9 ліпеня – Фотавыстава “Курапаты, Дзяды-1989” ў Мінску

Фотавыстава “Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты” адчыніцца ў Менску 9 ліпеня.

Змаганне за праўду пра Курапаты працягваецца ўжо больш за трыццаць гадоў.


01-braty2.jpg

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Шэсце ад Усходніх могілак да ўрочышча Курапаты. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў.


29 кастрычніка на Дзяды 1989 году ў Мінску тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першыя крыжы, цэнтральны з якіх назвалі Крыж Пакуты.

Многія людзі, якія бралі ўдзел 29 кастрычніка 1989 года ў масавым шэсці да Курапатаў, у далейшым адыгралі выключна важную ролю ў станаўленні Беларусі як незалежнай дзяржавы.


02-kur36.jpg

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Курапаты. Мая Кляшторная, святар Аляксей Шынкевіч, Зянон Пазняк. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў.


Аўтар фотаздымкаў – Уладзімір Сапагоў (1952 – 2012), беларускі фатограф. у 80-я гады ХХ стагоддзя – удзельнік моладзевага дэмакратычнага руху, які выступаў за Незалежнасць Беларусі.

У 1998-2000 гадах Уладзімір Сапагоў супрацоўнічаў з выданнем Праваабарончага цэнтру “Вясна” – «Права на Волю”. Уладзімір Сапагоў – сірата, выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Берэсці, вучыўся ў Маскве. Жыў у інтэрнаце Менскага трактарнага заводу. Пасля смерці Уладзіміра Сапагова прадстаўнікі адміністрацыі інтэрната выкінулі на сметнік арыгіналы фотаздымкаў. Сябар фатографа, Міхаіл Мякіш, уратаваў негатывы.


03-kur61.jpg

Дзяды, 29 кастрычніка 1989 году. Першыя стыхійныя ўшанаванні расстрэльных ямаў у Курапатах. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў.


Выстава адчыніцца 9 ліпеня, у 18.00 на адукацыйнай пляцоўцы Тэрыторыя правоў, Мінс, вуліца. Ложынская, памяшканне 404 (Станцыя метро Уручча).

“Беларускае Радыё Рацыя”