Кніга "Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі"

Праблема

Кніг на беларускай мове, прысьвечаных вывучэньню Бібліі вельмі мала, а па філятэліі практычна няма. Яшчэ кніга знаёміць з творамі вялікіх мастакоў.



Рашэнне

Выдаць унікальную кнігу, у якой каля 100 артыкулаў 800 ілюстрацый, дзе аўтар разважае над зьместам Бібліі і зьвяртаецца да чытача паразважаць разам.


      

Калі я бачыў помнік Францішку Скарыне ля Нацыянальнай бібліятэкі, то адчуваў, што ад яго да мяне зыходзіць нейкі сігнал. Аднойчы я зразумеў, што жыцьцёвы подзьвіг Скарыны мае дачыненьне і да мяне. Справа Скарыны была ў тым, каб як мага больш яго сапляменьнікаў змаглі вывучаць Біблію "Каб быў дасканалым Божы чалавек". Гэта словы з Бібліі Францішка Скарыны напісаныя на 19 мовах сьвету ля ўваходу ў Нацыянальную бібліятэку. А я гэтага наказу да той пары не выканаў... Я купіў Біблію ў перакладзе Сёмухі і стаў чытаць… І зразумеў, што не спраўляюся, не разумею таго, што чытаю… Тады я стаў набываць кнігі “Біблія для дзяцей”, “Біблія для юнацтва”, “Біблія ў мастацтве і… чытаць іх. Аднойчы я ўбачыў філятэлістычную выставу польскай дзяўчынкі “Кветкі і расьліны ў паэме Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Я падумаў, як жа дасканала ведае паэму гэта дзяўчынка! А калі і я такім чынам папрацую над Бібліяй: папрацую над зьместам і зраблю Філятэлістычную выставу “Біблейскія гісторыі”!

Так я з цікавасьцю і захапленьнем пачаў чытаць Біблію, знаёміўся з творамі вялікіх мастакоў на Біблейскія тэмы, шукаў адпаведныя паштовыя маркі і рабіў выставу. Усё атрымалася. Улічваючы, што ў Беларусі практычна няма літаратуры па філятэліі на беларускай мове, яшчэ напісаў каля ста артыкулаў пад агульнай назвай “Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі”, якія друкаваліся ў газэтах і на сайтах.

У кнізе прыблізна 100 артыкулаў і каля 800 ілюстрацый і яшчэ мае развагі над зьместам Бібліі. Вось прыклад такой развагі: “Самаранін лепш сьвятара і лявіта разумеў, што для выкананьня запаведзі аб літасьці няма розьніцы паміж людзьмі: усе людзі ў гэтых адносінах для нас роўныя, усе - блізкія нам. Як бачым, прыпавесьць не зусім адпавядае пытаньню законьніка. Законьнік пытаўся: «А хто мой блізкі?», а прыпавесьць вучыць не таму, каго трэба лічыць блізкім, а як самому рабіцца блізкім для кожнага чалавека, які жыве ў нястачы і патрабуе  літасьці. Адрозьненьне паміж пытаньнем кніжніка і адказам Госпада мае вялікае значэньне таму, што ў Старым Запавеце, дзеля агароджы абранага народа Божага ад благіх уплываў, усталёўваліся адрозьненьні паміж навакольнымі людзьмі, і «блізкімі» для габрэя лічыліся толькі яго суайчыньнікі і аднаверцы. Новазапаветны маральны Закон адмяняе ўсе гэтыя адрозьненьні і вучыць ужо ўсёабдымнай эвангельскай любові да ўсіх людзей. Гасподзь павучае, што кожны павінен сам зрабіць блізкім таго, хто ў ім мае патрэбу, а не пытаць, блізкі ён яму ці не: не на людзей павінна глядзець, а на сваё ўласнае сэрца, каб не было ў ім халоднасьці жраца і лявіта, а была міласэрнасьць Самараніна. Міласэрнасьць - умова атрыманьня ў спадчыну жыцьця вечнага”.

Маю выставу паглядзелі сотні людзей на Нацыянальных Філятэлістычных выставах, а так сама ў Чырвоным касьцёле, у Пакроўскім Саборы і царкве пры Каложы ў Гродне і, нават, ў Польшчы...


Маю кнігу праз сэрвіз Ridero можна набыць у любой краіне сьвету. Па гэтай спасылцы кнігу можна палістаць і пачытаць:  http://www.youblisher.com/p/2002339

Але я хачу мець папяровыя варыянты кнігі для сябе, для сваіх блізкіх і сяброў, для ўсіх, каго зацікавіць мой мэтад паралельнага вывучэньня, мае разважаньні над зьместам Бібліі, хто захоча зрабіць сваю філвыставу, або напісаць сваю кнігу і паспрыяць выкананьню наказу Скарыны: вывучаць Біблію.

talaka.org