Абвешчана журы прэміі Арсенневай. Працягваецца прыём заявак

Сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную паэтычную кнігу.


Склад журы:
Дзмітры Строцаў - паэт, стваральнік альманаху “Минская школа”, арганізатар літаратурных мерапрыемстваў;
Лера Сом - паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры;
Анжэла Мельнікава - літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца;
Міхаіл Бараноўскі - паэт, загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча;
Марыяна Кіяноўская - паэтка, перакладчыца, крытык, літаратуразнаўца.


Прыём заявак доўжыцца да 14 чэрвеня. Каб падаць заяўку, запоўніце форму: https://tinyurl.com/yxf6qepj. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906).

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.

У 2018 годзе прэмію атрымаў Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў https://lit-bel.org/, Беларускі ПЭН-цэнтр https://pen-centre.by і Згуртаванне “Бацькаўшчына” https://zbsb.org/. Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook https://www.facebook.com/paezija/.

“Беларускі ПЭН-Цэнтр”