Пачаўся прыём заявак на Прэмію Цёткі для ілюстратараў і пісьменнікаў

Стартуе шосты сезон Прэміі Цёткі, якая ўганароўвае найлепшыя кнігі для дзяцей і падлеткаў. На конкурс прымаюцца кнігі 2020 года, напісаныя і выдадзеныя на беларускай мове або аформленыя беларускім мастаком ці мастачкай.

Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыяхнайлепшы літаратурны твор для дзяцей і падлеткаў (гэта можа быць проза, паэзія, драматургія) і найлепшае мастацкае афармленне кнігі. Пераможцу кожнай намінацыі вызначае асобнае журы. Лаўрэаты (аўтар/аўтарка арыгінальнага беларускага твору і мастак/мастачка) атрымаюць грашовы прыз.

Каб падаць кнігу на конкурс, трэба да 30 красавіка запоўніць адмысловую форму. Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі аўтары і мастакі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.


Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі", Валер Гапееў з кнігай "Мая мілая ведзьма" і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна "Азбука. Вясёлы вулей", Вера Бурлак з кнігай вершаў "Фантазюркі" і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай "Чаму Меша не мае хаты".


Летась лаўрэаткамі сталі Зараслава Камінская з кнігай “Калядны стол” і Вераніка Шпак, якая аформіла кнігу Генадзя Аўласенкі «Як зубраня “Зубраня” наведала».