Абвешчаны поўны спіс прэміі Арсенневай

У поўны спіс сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі ўвайшло 27 кніг.

Да ўдзелу ў конкурсе прымаліся паэтычныя кнігі на беларускай мове, выдадзеныя ў 2018 годзе. Таксама прымаліся кнігі 2017 года, пры ўмове, што яны не былі пададзеныя на прэмію ў мінулым годзе.

Сёлета на прэміі Арсенневай прадстаўлены кнігі дзевяці беларускіх і двух польскіх выдавецтваў. Лідарам па колькасці намінантаў з’яўляецца выдавецтва “Кнігазбор” — 13 кніг, выдавецтва “Галіяфы” падало 4 кнігі, “Янушкевіч” — 2 кнігі. Усе астатнія выдавецтвы: “Полацкая ляда”, “Каўчэг”, “Чатыры чвэрці”, “Медысонт”, “Брэсцкая друкарня”, “Agencja Wydawnicza Ekopress”, “Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»” і выдавец Зміцер Колас - прадстаўленыя адной кнігай.

Поўны спіс намінантаў на прэмію імя Наталлі Арсенневай:

  • Сяргей Амяльчук "Зямля, якую бяруць з сабою". Выдавецтва “Брэсцкая друкарня”, Брэст.

  • Алесь Аркуш "Возера вялікае". Выдавецкая ініцыятыва “Полацкая ляда”, Полацк.

  • Уладзімер Арлоў "Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Надзея Артымовіч "Краявід з невідочнай памылкай". Выдавецтва “Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»”, Беласток.

  • Фелікс Баторын "Яблычны пах цішыні". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Аляксей Белы "Жыві, дзе ўдосталь ветру". Выдавецтва “Каўчэг”, Мінск.

  • Вера Бурлак "Фантазюркі". Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Сяргей Ваганаў “Я веру ў цуд”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Усевалад Гарачка "Каляровыя слёзы". Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Алесь Замкоўскі "Наступны прыпынак". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Алесь Камоцкі "Не як так". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Георгій Ліхтаровіч "Санеты". Выдавецтва Змітра Коласа, Мінск.

  • Ірына Ляшкевіч "Вас я чакала". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Уладзімір Мароз "Выбранае" ў 3-х тамах, том 1 "Другога не дадзена". Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Марыя Мартысевіч "Сарматыя". Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

  • Кацярына Масэ "Беланоч". Выдавецтва “Чатыры чвэрці”, Мінск.

  • Алег Мінкін "Мяне тут не было". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Пётра Мурзёнак "Колеры". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Уладзімір Папковіч "Зазімак". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Мікола Пракаповіч "Прытулак памяці". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Людка Сільнова "Матылёк на кары дрэва". Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

  • Павел Сім "Вір". Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Галіна Сіўчанка "Зоў звычаю". Выдавецтва “Медысонт”, Мінск

  • Уладзімір Сцяпан "Папяровая шапка". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Віктар Сямашка "Ромб". Выдавецтва “Agencja Wydawnicza Ekopress”, Беласток.

  • Святлана Явар "Дзівосны сад". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Віктар Ярац "Зямныя эцюды". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Кнігі Кацярыны Масэ “Беланоч” і Людкі Сільновай “Матылёк на кары дрэва” былі выдадзеныя ў 2017 годзе, але не падаваліся на мінулую прэмію, таму маюць права быць намінаванымі сёлета. Рашэнне дапусціць да ўдзелу ў прэміі кнігі Сяргея Ваганава “Я веру ў цуд” і Алега Мінкіна “Мяне тут не было” было прынята Аргкамітэтам прэміі (сябры журы не прыйшлі да згоды ў дадзеным пытанні).

У журы прэміі Наталлі Арсенневай сёлета ўвайшлі: паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская, літаратуразнаўца і доктар філалагічных навук Анжэла Мельнікава, паэтка і бард Лера Сом, паэт і арганізатар літаратурных мерапрыемстваў Дзмітрый Строцаў.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове. Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН-цэнтр https://pen-centre.by/, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” https://lit-bel.org/ і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” https://zbsb.org/. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы” і Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае”.

Сачыце за навінамі прэміі праз суполку на Facebook https://www.facebook.com/paezija.

Беларускі ПЭН-Цэнтр