму пеўні гучна кукарэкаюць і як наладзіць сяброўства паміж птушкамі і коцікам.

Казка “Мітусня ў агародзе” распавядае пра тое, як стары Пэтсан і коцік Фіндус увесну вырашылі пасадзіць гародніну – бульбу і моркву, гарох і фасолю, а таксама… катлеткі (гэта была цудоўная ідэя коціка) – і што з гэтага ў выніку атрымалася:

— Думаю, дастаткова будзе пасадзіць пару катлетак, — прамармытаў Фіндус. — Але лепш у вазон на падваконні. Увогуле, навошта нам столькі гародніны? Няма ў ёй нічога карыснага.

Ад сёння новыя кнігі Свэна Нурдквіста даступныя ў беларускіх кнігарнях:
  • "Цэнтральная кнігарня" (пр-т Незалежнасці, 19),
  • "Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72),
  • "Кнігі і кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14),
  • "Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2),
  • "Светач" (пр-т Пераможцаў, 11),
  • "Веды" (вул. К. Маркса, 36),
  • "Галіяфы" (вул. Няміга 3, павільён 66),
  • этнакрама "Рагна" (вул. Сухая, 4),
  • крама дзіцячай кнігі "Рыжий кот" (ГЦ "Рыга", вул. Сурганава, 50),
  • ІП А. Яўдаха (Knihar Knihiby),
  • Валеры Есіпёнак (крама "Мой модны кут", ГЦ "Маскоўска-Венскі).

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"