7–13 красавіка – Анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs-2020

Трэці анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs, які пройдзе з 7 па 13 красавіка 2020 года, абвяшчае сваю праграму. За фестывальны тыдзень можна будзе ўбачыць сем адметных фільмаў сямі беларускіх аўтараў, не выходзячы з дому. Кожны з фільмаў фестывалю будзе даступны для анлайн-прагляду на працягу 24 гадзін з англійскімі субцітрамі на сайце belarusdocs.com.


BelarusDocs-2020_lite.jpg


Трэці анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs, які пройдзе з 7 па 13 красавіка 2020 года, абвяшчае сваю праграму. За фестывальны тыдзень можна будзе ўбачыць сем адметных фільмаў сямі беларускіх аўтараў, не выходзячы з дому. Кожны з фільмаў фестывалю будзе даступны для анлайн-прагляду на працягу 24 гадзін з англійскімі субцітрамі на сайце belarusdocs.com.

Прызнанне беларускага дакументальнага кіно ў прафесійным асяроддзі кінематаграфістаў не выклікае сумневаў. Толькі за 2018-2019 гады беларускія фільмы атрымалі ўзнагароды на вядучых фестывалях дакументальнага кіно свету – Амстэрдамскім IDFA, Кракаўскім кінафэстывалі, кінафестывалі Go East у Нямеччыне, Артдокфэсце (Масква), але ўбачыць гэтыя фільмы жыхарам Беларусі амаль немагчыма. Анлайн-фестываль BelarusDocs робіць найлепшае беларускае кіно даступным для кожнага.

Анлайн-фестываль BelarusDocs – гэта біенале актуальнага беларускага дакументальнага кіно. Папярэднія фестывалі з поспехам праходзілі ў 2016 і 2018 гадах на пляцоўцы tut.by. Праграма BelarusDocs фармуецца з фільмаў, якія адлюстроўваюць важныя для беларускага грамадства тэмы, маюць мастацкія якасці і зазвычай – добрую фестывальную гісторыю.

У праграму ўвайшлі 7 фільмаў. Прыводзім іх разам з датамі паказу і апісаннем:



7 красавіка – “Трэнер” (2019; рэжысёр – Вольга Абрамчык)

Фільм-удзельнік фестываляў “Docudays UA” (Кіеў), “Артдокфэст” (Масква) і “Лістапад” (Мінск)

Алег Кірылаў – трэнер зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе. Яго падапечныя – невідушчыя. У кожнага свая гісторыя, свой шлях у вялікі спорт, але сёння перад імі стаіць агульная задача – перамагчы.



8 красавіка – “Дэбют” (2017; рэжысёр – Настасся Мірашнічэнка)

Фільм-прэтэндэнт на Оскар-2019 ад Беларусі, удзельнік IDFA (Амстэрдам), лаўрэат Кракаўскага кінафестываля

У папраўчай калоніі ў цэнтры Гомеля адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. Сюды трапляюць толькі тыя, хто парушыў закон ўпершыню. Не страціць сябе дапамагаюць толькі рэпетыцыі турэмнага тэатра...



9 красавіка – “Лебедзі” (2018; рэжысёр – Галіна Адамовіч)

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік “Артдокфэста” (Масква)

“Лебедзі” - працоўны пазыўны хуткай дапамогі ў Светлагорску. Менавіта яны першымі сутыкаюцца з раптоўнымі захворваннямі, няшчаснымі выпадкамі і траўмамі...



10 красавіка – “Перазімаваць” (2017; рэжысёр – Ева-Кацярына Махава)

Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), намінант на прэмію “Лаўр”

Беларусь, Вілейскі раён Мінскай вобласці. Самотныя старыя вяскоўцы ад’яжджаюць на зіму ў дом сезоннага пражывання. Кожны з іх мае свой уклад, свой жыццёвы вопыт, але зімаваць трэба разам. Дні цягнуцца ў хваробах, размовах, успамінах, сумесных тэлепраглядах… Пасярод зімы прыяжджае новы жыхар, і атмасфера ў доме змяняецца.



11 красавіка – “Цар гары” (2017; рэжысёр – Андрэй Куціла)

Фільм-удзельнік фестываляў “Артдокфэст”(Масква) і “Лістапад” (Мінск), пераможца фестываля “Golden Beggar” (Кошыцэ, Славакія)

Беларускі відэаблогер і малады селянін Сямён, праваслаўны вернік, заўсёды меў філасофскія думкі пра жыццё, захапляўся матухнай-прыродай ды дзяліўся гэтым з усім светам. Ужо пяць гадоў ён з жонкаю і двума сынамі жыве ў вёсцы, гадуе авечак. Здавалася б, радаснаму, гарманічнаму існаванню ў глушы нічога не можа перашкодзіць…



12 красавіка – “Фальклор і жыццё” (2020; рэжысёр – Юрый Цімафееў)

Нацыянальная прэм’ера фільма

Фальклор з’яўляецца адлюстраваннем чалавечага існавання, толькі ў вобразнай, метафарычнай форме. Не выключэнне тут і эратычны складнік жыцця. Абрады з эратычным падтэкстам у нашым продкаў былі падрыхтаваны да кожнага свята і цесна знітаваны з паняццем урадлівасці…



13 красавіка – “Полацкі вальс” (2019; рэжысёр – Вольга Дашук)

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік міжнародных кінафестываляў

Васілю Граноўскаму 58 год. Ён жыве ў вёсцы і кіруе мясцовым хорам, усе спевакі ў якім старыя. Гармонік Васі таксама стары, у ім бракуе некалькі клавіш. Васева машына, у якой ён звычайна возіць сваіх артыстаў, не зусім спраўная і не заўсёды заводзіцца.



У гэтым годзе анлайн-фестываль ўпершыню абвяшчае нефармальную ўзнагароду лепшаму фільму, выбранаму праз галасаванне гледачоў – "Прыз глядацкіх сімпатый". Сябрам журы можа стаць кожны: дастаткова запоўніць анкету па спасылцы: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSdyIculo8R9ofVZAsgSZqc8sxevfiZ3tJOZ_rXQ2--ZHOo4YQ/viewform?usp=sf_link, паглядзець усе фільмы праграмы і ацаніць іх.

Анлайн-фестываль BelarusDocs – некамерцыйны праект, існаванне якога можна падтрымаць на краўдфандынгавай пляцоўцы Талака (https://www.talaka.org/projects/3411/fund).

Падпісвайцеся на нас у сацыяльных сетках, каб быць у курсе падзей у беларускім дакументальным кіно:

Facebook: https://www.facebook.com/belarusdocs

Telegram: https://t.me/belarusdocs

Вконтакте: https://vk.com/belarusdocs

Наш сайт - belarusdocs.com



Візуальныя матэрыялы (кадры з фільмаў праграмы, лагатыпы, афіша фестывалю) даступны па спасылцы – https://drive.google.com/open?id=15AFcbEuaDArA2gh2_XZSnOFB-c0-EG0f



Кантакты:

Куратар анлайн-фестываля BelarusDocs

Алесь Лапо

+375296512981

belarusdocs@gmail.com

https://www.facebook.com/aleslapo