Абвешчана журы Прэміі Ежы Гедройца

Аргкамітэт Прэміі Гедройца, у які сёлета ўваходзяць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, старшыня Саюза беларускіх пісьменікаў Барыс Пятровіч і паэт Андрэй Хадановіч, абвесціў склад журы новага сезону.

Такім чынам, сябрамі журы Прэміі Гедройца новага сезону сталі: 

Пятро Васючэнка, пісьменнік, літаратуразнаўца
Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст
Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў
Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца
Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца
Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў
Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца

“Падбіраючы журы, мы зыходзілі з таго, каб кандыдаты (нават калі яны самі літаратары), мелі досвед крытычнай, літаратуразнаўчай, даследчыцкай працы з тэкстамі, а таксама мелі магчымасць прачытаць усе кнігі, заяўленыя на прэмію за дастаткова кароткі тэрмін. Такі падыход практыкаваўся летась, і думаю, гэта быў паспяховы эксперымент” — адзначыла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.

Нагадваем, што прыём заявак сёлета працягваецца да 14 чэрвеня ўключна, а цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 25 верасня ў прасторы ZALA#2, што ў менскім Палацы мастацтваў.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, "Завяршыць гештальт" (2016), Зміцер Бартосік, "Быў у пана верабейка гаварушчы" (2017), Уладзімір Арлоў, "Танцы над горадам" (2018).

lit-bel.org