Падтрымайце праект і замаўляйце кнігі – "Хто расце ў парку" (2016) і "Хто расце ў садзе" (2017)

"Хто расце ў парку" (2016) і "Хто расце ў садзе" (2017) - серыя пазнавальных кніг сучасных украінскіх аўтараў - пісьменніцы Кацярыны Міхаліцынай і ілюстратаркі Аксаны Булы.

Гэта маляўнічыя вызначальнікі дрэваў для маленькіх і вялікіх чытачоў. А таксама невялікія гісторыі пра сямейныя каштоўнасці : пра пошукі кагосьці роднага, пра цёплыя стасункі з бацькамі, пра каханне, спагаду, пра любоў да тых, каго ўжо няма з намі.


"Хто расце ў парку" -

кніга пра парастак, які шукае, да каго ён падобны. Парастак знаёміцца з 10 дрэвамі, дазнаецца, як яны выглядаюць, якое ў іх лісце, кветкі, кара і плады, як гуляюць з імі дзеці і ў якіх мэтах выкарыстоўваюць дарослыя. Урэшце парастак знаходзіць сваё дрэва, і разумее, што шчасце - гэта "знайсці ў гэтым свеце кагосьці падобнага да цябе"

"Хто расце ў садзе" -

кніга пра салоўку, які ўвесну прыляцеў у стары сад і шукае, дзе пабудаваць сабе гняздзечка. Гняздзечка, якое мае нагадваць салоўку пра яго бацькоў, бо тады і спеў ягоны будзе найпрыгажэйшым. Гэта кніга пра насельнікаў старога саду - садовыя дрэвы і кусты, чыя квецень упрыгожвае кожную старонкі кнігі. А таксама пра людзей, якія пасадзілі і даглядаюць гэты сад - дзядулю, бабулю і ўнучку. Пра клопат і любоў, якія не паміраюць, нават калі нехта з сям'і адлятае на нябёсы.

Што цікавага ў гэтых кнігах?

  • красамоўныя малюнкі, нездарма гэтыя кнігі называюць кнігамі-карцінкамі.
  • батанічныя апісанні, якія зацікавяць як дзяцей, так і дарослых. Ці ведаеце вы які малюнак на кары дуба? а якія навобмацак лісткі вішні? а пад якімі дрэвамі жывуць зялёныя вожыкі?
  • падказкі, як гуляць з лісцем і пладамі дрэваў. І гэта, дарэчы, выдатная нагода для дарослых узгадаць сваё дзяцінства і свае гульні
  • невялікі аб'ём тэксту не дасць занудзіцца самым маленькім слухачам
  • вялікі шрыфт, зручны для чытачоў-пачаткоўцаў
  • тэма сямейных стасункаў, вельмі цёпла і далікатна раскрытая: хто мы, да каго падобныя, што дае нам падтрымка бацькоў, як праяўляецца клопат і любоў, ці прысутнічае родны чалавек у нашым жыцці пасля сваёй смерці
  • кожная кніга - гэта запрашэнне ў падарожжа :
    • на блізкія адлегласці, бо іх можна браць з сабой на шпацыр каля дома
    • і на далёкія, бо ў кожнай кнізе сустракаецца 1 незвычайная расліна ( гінкга ў "Хто расце ў парку" і айва ў "Хто расце ў садзе"). Каб з імі пазнаёміцца, давядзецца выправіцца ў сапраўднае падарожжа, напрыклад, у Батанічны сад

Кніга "Хто расце ў парку" увайшла ў міжнародны спіс Белыя вароны ( White Ravens) 2016, куды заносяць дзіцячыя кнігі, якія маюць сусветнае значэнне. А таксама яна прызнаная лепшай украінскай кнігай для дзяцей у намінацыі "Проза для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту", паводле "Рэйтынга крытыка 2016".


Як кнігі будуць выглядаць

02-.jpg


Аўтары

03-.jpg

Перакладчык

04-.jpg

Хто выдавец?

Кнігі будуць выдадзеныя ў выдавецтве "Кнігазбор", вядомым беларускім бацькам па серыі кніг пра Пэтсана і Фіндуса, таму якасць будзе на самым высокім узроўні.


Калі кнігі будуць выдадзеныя?

Як мага хутчэй! Бо менавіта з такімі кнігамі трэба сустракаць вясну і лета!

Пераклад зроблены, макеты цалкам гатовыя да друку, з друкарняй дамоўлена. Таму, як толькі збярэцца патрэбныя сума, кнігі пойдуць у друк.

Наталля Зенька, ulej.by