Культура як геапалітыка: вектары спадчыны Ежы Гедройца

25 верасня, 16.00. Палац мастацтва, прастора ZAL#2

Напярэдадні цырымоніі ўручэння Літаратурнай прэміі Ежы Гедройца, Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Польскі Інстытут у Мінску запрашаюць на дыскусію «Культура як геапалітыка: вектары спадчыны Ежы Гедройца».

Ураджэнец Мінска, Ежы Гедройц першым пасля ІІ сусветнай вайны абвясціў пра неабходнасць аб'яднання высілкаў Польшчы, Украіны, Літвы і Беларусі ў здабыцці незалежнасці, забыўшы тэрытарыяльныя прэтэнзіі і супольныя гістарычныя трагедыі. Дактрына Гедройца-Марашэўскага сталася адной з найбольш уплывовых канцэпцый пры фармаванні знешняй палітыкі адроджанай Польшчы. Разасобленая польская эміграцыя ў асобе Гедройца набыла лідара меркаванняў, чые выданні сталі настольнымі кнігамі для інтэлектуальнай эліты пасляваеннай Польшчы.

Як погляды Ежы Гедройца актуалізуюцца ў ХХІ стагоддзі, з якімі выклікамі сутыкаецца «дактрына Гедройца»; якою сёння, у новы інфармацыйны час, з'яўляецца функцыя тоўстага часопіса. Пра гэта і многае іншае паразмаўляюць дзеячы культуры Беларусі і Польшчы.

Удзельнічаюць:

Марцін Вайцяхоўскі, першы намеснік Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Рэсупблікі Польшча ў Беларусі.

Марыя Пшэломец, журналістка, вядоўца перадачы "Студыя Усход" на Telewizja Polska, палітычная аглядальніца па праблемах Усходняй Еўропы, аўтарка біяграфіі Юліі Цімашэнкі.

Ігар Бабкоў, празаік, паэт, філосаф, куратар "Беларускага Калегіюму", лаўрэат Прэміі Ежы Гедройца.

Таццяна Нядбай, паэтка, перакладчыца, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Барыс Пятровіч, празаік, галоўны рэдактар незалежнага часопіса "Дзеяслоў", старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Мадэратар - Андрэй Хадановіч.

Ежы Гедройц – мысляр, выбітны дзеяч польскай эміграцыі, палітолаг, шматгадовы рэдактар парыжскага часопіса «Культура», які аказаў велізарны ўплыў на фарміраванне польскага інтэлектуальнага дыскурсу другой паловы ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ў Мінску ў 1906 годзе. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, працаваў у міністэрствах сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю ў 1930-я гады. З пачаткам ІІ сусветнай вайны – на дыпламатычнай службе. Як вайсковец, удзельнічаў у баях у Лівійскай кампаніі. У 1946 годзе заснаваў выдавецтва «Instytut Literacki», што з 1947 па 2000 год выпускала ў Францыі штомесячнік «Культура», які доўгі час нелегальна распаўсюджваўся па тэрыторыі камуністычнай Польшчы. Вакол часопіса аб'ядналіся найлепшыя інтэлектуалы Польшчы і Еўропы: Чэслаў Мілаш, Вітальд Гамбровіч, Густаў Герлінг-Грудзіньскі, Сімона Вайль, Альбер Камю, Томас Эліят, Эміль Чаран. За час рэдактарства Ежы Гедройца ў кніжнай серыі «Бібліятэка «Культуры» выйшла каля 600 кніг актуальнай польскай і перакладной літаратуры. Памёр у 2000 годзе.



Шчыра запрашаем! Уваход вольны!